Выбрать главу

— Хто ж у нас цяпер за начальства будзе? — адчуваючы, што кружыцца галава, з радасным хрыпам у голасе спытаўся ў Юшкова Кузьма.

— Бальшавіцкая партыя і прапаршчык Рамнёў. — Юшкоў быў бледны, часта дыхаў. У левай руцэ ён трымаў звязку ключоў, правай запіхваў у камеру наглядчыка.

— Ідзі, ідзі, Сцяпанавіч. Адпачнеш на нарах, аб жыцці падумаеш.

Наглядчык пакорна ўвайшоў у камеру. Рукі ў яго калаціліся.

Строіліся на турэмным двары. Кожны дзесятак стаяў на чале са сваім старшыной. Усе былі вясёлыя, узбуджаныя, шмат гаварылі, махалі рукамі. Толькі Кабскі не стаў у строй, трымаўся збоку.

— Ідзі сюды, Валодзя! — крыкнуў яму Беланогаў. — Пойдзем у бальшавіцкае войска запісвацца.

— Які з мяне салдат? — сумна адказаў Кабскі. — Я злодзей. Мне і пры бальшавіках захочацца ўкрасці.

Кузьму стала шкода Кабскага. Усе чакалі гэтай часіны, усе былі радыя, а гэты стаіць, як авечка, што адбілася ад чарады.

— Праўда, ідзі да нас, Валодзя, — сказаў Кузьма.

— Не пайду, — рашуча закруціў галавою Кабскі. — Не пайду... У мяне свае прынцыпы... — На свежым паветры ён пачаў ажываць, ружавець, паверыў, нарэшце, што знаходзіцца на свабодзе, і да яго зноў вярнулася красамоўства... — Злодзею няма месца ў райскіх кушчах. А вы ж будзеце будаваць рай. Ды хіба я злодзей? Зладзеі ходзяць у смокінгах, ездзяць на аўтамабілях. Усе мы, філосафы, пііты, прастытуты і прастытуткі, харчуемся лішкамі, што застаюцца пасля драпежнікаў.

Ён яшчэ нешта гаварыў, весялеў, стукаў сябе ў грудзі, але Кузьма ўжо не слухаў яго — калона рушыла на вуліцу, ногі амаль дзвюх тысяч чалавек дружна ўдарылі ў цвёрдую зямлю, аж пошчак пайшоў наўкола.

Каля турмы выдавалі зброю. Чарга па вінтоўкі была, як па хлеб. З грузавікоў згружалі кулямёты, на якіх тлуста блішчала змазка. Побач з Кузьмой худы рыжабароды салдат узяў вінтоўку, круціў яе ў руках, разглядаў:

— Ах ты мая сястрыца-трохлінеечка...

Потым пацалаваў яе. Кузьма прыціскаў да сябе вінтоўку, глядзеў на людзей, што акружалі яго, на неба, на дрэвы, мокрыя і голыя, на турэмныя сцены, і быццам нешта спявала ў яго ўнутры. «Я свабодны... Я свабодны...»

Потым, калі строем пайшлі на вуліцу Петраградскую, калі Юшкоў, ужо ўзводны, весела крычаў: «Цвярдзей нагу, хлопцы!»— калі стаялі, затаіўшы дыханне, каля самаробнай трыбуны і слухалі загад № 1 выканкома Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, калі крычалі «ўра!», яму ўвесь час думалася: «Я свабодны і малады». Свабода і маладосць былі тымі крыламі, што ўзнімалі ягонае шчаслівае сэрца над зямлёй.

VII

У пачатку лістапада Дзіна з Янінай Міхейчык пайшлі ў лес надраць моху. Прахор надумаўся перасыпаць паветку, і трэба было падцяпліць мохам сцены. Дзяўчаты апранулі кажушкі, у руках неслі пасцілкі. Лес быў пусты, ціхі, халодны. Толькі ўсхліпвалі асіны над галавою, і ад гэтага рабілася не па сабе. Дзіна тулілася да Яніны — сяброўка больш смялейшая, — раз-пораз азіралася. Казалі, у лесе завяліся бандыты, яны рабуюць людзей, здзекуюцца з іх, асабліва з жанчын і дзяўчат. Яніна ж ішла ўпэўнена, пад нагамі ў яе так і трашчала мёрзлае ламачча.

— Чаго ж твой бацька не пайшоў, калі ты гэтак баішся? — спыталася Яніна і пачала есці яблык, што ўзяла з сабой у лес.

— Ён у Бацюты цэлы дзень сядзіць. Дзякрэты там чытаюць.

— А Антон чаму не пайшоў? — Яніна сказала гэта быццам спакойна, але голас трошачкі ўздрыгнуў.

— Антон хворы. Як пасварыўся з вашым Іванам і з хлопцамі, дык увесь ажно зжаўцеў. А пазаўчора дужа кашляць пачаў, — Дзіна сумна ўздыхнула і вышэй узняла каўнер кажушка.

— Чаму ж ён Івана тады аднаго кінуў у маёнтку? Спалохаўся? — чорныя Янініны вочы ўспыхнулі, шчокі паружавелі.

Але Дзіна нічога не адказала, моўчкі глядзела сабе пад ногі: колькі ўжо разоў пра гэта гаварылі!

Яны мінулі Чорнае ляда, на якім і дагэтуль ляжаў спілаваны Антонам і Іванам дубок. Мёртвае лісце шамацела пад нагамі. Вецер зганяў яго ў гурбы. За лядам лес пайшоў рэдкі, сасновы. Рос ён на высокім пясчаным узгорку.

— Мішка Сырамалот у маёнтку нейкі клуб арганізаваў, — пачала гаворку пра іншае Яніна. — Кажуць, на галаву нейкія валасы рудыя, доўгія, як жаночыя, начэпіць, ходзіць і з кніжачкі чытае, усё пра каралёў і каралеўнаў. А хлопцы на гармоніках і балалайках іграюць. І Васіль Гаранок туды ходзіць... — Яна хітравата глянула на сяброўку.

— Ну і што? — На пераноссі ў Дзіны затрапяталі маршчынкі. Ужо даўно не было сонца, і вяснушкі ў яе пасвятлелі, былі ледзь прыкметныя.