Выбрать главу

Паручнік Стахееў, напіўшыся, крычаў у афіцэрскім бліндажы:

— Што ж, калі не атрымаецца, загінем як героі. Няхай пераходзяць у наступленне немцы. Трэба, як кажуць маракі, адчыніць кінгстоны, і пруская вада затопіць гэты вар'яцкі карабель.

Але «карабель» не хацеў ісці на дно. Новыя лоцманы былі ўжо ў яго, новыя капітаны.

Кузьма адразу ж трапіў на ротны мітынг.

— Не пойдзем у бой. Хай ідуць афіцэры, — стомлена і злосна гаварыў Бугроў, нізкарослы белабрысы салдацік. Ён стаяў на скрынцы з-пад снарадаў, у расхрыстаным, заляпаным рудой гразёю шынялі і раз-пораз, не хаваючыся і не саромеючыся, тонкай бруднай рукой чухаў сабе то грудзі, то галаву. Салдаты стаялі і сядзелі наўкола, курылі, грызлі сухары, чысцілі вінтоўкі, сушылі анучы і падтрымлівалі Бугрова крыкамі:

— Правільна!

— Хай ваююць афіцэры!

— Хопіць ім віно жэрці!

— Дадому хочам!

Жабрэеў, разгублены і раззлаваны, таксама быў на мітынгу, усё парываўся нешта сказаць, але ніхто не слухаў яго, усе незадаволена, пагрозна гулі і нават шкуматнулі яго за крысо шыняля, калі ён хацеў пасля Бугрова ўзлезці на скрынку з-пад снарадаў.

— Здароў, беларус, — крыкнуў Кузьме Пчалаводаў. — Ідзі да нас!

Кузьма праціснуўся да Пчалаводава, паздароўкаўся з ім, з Юшковым, з Лусковічам, з усімі, хто быў побач. Зноў нешта зазвінела, заспявала ў ягонай душы. Ён быў сярод сваіх, быў такі ж, як і ўсе, нібы колас у жытнёвым полі, ён любіў гэтых няўклюдных, брудных, пракопчаных парахавым дымам людзей, ён хацеў зрабіць для іх нешта незвычайнае, добрае, і ён таксама закрычаў:

— Не пойдзем у бой!

Яму ўсміхаліся, пачалі ляпаць яго па плячах, па спіне. І тут Жабрэеў усё-ткі ўскочыў на скрынку з-пад снарадаў, кінуў у натоўп нервовыя ўзбуджаныя словы:

— Мы — дысцыплінаваная армія свабоднага народа! Не паддадзімся ж правакатарам!

— Прэч, гніда! — крыкнуў Юшкоў і стукнуў яго кулаком у твар.

Жабрэеў закрыўся рукамі, упаў у натоўп, нібы пераламаўшыся ў паясніцы.

— Пойдзем у першую роту! Яны таксама за нас! — закрычалі наўкола.

Пад вечар узбунтаваўся амаль увесь полк. Афіцэры на чале з палкоўнікам Талубко пахаваліся хто куды, як мышы. Казалі, што паручнік Стахееў застрэліўся.

— Жывём, брат Кузьма, — весела гаварыў Юшкоў. Ён нафабрыў свае доўгія вусы, аж да сінявы пагаліўся. Потым пайшоў у апусцелы афіцэрскі бліндаж, знайшоў там чырвоны абрус, зрабіў з яго сцяг і напісаў на ім вялікімі літарамі:

«Мір і свабода».

Раніцой дзвюма калонамі рушылі ў бок станцыі Замір’е. Праўда, спачатку некаторыя гарачыя галовы заклікалі ўсіх ісці на Нясвіж і падправіць, як яны казалі, мазгі пацукам са штаба арміі, але большасць была за тое, каб прабіцца да станцыі, захапіць там які-небудзь эшалон і ехаць на ўсход, далей ад фронту.

Балоцістыя туманныя лугі толькі пачынала залаціць сваімі промнямі сонца. Вада хлюпала пад нагамі, апырсквала калені. Кузьма ішоў побач з Пчалаводавым і Лусковічам. Трохі наперадзе, горда ўзняўшы свой самаробны сцяг, крочыў Юшкоў. Як заўсёды, за плячо ў яго быў закінуты гармонік.

— Наш Іван як на свята выбраўся, — сказаў Пчалаводаў.

— Чым жа не свята, дзядзька Ягор? — весела глянуў на яго Кузьма. — Вайну скончылі. У акопы нас цяпер не загоніш.

— Эге-ге, брат, ці скончылі яшчэ? А як скончыцца яна, праклятая, пайду куды-небудзь у скіт. У нас на Тагіл-рацэ тайга непралазная, дрымучая. Цішыні мне хочацца. Каб толькі лес, ды рэчачка, ды неба. Сонца чырвонае ўстане, птушкі запяюць, звяры да мяне прыбягуць. Звер хоць дзікі, а ласку разумее. А ў тайзе крыніцы б'юць сцюдзёныя. Глынеш такой вады, і душой падабрэеш, целам моцны зробішся. Чаго тайгі баяцца? Ліхі чалавек за звера і за тайгу страшнейшы...

— Ці не рана ты ў манахі запісваешся, Ягор? — пачуўшы словы Пчалаводава, трохі збавіў крок Юшкоў. — А хто ж даўгі з паноў-афіцэраў ды з буржуяў спаганяць будзе?

— Ты спагоніш, Іван, — спакойна, з ціхай усмешкай адказаў Пчалаводаў. — Ты маладзейшы. І Кузьма паможа. А мне нічога ад іх не трэба, бог з імі. Мне б сваю тайгу яшчэ разок пабачыць...

Каля вёскі Пагулянка ў белаватым ранішнім тумане наткнуліся на Казакаў. Казакі былі спешаныя, ляжалі за «максімамі», перагарадзіўшы дарогу; чакалі. Вырашылі па балоце абысці вёску з усходу, але і там, на сухім беразе, чарнеліся маўклівыя ланцугі пяхоты. Трывожны халадок пабег па спінах. Ірвануліся былі, наставіўшы штыкі, уперад, але чэргі «максімаў» прымусілі ўсіх уткнуцца тварамі ў балотную твань.

— Цю-цю, — прысвіснуў Юшкоў, — здаецца, мы, як зайцы, у сіло трапілі. Вось табе і — гаварыла баба дзеду: я ў Амерыку паеду... Назад трэба ехаць, хлопцы...