Выбрать главу

— Дык ён жа за табой бегае. Усе ведаюць.

— Няхай сабе бегае. Сабака за катом таксама бегае. — Дзіна трошкі памаўчала і сказала раўнадушна і нязлосна: — У гэтага Гаранка зубы рэдкія.

Апошнія дні — Дзіна адчувала гэта — нешта зрабілася з ёю, быццам сэрца скамянела. Памёр дзед Ігнат, і разам з ім памерла нешта ў ёй. Не знаходзіць месца, ходзіць, як пабіты, Антон, і ў яе сціскаецца, халаднее нутро. А зараз вось Антон зусім захварэў. А гэта весялушка — Дзіна глянула на Яніну — шчабеча, смяецца, нібы не ведае, што па ёй сохне брат.

— Мама абяцала навучыць мяне ткаць абрусы ў шаснаццаць нітоў, — гаварыла між тым Яніна. — Але Бацюта кажа, што цяпер Савецкая ўласць, і ўсю адзежу будуць з горада прывозіць, крамную.

— А гарадскія што будуць насіць? — Дзіна адвяла ад твару галіну арэшніку.

Яны спускаліся ўжо ў нізіну, у якой за рэдзенькім нізкарослым хвойнікам пачыналася імшанае балота. З-пад ног пырскала зеленавата-жоўтая вада. Яны паднялі ўверх крыссе кажушкоў, каб не запэцкаць, асцярожна пачалі перабірацца на сушэйшае месца. Яніна не сціхала ні на хвіліну.

— Ты ведаеш, як трэба хлопца прыварожваць, каб за табой хадзіў? — спыталася яна ў Дзіны і, не дачакаўшыся адказу, зрабіла круглымі вочы, сцішыла голас: — Трэба, калі памрэ які чалавек, прыйсці ў тую хату і працягнуць нітку з іголкай праз адзенне нябожчыка, ды так, каб ніхто не бачыў. А потым гэтай жа іголкай і ніткай хлопцу, кавалеру свайму, нашыць вузел на адзенні. І будзе ён за табой хадзіць заўсёды, як за іголкай нітка.

Тое, пра што расказала Яніна, уразіла Дзіну. Яны пайшлі моўчкі, кожная са сваімі думкамі. Так, моўчкі, натрапілі на мохавыя купіны, разаслалі пасцілкі, пачалі скубці мох. Мох быў доўгі, зеленавата-белы, ужо халодны. Хутка пачалі мерзнуць і балець пальцы. Дзіна хукала на іх, прыкладвала да грудзей і грэла.

— Ой, мяне, мусіць, мурашка ўкусіла. — Яніна аж падскочыла з купіны.

Дзіна весела глянула на яе, яны засмяяліся. І гэты смех адразу знішчыў тую халоднасць, што была спачатку між імі. Наскублі моху, туга завязалі пасцілкі, але браць іх за спіну не спяшаліся.

— Давай цяпельца распалім, — прапанавала Яніна.

— А чым ты яго распаліш?

— Вось чым. — Яніна дастала з кішэні кажушка карабок запалак, патрасла яго над галавой. — У Івана нашага ўзяла. Хай не прывыкае курыць.

Выбралі сухі высокі грудок для цяпельца, пайшлі шукаць ламачча. Дзіна паволі ішла па лесе, падбірала з зямлі галінкі, шышкі, трухлявыя карчы. Вось у зацішным густым месцы, на ўзгорку, стаіць елачка, маладзенькая, зграбная. Толькі ніжнія галінкі ўжо зусім жоўтыя. Дзіна пацягнула за галінку, і раптам елачка лёгка нахілілася і ўпала набок. Гэта было так нечакана, што Дзіна ўся аж скаланулася, і на колькі імгненняў ёй пераняло дыханне. Недзе побач, у густым ельніку, весела гаварыла Яніна, ламала сучча, якое звонка, ядрана трашчала; круціўся над пагоркам адзінокі жоўты лісцік, быццам выглядаў месца, куды ўпасці; няярка свяціла сонца, ужо бледнае, халоднае; а тут ляжала ка зямлі елачка, і пад ёй, пад яе карэннем, пад тоўстым пластом ляснога дзірвану-падзолу, была яміна, нібы пограб. У яміне хаваўся чалавек. Ён ляжаў на спіне, як нябожчык, ляжаў на нейкіх кажухах і світках, на яловых лапках. Дзіна амаль не бачыла яго твару, так цёмна было ў яміне, але вочы чалавека дзіўна і загадкава свяціліся, як два бліскучыя каменьчыкі на дне ракі. Дзіна, уся змярцвелая ад страху, пачала паволі адступаць назад. І тут чалавек, слаба і хрыпла, паклікаў яе:

— Дзіна... Пастой...

Ён ведаў яе! Гэта яшчэ больш распаліла яе страх.

— Не бойся... — шаптаў чалавек і стараўся прыўзняцца, але вельмі мала сілы было ў яго. З яміны патыхала смярдзючым застаялым потам.

— Я Баўтрук... Ляснік з маёнтка, — спяшаючыся, гаварыў чалавек, баючыся, што яна пойдзе і ён зноў застанецца адзін у сваёй цёмнай яміне-магіле... — Грудзі смаліць... Вады... Не выдасі?

Баўтрук, відаць, быў зусім хворы. Словы яго, слабыя і блытаныя, былі, як шум восеньскага лесу, як шорхат зямлі, што асыпалася з карэння елачкі. Дзіна ўсё адступала і адступала ад гэтага месца, а ён зноў жалобна прастагнаў: «Не выдасі?..» — і пацягнуў на сябе карэнне елачкі, накрыўся ёю, нібы коўдрай, нібы векам труны.

Зноў, як у казцы, расла елачка, толькі чамусьці ў бязветраны дзень галінкі яе дрыжалі, і з іх падала, асыпалася жоўтая ігліца. Дзіна ледзь не пабегла да Яніны, якая ўжо чыркала запалкамі, і ў вушах у яе ўсё гучала, як стогн:

«Не выдасі?»

— Чаго ты так пабялела? — здзівілася Яніна, гледзячы на сяброўку.

— Нешта дрэнна мне. — Дзіна сядзела каля цяпельца, але яно не грэла яе. Халодны страх быў у сэрцы.