— Паша жыве насупраць мяне. Ейныя дзверы газетамі абклеены. — Жанчына, накінуўшы на плечы старэнькае зялёнае паліто, ужо стаяла побач з Кузьмой. Толькі не глядзела ў твар, а ўсё адварочвалася. «Калецтва сваё хавае», — здагадаўся Кузьма.
Яму зрабілася так няёмка, так прыкра ад таго, што ён нейкім чынам прымушае яе пакутаваць, што яна баіцца глянуць на яго.
— Мы з ёй разам працуем, — гаварыла між тым жанчына, — на тытунёвай фабрыцы Цукермана. Як надыхаемся гэтай табакі, дык, здаецца, век на яе не глянуў бы. Вы курыце? — Яна выгаворвалася за ўсю сваю адзіноту, спяшалася сказаць яшчэ і яшчэ што-небудзь, але голас быў няўпэўнены, слабы, быццам баялася, што кожнае імгненне яе могуць перарваць.
— Я не куру. — Кузьма стараўся доўга не глядзець на жанчыну, каб не бянтэжыць яе. Ён глядзеў на страху барака, дзе бліскуча-чорны певень залез на самы вільчык, і вецер раздзімаў прыгожы пеўнеў хвост. — Малы быў, дык смаліў трохі. А зараз думаю — і так дыму на зямлі хапае, навошта яго яшчэ заганяць сабе ў нутро?
— Правільна робіце, дальбог жа, правільна, — яна адважылася, глянула на яго, і ў адзіным яе воку, як восеньскі туман, трымцеў сум.
Неўзабаве прыйшла Праскоўя з рыжанькім хлопчыкам на руках. Хлопчык, убачыўшы чужога чалавека ў вайсковым адзенні, спалохана ўткнуўся ў матчына плячо.
— От Лусковіч малы — усіх баіцца. — Праскоўя засмяялася, ускудлаціла сыну валасы. — І жукоў баіцца,! чарвякоў, і дзядзяў чужых.
Была яна нізкая ростам, паўнаватая, з круглявым загарэлым тварам, на якім так і ззялі вясёлыя сінія вочы, з русымі густымі валасамі, заплеценымі ў дзве тугія касы. І Кузьму раптам зрабілася страшна: як гэта ён скажа ёй пра смерць мужа? Гэты страх быў ужо тады, як ён ішоў па вуліцы, шукаў барак. Праўда, тады было ўсё-ткі лягчэй: ён не бачыў Лусковічавага сына, а зараз яны былі побач, і абое — хоць хлопчык, узяўшы трэску, корпаўся ў пяску. — чакалі ягоных слоў.
— Мужык прывітанне пераслаў, — глуха сказаў Кузьма, — і табе, Праскоўя, і сыну...
Ён адразу звярнуўся да яе на «ты», бо гаварыў так усім людзям, якія яму падабаліся. А яна яму нечым з першага ж позірку спадабалася: можа, весялосцю сваёй, можа, шчырасцю.
— Як ён там? — Праскоўя нецярпліва дакранулася да шчакі рукою, і гэты жэст шмат што сказаў Кузьму. «Любіць Кандрата, — падумалася яму. — А Какдратава душа ўжо на небе...»
— Нічога. Ваюе. Шкадаваў, што гасцінца няма дзе ўзяць. — Ён гаварыў гэта наўмысна бадзёра, падміргваючы хлопчыку, што, высунуўшы чырвоны язычок, стаяў побач, слухаў. І яна паверыла. Заўсміхалася, узяла сына за руку:
— Чаго ж мы стаім? Пойдзем, што-небудзь перакусім. Анюта, хадзі з намі...
Але Анюта, хоць ёй, відно было, вельмі і вельмі хочацца пайсці, адмовілася.
У Лусковічаў было чыста і ўтульна. Мэбля, як і ў Анюты, таксама была ўся самаробная. На вокнах віселі старэнькія, але акуратныя, паркалёвыя фіранкі, стаялі вазоны. Каля нядаўна пабеленай грубкі ляжала бярэмца дроў. Кузьма сеў на тапчан, выцягнуў стомленыя ногі.
— Сем рублёў у месяц плацім за гэты катушок. —
Праскоўя даставала з гаспадарчай сумкі нейкія пакуначкі, клала іх на стол. — Сёння гарох давалі. І воблу. Па чатыры рыбіны.
Яна распранула паліто, засталася ў цёмна-сіняй вязанай кофце. Потым нарэзала на талерку хлеба, паклала дзве цыбуліны, кавалачак сала. Падсунула сабе крэсла, глянула на Кузьму:
— А як жа цябе зваць, добры чалавек?
— Кузьмой завуць, — адказаў ён, а сам падумаў: «Ведала б ты, які я добры чалавек, з якой весткай да цябе прыйшоў...» Даўно не быў ён вось у такой абстаноўцы, хатняй, мірнай, дзе галоўныя клопаты пра хлеб, пра дзяцей, дзе пахне нечым цёплым, ужо амаль забытым, дзе ціха рыпяць маснічыны, на вокнах пыляцца фікусы, а на сцяне вісяць пажоўклыя сямейныя фотакарткі. Дзень назад ён не паверыў бы, што недзе яшчэ ёсць такое.
Ён не стаў есці, толькі адламаў кавалачак вобліны, смактаў яго, адчуваючы халаднаватую салонасць у роце.
— Ці скора ўжо ваяваць кончыце? — спыталася Праскоўя, акуратна прыбіраючы ўсе свае няхітрыя ласункі, бо есці таксама не пачала.
— А мы хоць сёння штыкі ў другі бок можам павярнуць, — не стаў асабліва хавацца Кузьма.
— Ну і малайцы. — Яна ўсміхнулася, твар яе паружавеў. Змахнула са стала ручніком крошкі, села, падперла шчаку рукою: — Ой, што ў горадзе робіцца! Народ такі смелы стаў. У нас на фабрыцы ўжо васьмігадзінны рабочы дзень устанавілі. Гаспадар упіраўся, але куды дзенешся? Кантору б на кавалачкі разнеслі. Я і сама ў прыміральнай камеры састаю.