На Захар'еўскай селі на конку.
— Не зявай, — строга сказаў Рашатняк, калі зайшлі ў вагон.
Спераду вагона пад доўгім драўляным брылём, нібы пад паветкай, сядзеў рамізнік з пугай у руках, якога ўсе называлі кандуктарам. Кандуктар, маршчыністы, згорблены дзядок у акулярах, шлёгаў пугай коней. На конскіх спінах ззяла раса. Ззяла яна і на рэйках, па якіх скрыгацеў, калаціўся дрогкі вагон. Кузьма прасунуў галаву ў акно, што было прарэзана якраз насупраць спіны кандуктара, спытаўся:
— Дакуль едзем, бацька?
— Да завода Фрумкіна, — не павярнуўшыся, адказаў дзядок і нязлосна шлёгнуў пугай крайняга з тройкі каня.
— Но, пляснівы!
Ніколі яшчэ не быў Кузьма ў такім вялікім горадзе. Высокія камяніцы з бліскучымі зіхатлівымі вокнамі, у якіх адбіваліся людзі, коні, аўтамабілі; мноства чыста апранутага, важнага з выгляду народу; яркія шыльды на магазінах, золата афіцэрскіх пагонаў, шэра-зялёныя, адпаліраваныя тысячамі ног, каменні бруку; пакручастыя і, здавалася, бясконцыя рэйкі пасярэдзіне вуліцы; гукі, пахі — усё гэта кружыла галаву, ён адчуў сябе такім маленькім, нязграбным, бездапаможным, аж пахаладзела ўсярэдзіне.
«Нехта ж тут жыве, — супакойваў ён сам сябе. — Ёсць жа і з вёскі людзі, сюды перабраліся — жывуць. Нават з нашых Чмялёў Рыгор Шамаль...»
Але гэта слаба дапамагала — ён адчуваў сябе мурашкай, якой трэба перапаўзці бязмежнае жытнёвае поле, дзе калоссі захінаюць сонца.
— Гэй! ты што — заснуў? — тыцнуў яго кулаком пад рабрыну Рашатняк. — Выгружайся...
Кузьма ўздрыгнуў, борздзенька выскачыў з вагона, памкнуўся ісці далей па вуліцы, але Рашатняк схапіў яго за рукаў:
— Ты куды? Памагай вагон піхаць... От цёмны народ!
Разам з астатнімі пасажырамі, якія выйшлі з вагона, Кузьма, упёршыся плечуком, піхаў вагон, дапамагаў коням узвезці яго на пагорак. Конскія капыты звонка цокалі па каменнях. Адзін Рашатняк стаяў збоку, церабіў сваімі тоўстымі кароткімі пальцамі свісток. На адным пальцы — раптам заўважыў Кузьма — як струп, чырванеў вялізны пярсцёнак. З нечаканай хмельнай злосцю падумалася: «Бач ты яго, пацук турэмны. Стаіць, камандуе. Я табе пакамандую...» І, калі нарэшце паехалі далей, калі Рашатняк зноў быў раскрыў рот, каб нешта сказаць, Кузьма сярдзіта звузіў вочы, прасіпеў:
— Стой ціха, а то ўцяку.
Гэта нечаканая пагроза так падзейнічала на Рашатняка, што ён застаўся стаяць з разяўленым ротам.
На Саборнай плошчы выйшлі з вагона. Рашатняк паспакайнеў, палагаднеў. Насцярожана глянуў на Кузьму, сказаў:
— Мне трэба зайсці ў прысуственныя месцы. Са мной пойдзеш ці каля пад'езда пачакаеш?
— Пачакаю, — Кузьма, адвярнуўшыся, глядзеў, як над архіерэйскім саборам, над тонкімі пазалочанымі крыжамі чорнай хмарай лётаюць вароны.
Калі падышлі да трохпавярховага прыгожага будынка прысуственных месцаў, Рашатняк яшчэ раз нагадаў, і вочы ў яго былі спалоханыя:
— Ты ж глядзі — чакай мяне тут. А то насоліш сваім сябрам. На тым свеце знойдуць — вочы заплююць...
Ён ляпнуў за сабой высокімі дзвярыма, а Кузьму падумалася:
«Бач ты, і гэты кабан на сумленне напірае. Цікава атрымоўваецца: апошні звяруга, гарлахват, а ледзь вынюхае, што яму можа быць кепска, адразу крычыць пра людское сумленне...»
На плошчы было даволі пуста. Вецер гнаў жоўтае лісце, звінеў у голым голлі кустоў, што раслі абапал бруку. Кусты былі абсыпаны дробнымі чырвонымі ягадамі, і вераб'і шумна валтузіліся ў іх. Прайшлі дзве манашкі ва ўсім чорным. Адна, маладая, светлабровая, хуценька зірнула на Кузьму. Насупраць, каля губернатарскага дома, спрачаліся барадатыя дворнікі з бляхамі на грудзях.
Нарэшце выйшаў Рашатняк.
Быў ён нечым незадаволены, сярдзіта соп носам, круціў галавою.
— Ну і клапы, ну і крывасмокі, — бубніў ён сам сабе, потым махнуў рукой: — Пойдзем на Верхні рынак.
На рынку ў вялікай краме ім нагрузілі ў жоўты брызентавы мяшок прыгожых бліскучых бутэлек з доўгімі рыльцамі.
— Гэта для начальніка турмы. У яго страўнік хворы, — не дужа хаваючыся, схлусіў Рашатняк.
На некалькі мінут ён адлучыўся ў бакоўку з маладым чорнавалосым мужчынам, што стаяў за прылаўкам, і выйшаў адтуль з паружавелымі шчокамі. Яны пайшлі па рынку: Кузьма наперадзе, з мяшком за плячыма, Рашатняк ззаду. Рашатняк проста на вачах п'янеў, гаварыў, ікаючы:
— Клапы і крывасмокі... Сёння прадуктаў не будзе... Спазніўся Рашатняк... А ты, Радзімовіч, таксама чалавек... Але ў турме згніеш... Ты супроць улады...