— Звяры!
— Усіх страляйце!
Разгублены канвой, выставіўшы ўперад штыкі, адступаў. Палкоўнік Талубко, нервова выціраючы насоўкай лысіну, гаварыў Стахееву:
— Дурань жа ты, брацец... Дурань... Штабс-капітан, — павярнуўся ён да Кукаверава, — будзьце хоць вы мужчынам. Гэтых бальшавіцкіх падпявалаў запрыце ў халодную, у які-небудзь хлеў. Разбярэмся з імі. А астатніх, як можна хутчэй, ганіце ў Нясвіж, калі не хочаце сёння ж трапіць у рай.
Кузьму, Юшкова, Бугрова, Беламесных і яшчэ чалавек пяць загналі ў вялікае цёмнае гумно, з патрэсканым гліняным токам. Гумно было пустое, халоднае. Высока ўверсе на сохах ляпіліся старыя гнёзды ластавак. Каля дзвярэй была салома. Юшкоў лёг на яе, стагнаў, мацюкаўся, гаварыў, сіпла дыхаючы:
— Такога чалавека кокнулі! Эх, Пчалаводыч... Ну, добра ж, і вам давядзецца крывёй спаласнуцца.
Кузьма сеў каля сцяны, прысланіўся спінаю да цвёрдых чорных бярвенняў, глядзеў уверх, на страху. Праз дзірку ў страсе ліўся агніста-чырвоны прамень сонца, тонкі і востры, як іголка. Дзве смерці за дзень: Пчалаводаў і Лусковіч. І нікога нават не пахавалі па-людску, і невядома, хто іх пахавае, дзе будуць іхнія магілы. Успамінаўся твар Пчалаводава, яго словы, яго вялікія добрыя рукі. Не верылася, што ніколі гэтага ўжо не будзе. Будуць вёсны, зімы, дажджы, снягі, будзе грымець гром над зялёнай зямлёю, а Пчалаводава не будзе. Яшчэ адзін твар — Галасоўскай — выплыў раптам у памяці, але Кузьма адразу ж, з гідлівай помслівасцю, прагнаў яго. Так ірвуць на дробныя кавалачкі і потым спальваюць фотакарткі.
З другога кута гумна гаварыў Бугроў, узбуджана, захліпіста:
— Не бойцеся, хлопцы. Канчаецца іхняе царства.
Нехта цяжка, з прысвістам, кашляў. Кузьма ўстаў, трымаючыся рукамі за бярвенні, пайшоў уздоўж сцяны. На пальцы наліпала сухое павуцінне. У адным месцы, там, дзе ў бервяне была вялікая шчыліна, убачыў, як снуе павучок кросны. Штосьці раптам заныла ў грудзях. Захацелася сціснуцца ў камяк, схавацца ад гэтага страшнага крывавага свету, зрабіцца павучком, маленькім, шэрым, непрыкметным.
VI
З-за высокай цаглянай сцяны была відаць верхавіна маладзенькай ліпы. Восеньскія халады ўжо абпалілі на ёй лісце: жаўтлявае, бурае, мёртвае, яно слаба трапяталася на тоненькіх карычневых галінках. Вось-вось сарвецца, трохі пакружыцца і ўпадзе пад бліскучыя боты турэмнага наглядчыка. Наглядчык, высокі, ледзь не сажань ростам, касцісты, з бледным, сонным тварам флегматыка, з ключамі ад камер і свістком на поясе, стаяў, прыхіліўшыся да сцяны, і грыз гарбузікі. Рабіў гэта ён вельмі сур'ёзна, з усведамленнем уласнай годнасці. Падкіне на далоні гарбузік, прыжмурыць вока, р-раз! — кінуў гарбузік у рот, спаймаў яго зубамі, потым — хрусь! хрусь! — раскусіў і выплёўвае, з прысвістам, белыя шалупкі. Шалупкі ляцелі далёка, падалі ў лужыну.
Зняволеныя працавалі на турэмным двары. Начальства вырашыла зрабіць сцяну вышэйшай і таўсцейшай, а для гэтага трэба было выкапаць траншэю для падмурка. Рыдлёўкі ледзь уваходзілі ў вільготную, спрасаваную сотнямі ног зямлю.
— Для сябе ж стараемся — клетку будуем, — нявесела сказаў Кузьма і крутнуў галавой, каб страсці з ілба і броваў пот, што заліваў вочы.
— Не бядуй, зямеля, цяплей зімой будзе, — засмяяўся Юшкоў. — Ды і нядоўга нам тут ужо кукаваць засталося. Возьмуць бальшавікі ўладу, выйдзем мы з турмы, а ў яе Сцяпанавіча пасадзім. Правільна я кажу, Сцяпанавіч? — хітравата глянуў ён на наглядчыка.
Той выплюнуў з рота новую порцыю шалупак, спакойна адказаў:
— Пажывём — пабачым. Ды, я думаю, я і тады спатрэблюся. Мікалаю служыў, служу Часоваму ўраду, магу і бальшавікам падсобіць такіх, як ты, доўгаязыкіх, пільнаваць.
— Іч ты, — збіў на патыліцу шапку Юшкоў. — Можа, табе яшчэ ордэн даць за тваю службу цэрберскую?
— Якую, якую службу? — выцягнуў шыю, не зразумеў наглядчык.
— Гэта табе доўга тлумачыць. А так ты чалавек нічога, Сцяпанавіч. Я тады табе камеру сушэйшую падшукаю, па старой дружбе.
— Давай капай, — пасуравеў наглядчык, — а то вунь начальнік турмы ідзе...
Юшкоў азірнуўся, убачыў начальніка і пачаў дзяўбці рыдлёўкай зямлю.
Вось ужо месяц, як Кузьма з Юшковым знаходзіліся ў мінскай турме. З таго гумна ў вёсцы Пагулянцы лёс раскідаў каго куды. Бугрова з Беламесных у штрафную роту на Румынскі фронт, аднаго салдата з пераламанай сківіцай — Стахееў пастараўся! — у турэмны шпіталь, яшчэ траіх — некуды ў Турцыю, у крэпасць Карс, а іх — спачатку на мінскую гаўптвахту. На гаўптвахце парадкі былі строгія: кармілі раз у суткі, ледзь слова пікнуў — у карцэр, дзе замест падлогі — халодная гразь. Гаўптвахта суседнічала з архірэйскім саборам, і што б ні рабіў, дзе б ні быў, уладны, строгі гул званоў стаяў над галавой. Часам яны дзінькалі сумна, ледзь чутна, загадкава і пяшчотна, часам стагналі і грымелі, як лес у навальніцу. Кузьма не знаходзіў тады сабе месца, ледзь не затыкаў вушы, а Юшкоў смяяўся, гразіў званам кулаком: