Выбрать главу

— У якой? — не зразумеў Кузьма. — Там, дзе гэтых самых, — ён шчоўкнуў пальцам па лбе, — трымаюць?

— Скажаш. — Праскоўя засмяялася. Падбег сынок, засмяяўся разам з маці. — Гэта такая камера, дзе рабочых з буржуямі міраць. Не дадасць гаспадар рабочым у палучку, захоча паболей грошай сабе ў кішэню пакласці, а мы ўжо тут... Ну-тка, давай разбяромся, як ты народ паважаеш.

— І шмат прымірылі?

— Ат, нядужа. — Яна махнула рукой, і з яе вачэй знікла весялосць. — Я так думаю: мірыцца нам з імі не выпадае.

— Правільна думаеш. — Кузьма лёгенька ўшчыкнуў хлопчыка, які, асмялеўшы, узяў з ягоных рук шапку і пачаў прымерваць на сваю галаву.

Праскоўя паглядзела на яго ўважліва, памаўчала,

потым уздыхнула:

— Як жа там мой Кандратка?

Ён, як мог, стараючыся не глядзець ёй у твар, схлусіў, што ўсё добра, што муж яе жывы-здаровы, пра сям'ю ўспамінае, з таварышамі дружыць, нават у ротны камітэт яго выбралі.

— Мой Кандрат ціхі, — слаба ўсміхнулася Праскоўя, і Кузьма зразумеў: не паверыла.

Тады, каб не даць ёй сказаць яшчэ нешта, каб парушыць маўчанне, ён сам спытаўся:

— А гэта Анюта, суседка... што з ёй?

— Анюта няшчасная... Такая дзеўка была! Як агонь. Мы з ёй ка фабрыцы Цукермана ўжо шосты год разам робім. Дык яна, хоць там ад табакі дыхнуць няма чым, і спяе, і такое скажа, што ад смеху ўсе ўпокат кладуцца. І мужчынам, майстру якому ці грузчыку, здачы дасць. Ведама, прыгожая. А быў у нас Васіль Калячонак. Відны хлопец. Кучаравы, высокі, засмяецца — ямачкі на шчоках, як у дзяўчыны. Былы матрос, а ў нас грузчыкам рабіў, табаку на цялежках са складу вазіў. Ну і, як яно ўжо там завязалася, палюбілі яны адно аднаго: Анюта і Васіль. Ходзяць, як галубы, мілуюцца. І пажаніліся. А па гэтаму Калячонку — ён, аказваецца, добры кот быў — яшчэ адна наша работніца сохла, Траскоўская. Высокая, худая, на шчоках нейкія чорныя плямы з валасамі. І ён, Васіль, нешта ёй абяцаў...

Праскоўя на імгненне змоўкла, прыжмурыла вочы, быццам нейкі агонь, яркі і гарачы, асляпіў яе. Хлопчык паклаў ёй галаву на калені, слухаў.

— Пажаніліся яны, значыць, і жывуць, Васіль з Анютай. Я ж таксама на вяселлі была. У нашым бараку і гулялі. А Траскоўская, гэта мы ўжо потым даведаліся, тапіцца хацела, але адгаварылі яе, супакоілі, і яна сказала: «Я ёй гэтага не прашчу», Анюце, значыць... Жывуць яны месяц, два, паўгода, наша Анюта нешта ўжо і смяяцца перастала, а потым — раз! — у Піцер з'ехалі. А куды, што — ніхто і не ведае. І нікому ні адраса не пакінулі, ні слоўца не сказалі. Я аж пакрыўдзілася: во, думаю, сяброўка якая, як праз зямлю правалілася: чым гэта мы ўжо яе так угнявілі? А гэта яны ад Траскоўскай хаваліся. А Траскоўская гордая, зацятая. Жывуць у Піцеры, і Анюта гаворыць Васілю: «Нехта за намі сочыць». Ён засмяяўся: «Гэта ў цябе ад перамены пагоды. Прывыкай да балтыйскіх туманаў». А яна як адчувала. І неяк у нядзелю, Васіля дома не было, стукаюцца ў дзверы. Анюта да дзвярэй: «Хто там?» — «Санітары. Чысціню правяраем». Адчыніла яна дзверы, а на парозе жанчына, галава нечым чорным завязана. І адразу гэта жанчына, слоўца не сказаўшы, выняла аднекуль бутэлечку, ды — плясь! — з той бутэлечкі Анюце ў твар. А ў бутэлечцы кіслата была...

Праскоўя ўстала з-за стала, узяла конаўку з вадой і пачала паліваць фікусы.

У цішыні, што ўсталявалася ў пакоі, было чутно, як слаба булькае вада.

— І што далей? — Кузьма .ўстаў, надзеў шапку.

— А далей? Траскоўскую, кажуць, некуды ў астрог саслалі. Анюта вярнулася сюды. Васіль жа кінуў яе, сорамна яму стала жыць з калекай. Узяў там у Піцеры нейкага купца дачку. Кажуць, губатая, тоўстая. Але ж ў багатага і свінка гаспадзінка.

Яшчэ трохі пагаварылі, і Кузьма пачаў збірацца. Ён не прызнаўся, што сядзіць зараз у турме, сказаў — прыехаў з фронту. Навошта лішнія хваляванні жанчыне? Яшчэ шкадаваць пачне.

— Дык перадай жа Кандрату хоць якую пасылачку. Я зараз збяру. Ён рыбу любіць, — замітусілася Праскоўя, але Кузьма спыніў яе:

— Нічога не трэба. У вас саміх не густа. А на фронт усё роўна нічога не дазволяць везці, усё, да ніткі, адбіраюць.

Праскоўя выйшла на вуліцу — трохі правесці яго. Сонца ўжо схавалася за хмары. Неба было свінцовае, трывожнае, здавалася, яно цісне на горад сваім цяжарам.

Каля барака дзеці збіраліся гуляць у жмуркі, сталі ў кружочак, і белавалосая босая дзяўчынка, глытаючы словы, гаварыла лічылку:

Кацілася торба з высокага горба. А ў той торбе —    хлеб,       соль,          вада,             пшаніца. З кім хочаш — з тым дзяліся.