— Мы, хлопцы, сіла. Самі вы яшчэ не ведаеце, якая мы сіла.
Толькі Вальдэмар Кабскі ціха ляжаў на сваіх нарах. Усё яго цела ныла, балела, у вачах скакалі яркія бліскучыя іскры. Яму чамусьці хацелася плакаць.
Ноччу Юшкоў ціхенька падышоў да Кузьмы, сказаў:
— Нутром чую — нешта хутка пачнецца. Усё гатова, толькі б зброю нам у рукі. На Мінскі Савет уся надзея.
Кузьма адшукаў у цемры яго руку, паціснуў. Моцная рука была ў Юшкова.
У другой палове кастрычніка Кузьму зноў удалося вырвацца ў горад, ужо разам з Юшковым. Неба над горадам здавалася цяжкой свінцовай коўдрай, з якой сыпаўся халодны дождж. Яшчэ па дарозе яны дамовіліся з наглядчыкам, і ён адпусціў іх на дзве гадзіны.
— Толькі з вас тры пачкі папярос, — не забыўся напомніць наглядчык.
Яны адразу ж пайшлі на вуліцу Петраградскую, у Мінскі Савет. Будынак Савета стаяў якраз насупраць Каломенскай плошчы. Проста на плошчы расклалі касцёр і грэліся каля яго чорныя вусатыя коннікі ў калматых баранніх папахах, з доўгімі крывымі шаблямі, якія ажно валачыліся па зямлі.
— З Каўказскай дывізіі, — глянуў на іх Юшкоў. — Народ гарачы, але дужа ўжо афіцэрам сваім верыць.
Па каменнай лесвіцы, да бляску адшліфаванай падэшвамі, яны ўзняліся на другі паверх і пайшлі па вузкім цемнаватым калідоры. У калідоры і ў пакоях, якія штораз адчыняліся, было шмат народу; вайскоўцы, цывільныя, мужчыны і жанчыны. Усе гаваркія, узбуджаныя.
Зайшлі ў невялікі пакойчык, на ўсю сцяну якога вісела вялізная карта Расійскай імперыі. У пакойчыку нікога не было, як туман, стаяў у ім густы тытунёвы дым. На стале мясціліся старэнькі тэлефон, пішучая машынка «Ундэрвуд», вакол якой былі раскладзены стосы чыстай паперы. Адразу ж, следам за імі, у пакой увайшоў высокі сівагаловы чалавек у сінім клятчастым паліто. Нешта дужа знаёмае было ў ягоным твары. Щ
«Дзе я мог бачыць яго?»— напружваў памяць Кузьма.
Сівагаловы, як добры знаёмы, падышоў да Юшкова, паздароўкаўся з ім за руку:
— Добры дзень, Іван Еўдакімавіч. — Потым павярнуўся да Кузьмы, і вакол стомленых запалых вачэй пырснулі ва ўсе бакі вясёлыя тоненькія зморшчыш. — Не пазнаеш мяне?
«Рылюк! — успомніў Кузьма. — Той, што прыходзіў да нас у роту, прыносіў газеты, гаварыў пра Леніна...»
Кузьма падаў сівагаловаму руку:
— Я вас помню. І вашы газеты.
Рылюк засмяяўся, сказаў:
— Сядайце, хлопцы. У нагах праўды няма.
Потым, калі селі, глянуў на Кузьму сінімі, нібы веснавы лёд, вачамі:
— Як прывыкаеш да турмы?
— Хіба да яе прывыкнеш? — Кузьма аж пачухаў патыліцу. — Сядзіш, як сабака на ланцугу. Здаецца б, завыў...
Ён гаварыў гэта, а сам думаў: «Значыць, Юшкоў ужо не адзін раз сюды прыходзіў. А мне ні слоўца не сказаў. Сябра, называецца». Зрабілася крыўдна, як бывала яшчэ ў дзяцінстве, калі збіраешся некуды ісці з мужчынамі, думаеш, што ты дужы і дарослы, а табе ў апошні момант кажуць: «Будзь дома. Ты яшчэ малы».
— Хутка і вы спатрэбіцеся, хлопцы, — гаварыў між тым Рылюк, закурваючы кароценькую папяроску і кашляючы, — гуртуйце людзей, збірайце сілу. А я вам сёння ведаеце, што пачытаць прынёс? Пісьмо Леніна «Бальшавікі павінны ўзяць уладу».
— Во гэта дзела, — узрадаваўся Юшкоў. — Давай яго сюды, Андрэевіч. Нашаму турэмнаму народу гэта лепшы падарунак будзе.
Яшчэ трохі пасядзелі, пагаварылі і ўзяліся за шапкі. Рылюк таксама ўзняўся.
— Павінен сустрэцца з рабочымі-дружыннікамі Чыгуначнага раёна, — растлумачыў ён.
Выйшлі на вуліцу, і ў твары ўдарыла халодным дажджом і ветрам. Горад быў у сінявата-шэрай імгле. Толькі вогнішчы ярка гарэлі на Каломенскай плошчы, быццам вогненныя птушкі спусціліся з нябёсаў на зямлю, каб перачакаць непагадзь. Рылюк узняў каўнер паліто, паціснуў на развітанне Юшкову і Кузьму рукі, усміхнуўся ім і моўчкі пайшоў, прыгнуўшы галаву, знік у тумане.
І вось пачаўся гэты дзень. Яны не ведалі, што ён будзе незвычайны. Ён пачаўся, як і ўсе дні: шэрае хмарнае неба, дробны надакучлівы дождж, як праз сіта. Дзень абяцаў застацца звычайным днём, яшчэ адным пажоўклым лісцікам, што неўпрыкметку ападзе з дрэва вечнасці. Але недзе пасля абеду рэзка і пераможна зазвінела жалеза — гэта білі ў турэмныя краты, у турэмныя дзверы. Білі кулакамі, нагамі, табурэткамі. Потым пачуўся нейкі гул, ён нарастаў, мацнеў, затапляў усе камеры.
— Рэвалюцыя! У Петраградзе рэвалюцыя! Ура, таварышы! — паляцеў па калідоры малады звонкі голас. Ён, як нож, успароў змярцвелы паўзмрок брудных камер, каменных нораў-карцэраў. Ужо нехта, спяшаючыся, не трапляючы ў замочную дзірку, адчыняў цяжкія жалезныя дзверы. Выбеглі ў калідор. Адусюль чулася тупаценне ног, быццам малацілі сотні цапоў.