Выбрать главу

У ранішнім мораку кулямёты расплёсквалі яркае вузкае полымя. Да Кузьмы падпоўз Лусковіч, мокры, з зялёнай тванню на барадзе і шчацэ, сказаў, бялеючы:

— Слухай, братка, заб'юць мяне...

— Ды ты што? Дробным макам пачаў...

— Не смейся. Не выйсці мне ўжо жывым з гэтага балота. — Лусковіч прагна каўтнуў паветра, выцер рукавом шчаку. — Як хто шэпча на вуха... Слухай — будзеш у Мінску, забяжы да жонкі маёй. Яна на вуліцы Багадзельнай жыве, барак нумар сем. Праскоўя Сямёнаўна. Там пакажуць. — Ён слаба ўсміхнуўся. — Гэтыя ж мінскія агітатары ніякая мне не радня былі. Праскоўя мой адрас ім сказала...

— Кінь ты хаваць сам сябе, — аж замахнуўся на яго Кузьма. — Сам да жонкі сваёй з'ездзіш...

— Заб'юць мяне, — уткнуўся тварам у купіну, уздрыгнуў худой спінай Лусковіч.

— Пераначуем — болей пачуем, — зноў спрабаваў суцешыць яго Кузьма, але ў гэты час над балотам пачала суха лопацца шрапнель, нібы падзьмуў гарачы вогненны вецер.

— Гады! З гармат па сваіх лупяць, — махнуў чорным кулаком у бок берага Юшкоў. — Бі Іван Івана!

Ён смачна вылаяўся, сеў на купіну, паклаў побач гармонік, сцягнуў боты і пачаў пераабувацца.

— Чаго ты рассеўся, дурань?! — крыкнуў яму, вытыркнуўшы галаву з-за альховага пня, Пчалаводаў. — На той свет захацеў?

— На той свет рана, а пераабуцца трэба, — спакойна круціў у руках анучу Юшкоў. — Нешта ў бот трапіла. А ісці ж яшчэ, зямеля, далёка. Можа, да самай Сібіры.

Зноў полк ірвануўся да Пагулянкі, але і тут сустрэлі кулямётнымі чэргамі і шрапнеллю.

— Там, відаць, цэлы марцірны дывізіён стаіць, — хмурна сказаў Юшкоў.

На ўскраіну вёскі выскачыў на рыжым кані афіцэр, махнуў нечым белым, крыкнуў:

— Здавайцеся, а то ўсіх пастраляем!

Вецер узвіваў за яго спінаю башлык.

Выходзілі з балота мокрыя, брудныя, маўклівыя. У каго была зброя, кідаў яе ў дарожны пыл каля крайняй хаты. Некаторыя ішлі, узняўшы ўверх рукі.

Кузьма бачыў, як запіхвае за пазуху Юшкоў чырвоную матэрыю, — сцяг. Гармоніка на плячы няма, пэўна, згубіў у балоце.

Усіх пастроілі на вясковым выгане, дзе блішчалі невялічкія лужыны і густа ляжаў конскі і кароўскі кал.

«Напэўна, пастраляюць», — млява падумаў Кузьма і глянуў на неба. Там плылі халодныя, ужо восеньскія хмары. Успыхвала на сонцы павуцінне, ляцела некуды далёка-далёка. Казакі і апалчэнцы — «крыжаносцы» хадзілі ўздоўж шарэнгі бяззбройных, усміхаліся.

— Зараз з вас бальшавіцкую кроў будуць выціскаць...

Прыкладна праз гадзіну, калі ў Кузьмы ўжо здранцвелі ногі, на выган прыехала купка конных — нейкае начальства, — а за ёю аўтамабіль. З аўтамабіля выйшаў высокі сівы генерал, прайшоўся ўздоўж шарэнгі, гледзячы кожнаму ў вочы халодным пранізлівым паглядам, плюнуў сабе пад ногі, ні слова не кажучы, завярнуўся, сеў у аўтамабіль і паехаў.

Сярод конных Кузьма пазнаў палкоўніка Талубко, штабс-капітана Кукаверава, паручніка Стахеева — не застрэліўся ўсё-такі! — і... Галасоўскую. На ёй быў шэры дарожны касцюм, шапачка пад вуаллю, на руках — доўгія лайкавыя пальчаткі. Ён адчуў, як слаба ўздрыгнула сэрца.

Між тым паручнік Стахееў, як заўсёды, зграбны і прыгожы, звярнуўся да палкоўніка Талубко:

— Можна пачынаць, Генрых Іванавіч?

Палкоўнік толькі махнуў рукою — маўляў, пачынайце. Яму не хацелася дарэмна траціць слоў, — рассыпаць бісер перад свіннямі. Такая чорная няўдзячнасць! Ён, палкоўнік Талубко, лічыў сябе знаўцам салдацкай душы, бацькам салдат, пераемнікам сувораўскіх традыцый у арміі, а яны, неразумнае дзікае быдла, плюнулі яму проста ў твар. Палкоўнікавы вочы камянелі ад гневу.

— Вы прымалі прысягу Часоваму ўраду? — ціха спытаўся ў палонных Стахееў. Яму не трэба было павышаць голасу, бо мёртвая цішыня стаяла над выганам. Колькі імгненняў усе маўчалі, потым з шарэнгі нястройна пачулася:

— Прымалі...

— Згодна загаду № 25 ваеннага міністра Керанскага за здраду айчыне вас усіх трэба расстраляць. Усіх да аднаго! — прыгажун паручнік адчуў, як цёплая хваля гневу, высакароднага панскага гневу, пачынае прыемна затуманьваць мазгі і сэрца. Яны, гэтыя смярдзючыя хлопы, былі ў яго поўнай панскай уладзе. Ён мог іх караць, мог адным рухам пальца адбіраць у іх паганыя жыцці.

— Выдайце завадатараў, мярзотнікі! — У ягоным голасе ўжо зазвінеў метал.

Але ніхто не варухнуўся. Салдаты, — не проста стомленыя, мокрыя, галодныя людзі, у якіх недзе былі сем'і, жонкі, дзеці, якіх нехта недзе чакаў, — маўчалі і глядзелі на ружовашчокага прыгожага паручніка.

гэтым маўчанні пакуль што не было для паручніка ніякай пагрозы — хто ж бяззбройны палезе на штыкі? — але ў ім была сіла, маўклівая, суровая. І паручнік адчуў гэта. Ён нервова выхапіў з кабура пісталеце, страсянуў ім: