— Апошні раз пытаюся: хто завадатары?
І тут цішыню парушыў такі нязвычны для гэтага месца і гэтай сітуацыі голас, жаночы голас:
— Я памагу ім. Можа, іх проста ўвялі ў зман нядобрыя людзі...
Галасоўская дастала з кішэні невялічкі блакноцік, трохі пагартала яго:
— У нашым палку знайшліся грамадзяне воіны, якія замест таго, каб старанна, як належыць, несці службу, чыталі бальшавіцкія газеты. Гэтай атрутай яны карысталіся не толькі самі, але і перадавалі яе іншым...
Яна рэзка ўзняла галаву, твар быў бледны.
— Пчалаводаў... Беламесных... Юшкоў... Лусковіч...
Словы важка падалі ў цішыню, а Кузьме здавалася — кожнае прозвішча — гэта ўдар малатка, што забівае яму ў скроні гарачыя вострыя цвікі. «Гэта нейкі сон... Можа, я ў балоце схапіў гарачку...» — думалася яму. Але было неба, халоднае, брудна-шэрае, быў Стахееў з прыгожымі чорнымі бровамі, якія нервова варушыліся, трапяталі, быццам ластаўчына крылле, была Галасоўская з белым, як крэйда, тварам; з шарэнгі пакорна выходзілі салдаты — вунь выйшаў Беламесных; быў мокры зялёны выган, на які яму чамусьці так захацелася сесці.
— Лусковіч! — крыкнуў Стахееў. — Чаму не выходзіш, сукін сын?
— У балоце ён, — ціха і нясмела сказаў нехта. — Забіла...
«Лусковіча забіла... — абыякава, як сонны, падумаў Кузьма. — Чуў сваю смерць...»
І яму так выразна, так балюча ўявілася балота, мяккія пляскатыя купіны, на адной ляжыць Лусковіч — худы, сіні, з перакошаным тварам, у ноздры і ў рот уліваецца рудая балотная вада.
«Я іх выдаў, — раптам падумаў, быццам успомніў нешта страшнае, Кузьма. — Я... Я сказаў ёй...»
Рукі і ногі рабіліся лёгкімі, бязважкімі, быццам толькі што ён выйшаў з лазні, з густой пякучай пары, і спінай яшчэ адчувае гарачую пругкасць шорсткага бярозавага веніка. Чамусьці пацяплела над левым брывом, нібы прыліп лісцік ад веніка.
Ён выйшаў з шарэнгі, пайшоў па бліскучай слізкай траве.
— Ты куды? — Вочы ў штабс-капітана Кукаверава былі, як маленькія блакітныя гузічкі з жаночай кашулі.
— Я з імі.
Ён ішоў да сваіх сяброў і не глядзеў на яе, але шчакой, скроняю адчуваў яе пагляд.
Казакі выпіхнулі з шарэнгі Бугрова, Івана Лешчанку, яшчэ некалькі незнаёмых Кузьме салдат з іншых ротаў. Білі іх прыкладамі, цемлякамі шашак. Стахееў раптам падскочыў да Юшкова, ірвануў у яго з-за пазухі сцяг:
— Ах ты, мурло чырвонае! Усыпаць яму шампалоў!
Казакі заламалі Юшкову рукі за спіну, павалілі на зямлю, загарнулі яго ў сцяг.
— Біце! — прыжмурваючы вочы, крычаў Стахееў. — Паглядзім, што чырванейшае: сцяг ці бандыцкая кроў?..
Тонка засвісталі шомпалы. Юшкоў круціўся па зямлі, крактаў і пляваўся.
— Ваша благароддзе! — памкнуўся да паручніка Пчалаводаў: — Навошта ж чалавека так калечыць?
— Ты... — аж падскочыў Стахееў. — Стары сабака... Ты іх вучыў!
Ён вырваў у казака бізун, пачаў біць Пчалаводава па плячах, па галаве. Пчалаводаў адводзіў рукамі ўдары бізуна ад вачэй, сказаў:
— Мяне б'еш, а богу баліць...
— Твой бог Ленін. — Стахееў яшчэ больш раз'юшыўся, вось-вось пырсне з рота пена.
— Цьфу на цябе, погань, — не вытрымаў Пчалаводаў, перахапіў у паветры бізун, вырваў яго з рук разгубленага Стахеева і ўдарыў яго па твары.
Чырвоны рубец адразу ўспыхнуў на белай шчацэ.
— Баліць? — спытаўся ў паручніка Пчалаводаў і, размахнуўшыся, далёка шпурнуў бізун у балота.
Стахееў скрывіўся ад болю, схапіўся адной рукой за шчаку, другой узняў свой пісталецік, не цэлячыся, стрэліў.
Увесь гэты час Кузьма быў у нейкім здранцвенні.
Яго мала цікавіла тое, што адбываецца наўкола. Казакі, салдаты, Стахееў, Галасоўская — усё здавалася нерэальным, усё злівалася ў адно, у нешта туманнае, невыразнае, далёкае. Пасярод гэтага туману заставалася толькі адна думка, пранізлівая, як успышка маланкі: «Гэта я вінаваты...» У ёй ён знаходзіў нейкую палёгку, суцяшэнне, яна ахалоджвала душу, бо душа — як любіў казаць Пчалаводаў — была ў сіняках.
Зараз Пчалаводаў, раскінуўшы рукі, падкурчыўшы пад сябе левую нагу, ляжаў на траве, і вочы ў яго шклянелі, на твары заставалася здзіўленне, але і яно паступова сціралася, памірала. Ён быццам прыслухоўваўся да нечага далёкага; можа, чуў шум сваёй тайгі, да якой так і не дайшоў. Паручнік Стахееў, не зводзячы з яго вачэй, паволі адступаў назад, доўгімі белымі пальцамі, якія дрыжалі, зашпільваў кабур. Шарэнга арыштаваных зламалася. Яны грудзьмі напіралі на штыкі канвою, плявалі ў бок афіцэраў, крычалі: