Выбрать главу

Потым раптам двое хлопчыкаў нешта не падзялілі, пачалі біцца, пакаціліся клубком па зямлі, толькі пыл закурэў. Адзін з іх прайграў бойку, пачаў румзаць, усё падцягваў штаны з абарванай шлейкай, выціраў рукавом слёзы і казаў:

— Ён мяне пад сілу ўзяў...

Да Кузьмы з Праскоўяй падбег той, што перамог, хлопчык гадоў дванаццаці, яшчэ задыханы, цёмнавалосы, даўно не стрыжаны, з вострым носікам, спытаўся:

— Цётка Праскоўя, куды вы пойдзеце?

— А навошта табе ведаць? — нахмурылася Праскоўя. — Б'ешся, швэндаешся, як пустапас. Ногі, хоць рэпу сей.

Хлопчык глянуў на свае босыя ногі, пачухаў іх адна аб адну і адышоўся, пакрыўджаны.

— Перадавай Кандрату прывітанне і ад мяне, і ад сына. Скажы: у нас усё добра. Яго чакаем. — Праскоўя моцна паціснула Кузьме руку, і ён адчуў халадок ад меднага пярсцёнка, што быў у яе на пальцы. Яна раптам прыкусіла губу, заплюшчыла вочы, павярнулася і хуценька пайшла ў барак. Ён убачыў, як дробна ўздрыгвалі яе плечы. І яшчэ ён убачыў няясны слабы цень у акне: пэўна, Анюта глядзела на вуліцу. Яму самому зрабілася чамусьці так сумна, так адзінока, быццам ён нешта страціў назаўсёды.

— Дзядзька салдат, я з табой пайду, давяду цябе да конкі, — сказаў хлопчык, гледзячы Кузьме ў вочы.

— Як цябе завуць? — спытаўся Кузьма.

— Васька Шворан.

— Гэта што — прозвішча тваё такое?

— Усе так завуць. — Хлопчык бадзёра шмыгнуў носам і поруч з Кузьмой пайшоў па пыльнай вуліцы.

Ён ішоў і гаварыў, гаварыў, нават не цікавячыся, ці слухае яго Кузьма.

— Я таксама хутка на фронт пайду. Збягу. Тут жыць нецікава. Майго бацьку яшчэ да вайны, калі стачка была, паліцмейстар канём задавіў, а маці памерла. Агонь з рота пайшоў, і згарэла, захлынулася.

— Чаго ж у яе агонь пайшоў? — глянуў на Ваську Кузьма.

— Гарэлку дужа піла. — Васька сказаў гэта спакойна, так спакойна, што ў Кузьмы пахаладзела ўнутры.

«Нацярпеўся хлопец, — падумалася яму, — адзінокі, гаротны, вось і бяжыць за любым сустрэчным чалавекам, як сабачанё».

— Ты вось што, — паклаў Кузьма руку на плячук Ваську, — бяжы дамоў, а я ўжо сам дайду. І глядзі — не дурэй. Вярнуся з войска — табе салдацкую шапку прывязу.

Сеўшы ў вагон конкі, ён глядзеў, як стаіць Васька на бруку, — рукі ў кішэнях, малы, худы, з перавязаным сіняй анучай вялікім пальцам левай нагі. Было ў хлапчуку нешта ад гарадскога вераб'я, беспрытульнага, заўсёды галоднага, але з такой яраснай жыццёвай сілай, якая дазваляе спяваць, радавацца і спадзявацца на лепшае ў самыя лютыя маразы і завеі.

Зноў пачаліся доўгія турэмныя дні і ночы. Сырая восеньская халепа змянілася марозным пякучым ветрам, і зямля адразу скамянела, зазвінела, пакрылася бліскучай лускою лёду.

Вецер ужо прыносіў з халодных нябёсаў першыя сняжынкі.

Яны няўпэўнена кружыліся над турэмным дваром, быццам баяліся на яго ўпасці.

Раніцай Кабскі адмовіўся ісці на работу. Лёг на нары, закрыў галаву рукамі, застыў у здранцвенні.

— Гэй ты, чаго разлёгся? Уставай! — штурхануў яго наглядчык.

— Не ўстану. Не буду працаваць на вас, фараоны. — Голас у Кабскага дрыжаў.

— Захварэў? — здзівіўся наглядчык. Вязні, як ён лічыў, не маглі, не мелі права хварэць. Ён ужо адчуваў, як весела будзе, калі сам начальнік турмы прыйдзе «лячыць» гэтага дзівака.

— Не буду працаваць, — кароткімі пабялелымі пальцамі Кабскі ўчапіўся ў шэрую коўдру — адрывай, не адарвеш.

Прыйшоў начальнік турмы, злосна глянуў на яго, загадаў:

— У карцэр.

Але Кабскі раптам узвіўся над нарамі, тыцнуў кулаком у зубы наглядчыку, наліўся цяжкай чырванню, зароў, як звер:

— Не буду! Сіл няма! Хоць забіце!..

Яго пацягнулі па праходзе. Ён чапляўся за нары, біў наглядчыкаў нагамі, кусаўся. У ім, тоўстым і няўклюдным, прачнулася дзікая нечалавечая сіла. І тады сцяной перагарадзілі праход усе вязні.

— Не дазволім. Ён хворы, — сказаў начальніку турмы Юшкоў.

Начальнік, з перакошаным ад гневу тварам, хацеў спіхнуць яго з дарогі, але раптам быццам нешта ўбачыў упершыню, быццам аб нечым здагадаўся — вяла махнуў наглядчыкам рукой:

— Адпусціце. Хай доктар з лазарэта яго праверыць.

Згорбіўшыся, ён выйшаў з камеры, і нават у калідоры здавалася яму, што апякаюць ягоную спіну суровыя гарачыя вочы. І ён з трывогай падумаў, што ў яго чацвёра дзяцей, хворая жонка і што ў горадзе і па ўсёй краіне неспакойна: вось-вось пачнецца новая заваруха. Яму самому, як калісьці ў маленстве, захацелася захварэць, ляжаць у цёплым ложку і піць кіпень з сушанымі малінамі.

А ў камеры ўсе па-дзіцячы радаваліся сваёй перамозе. Беланогаў раздзьмухваў светлыя з іржаўчынаю вусы, гаварыў: