Выбрать главу

Ён нечакана спыніўся, быццам нешта ўспомніў, рашуча павярнуўся назад:

— Пойдзем яшчэ ў краму... Там у мяне адно дзела гарыць...

У краме ён зноў схадзіў у бакоўку, пабыў там ужо больш, а выйшаўшы, ляпнуў Кузьму па плячы:

— Згніеш у турме, але і табе гуляць трэба... На тры гадзіны можаш адлучыцца... Але прыйдзі толькі сюды... Я знаю — ты прыйдзеш. Вы, паліцікі, — чэсныя...

Ён забраў у Кузьмы мяшок і зноў пайшоў у бакоўку.

У Кузьмы было аж тры гадзіны свабоды, што падараваў яму п'яны наглядчык. Тры гадзіны — нямала часу. Але ён не вельмі ўзрадаваўся. Куды можна пайсці ў незнаёмым горадзе, без капейчыны ў кішэні, азіраючыся кожную хвіліну, каб не затрымаў патруль? Багаты горад са сваім бляскам, гулам, са сваімі шыкоўнымі магазінамі і прыгожымі жанчынамі створаны, пэўна, для таго, каб толькі дражніць беднага і галоднага. Для бедняка ягоная прыгажосць — што абгрызеная костка для беспрытульнага сабакі.

Кузьма паволі ішоў, куды вочы глядзяць, і ў думках крыўдаваў на Юшкова: «Сам, нябось, ходзіць на Петраградскую 6, у Мінскі Савет. Там у яго ўжо сябры завяліся. А мне нават не прапанаваў туды схадзіць. Значыць, баіцца».

Ён нават спыніўся ад такой думкі. Так, Юшкоў баіцца давяраць яму. А чаму б і не? Гэта Кузьма, як языкатая баба, расказаў усё Галасоўскай. І з-за ягонай балбатні пралілася кроў. Юшкоў, праўда, не ведае пра гэта. Толькі ці лягчэй ад гэтага Кузьме?

Суровым усё-такі быў свет, што акружаў яго. Суровыя людзі, суровыя падзеі. Так хацелася яму не згубіцца ў гэтым свеце, не быць травой, якую падмінаюць жалезныя колы часу.

Разгублены, ішоў ён па горадзе і раптам успомніў: «Вуліца Багадзельня!» Лусковіч там, у балоце, так прасіў яго, каб ён зайшоў на Багадзельную, у барак. Адразу ж успомніўся і нумар барака: сем. У сустрэчнай бабулі ён спытаўся, як трапіць на Багадзельную, Бабуля махнула сухенькай рукой:

— Ідзі, галубок, прама па Прэабражэнскай. А там і Багадзельная будзе.

Барак Кузьма знайшоў хутка. Быў ён доўгі, драўляны, неахайна абмазаны патрэсканай рудой глінай. На карабатай гонтавай страсе зелянеў мох, расла высокая вострая трава. Чорны певень хадзіў па страсе і раз-пораз кукарэкаў. У бараку было шмат дзвярэй, усе адчыненыя, абшарпаныя, пабітыя, парэзаныя ножыкамі і падрапаныя цвікамі. І Кузьма разгубіўся: не ведаў, у якія заходзіць. Усё-ткі рашыўся, зайшоў у самыя крайнія. У паўцемры зачапіўся за нейкае вядро, яно пакацілася па падлозе, загрымела.

— Хто тут? — з-за стракатай засаленай шырмы, што разгароджвала пакой на дзве няроўныя палавіны, выглянула ўскудлачаная мужчынская галава з чырвонымі вачамі, якія слязіліся.

— Скажыце, дзе тут жыве Лусковіч Праскоўя? — кашлянуўшы ў кулак, спытаўся Кузьма.

— А-а... А я думаў, гэта мне Васька Крывец доўг прынёс. У трэцім пад'ездзе жыве Праскоўя. — Галава лена пазяхнула і зноў схавалася.

Трэція дзверы таксама былі адчынены. Кузьма асцярожна зайшоў у іх, баяўся, каб і тут за што-небудзь не зачапіцца. Вузенькі калідорчык упіраўся ў акно, на якім стаялі вядро з вадою і вялікая медная конаўка. На абодва бакі калідора былі яшчэ дзверы: адны маленькія, фанерныя, жоўтыя, другія большыя, абклееныя газетамі. Кузьма трохі падумаў і пастукаў у маленькія дзверы. Увайшоў, прыгнуўшы галаву, у пакой, паздароўкаўся. Але ніхто яму не адказаў. Пранізліва звінела, білася ў шыбы муха. У куце віселі абразы: святы Юры доўгім чырвоным кап'ём біў змея проста ў разяўленую пашчу. Каля сцяны стаялі самаробныя шафа з посудам, стол, венскае гнутае крэсла. Люстэрка ў лёгкіх трэшчынках ззяла над сталом, і прамень сонца пераломваўся ў ім, драбіўся, вясёлкавым полымем падаў на падлогу.

Толькі зараз Кузьма адчуў, што на яго нехта глядзіць. Ён павярнуў галаву і па правую руку ад сябе ўбачыў металічны ложак, на якім, накрыўшыся па шыю нейкімі рызманамі, ляжала жанчына. Ёй было гадоў дваццаць. Твар вельмі прыгожы, тонкі, белы, але толькі адна яго палова. Другая — уся чырвоная, як абпаленая нечым. Адным сваім вокам, вялікім, бліскучым і напружаным, жанчына глядзела на яго ва ўпор, і яму стала не па сабе ад такога пагляду.

— Ці не вы будзеце Праскоўя Лусковіч? — парушыў маўчанне Кузьма.

Жанчына колькі хвілін, не міргаючы, глядзела на яго, потым сказала:

— Паша хутка будзе. Узяла дзіця на рукі і пайшла ў гарадскую думу. Там салдаткам пайкі даюць...

Голас у яе быў глухаваты, нізкі.

— То я выйду на вуліцу, пачакаю. — Кузьма павярнуўся, адчыніў дзверы і, забыўшыся, што яны нізкія, балюча стукнуўся галавой аб вушак.

На вуліцы ён сеў на лаўку, зняў шапку, заплюшчыў вочы. Але сонца, прамяністае, цёплае, чырванавата-жоўтае, бачылася і з заплюшчанымі вачыма. Ён падумаў пра жанчыну: «Такая маладая, прыгожая, ды на табе — не пашанцавала ў жыцці...»