Выбрать главу

— Давайце, давайце, медналобыя. Хто каго перакрычыць!

Жывучым чалавекам быў Юшкоў. Іншы б на яго месцы не хутка стаў на ногі пасля казацкіх прыкладаў і бізуноў. А ён трохі павойкаў, пахадзіў з сінякамі на твары, і зноў — усмешка на ўвесь рот, бегае, як семнаццацігадовы, жартуе:

— У мяне скура на ўральскім агні загартаваная. Аб мяне обермайстар Селіванаў, як выпіўшы быў на вялікдзень, жалезную качаргу зламаў.

Кузьма ж, наадварот, сам адчуваў гэта, паспакайнеў, пасталеў. Смерць Пчалаводава і здрада Галасоўскай яшчэ балюча ўспаміналіся яму, але ўжо не было ва ўспамінах той вастрыні, той безвыходнасці, ад якой, здаецца б, рукі на сябе наклаў.

Дзён праз дзесяць з гаўптвахты іх перавялі ў турму на вуліцу Серпухаўскую. У турме яны чакалі суда, але судзіць іх чамусьці не спяшаліся. Не да іх, пэўна, было суддзям у час, калі ўся краіна напамінала вулкан, што вось-вось узарвецца. У турме было лягчэй, чым на гаўптвахце.

Нарэшце, калі ўжо добра сцямнела, наглядчык даў сігнал канчаць работу. Ачысцілі ад гразі рыдлёўкі, апаласнулі халоднай дажджавой вадой, што стаяла ў вялікай металічнай скрыні, рукі і твары. Кузьма ў апошні раз глянуў на ліпу, на неба, ярка-чырвонае, халоднае. У думках развітаўся з імі да заўтрашняга дня і пайшоў у сваю камеру. Хадзілі толькі строем, і ён ішоў, цяжка ўздымаючы стомленыя, ачыгунелыя ногі, хукаючы на анямелыя ад холаду рукі, і бачыў перад сабой круглую стрыжаную патыліцу Кабскага. Кабскі быў адзіны цывільны сярод іх. Усе астатнія чатырнаццаць чалавек — шэрыя акопнікі: пяцёра з 2-га Сібірскага стралковага палка, што стаяў у Мінску, і дзевяць Казакаў з Нясвіжа, з 2-й Уральскай дывізіі. Усе трапілі ў турму за адно і тое ж: абрыдла вайна. І толькі Кабскі, хадзілі чуткі, трапіў за нейкую спекуляцыю.

— Што ж ты такое нарабіў, Валодзя? — калі ўжо з'елі вячэрнюю баланду, кіпень з рэдкімі скрылькамі бручкі, спытаўся ў Кабскага Беланогаў, меднатвары рыжавусы казак-уралец. Яшчэ ў першы дзень Кабскі сказаў, што яго завуць Вальдэмарам, але гэта імя перайначылі на Валодзю, так больш зразумела.

— Грамадзяне, гэта ваенная тайна. — Кабскі заўсміхаўся. Яго чорныя вочкі весела заблішчалі. Быў ён прысадзісты, тоўсты, з кругленькім жыватком. Шчокі пульхныя, мяккія, валасы чорныя, кароткія, на скронях трохі ўжо сівыя. Цяжка сказаць, колькі было яму гадоў, — можна было даць і трыццаць, а можа, і ўсе пяцьдзесят. Гледзячы ад настрою, ён быў то малады, то стары.

— Ая-яй, Валодзя, — умяшаўся ў размову і Юшкоў, — нешта ты, брат, туман на сябе наводзіш. А мне ўжо неяк падумалася: ці не падаслалі цябе да нас: вынюхаць, значыцца, чым дыхаюць бунтаўшчыкі.

— Мяне? Падаслалі? — Кабскі саскочыў, як мячык, са сваіх нараў, узяўшы рукі ў бокі, стаў перад Юшковым. Вочы яго палымнелі гневам. — Вы дрэнна ведаеце Кабскага. Я сам — іхні вораг... — Кароценькім пальцам ён тыцнуў некуды ўверх, у столь, пад якой вакол цьмянай лямпы таўкліся начныя матылькі. — Ненавіджу дэспатаў... Уласнымі рукамі гатоў руйнаваць любыя бастыліі!

Усе ў камеры ажывіліся. Ведалі: на Валодзю найшло красамоўства, і зараз толькі паспявай слухаць. Кузьма таксама зручней уладкаваўся на мулкіх карах. Яго заўсёды цікавілі вось такія людзі: нечым непадобныя на іншых, не заўсёды зразумелыя. Яны, як ужо высвятлялася потым, маглі быць смешныя, наіўнаватыя, нават, па сялянскіх мерках, трохі дурнаватыя, але яны былі чэсныя ў сваёй наіўнасці, сваёй прысутнасцю яны асвятлялі шэрае, як турэмныя сцены, жыццё.

— Ну добра, — казаў між тым Кабскі, стоячы ў праходзе паміж нараў, — як на святой споведзі, скажу вам — хацеў я зарабіць лёгкую капейку. Вайна, кроў, слёзы, а Вальдэмар Кабскі, чалавек без бога ў душы, карцёжнік і п'яніца, але пакуль што не запойны, захацеў пагрэць каля гэтага вялікага кастра рукі. Заўважце, дарагія грамадзяне, толькі захацеў. А ўжо тысячы людзей да яго грэлі: і вялікія князі, і ваенныя міністры, і дэпутаты Думы. Што я раблю? Прыходжу да мінскага гарадскога галавы Кашчанкі і кажу яму: так і так, як патрыёт, хачу ўнесці сваю лепту ў перамогу. Хачу арганізаваць добраахвотны народны фонд дапамогі расійскім афіцэрам-героям. Для прыліку выклаў спачатку сваіх грошай, колькі было, а потым даў аб'яву ў газеты — і закруцілася машына. Нясуць мне хто грошы, хто капшук вышываны. Нясуць, заўважце, больш дамы, і прытым ва ўзросце. Ну, я кажу, вядома, дзякуй, забіраю іхняе дабро, і тут ужо спрыт рук... Адным словам, нядоўга я ўсім гэтым дамачкам дзякуй казаў. Сюды яны не здагадваюцца перадачу прынесці...