Потым, калі ўжо ўзвалілі за спіну ношкі і пайшлі дадому, Дзіна ішла моўчкі, краем вуха лавіла вясёлы шчэбет Яніны, і ёй усё бачыўся гушчар, елачка, а пад елачкай, у цёмнай яміне, чалавек-крот, яго жалобныя вочы.
Дома былі бацька і Антон. Антон ляжаў на печы і глуха кашляў.
— Дзе мама? — спыталася Дзіна.
— Пайшла на сяло, — адказаў Прахор. — Можа, дзе з хунт солі пашанцуе пазычыць...
Ён сядзеў за сталом і ўважліва разглядаў нейкія паперы, моршчыў лоб, ледзь не варушыў ад напружання вушамі, але чытаць не ўмеў, і таму літары на жоўтай паперы былі для яго мёртвым насеннем.
— Антон, вазьмі пачытай, — не вытрымаў нарэшце Прахор і палез на печ да сына.
Дзіна пачала мыць посуд, і думкі яе былі нейкія блытаныя.
Між тым на печы Антон чытаў:
— «Уся зямля — дзяржаўная, удзельная, кабінецкая, манастырская, царкоўная, пасесійная, маяратная, прыватнаўласніцкая, грамадская і сялянская і гэтак далей адчуждаецца безвазмезна, ператвараецца ва ўсенароднае дастаяніе і пераходзіць у карыстанне ўсіх працоўных на ёй».
— А што такое маяратная зямля? — спытаўся Прахор.
— Не ведаю. Тут не напісана, — кашлянуў у кулак Антон.
Дзіна мыла посуд і думала: што ж ёй рабіць? Як сказаць пра Баўтрука? Ён жа, Баўтрук, людзям дыхнуць не даваў, за кожнае паленца дроў усе слязьмі плацілі. І Антона ён злавіў з дубком. Пайсці да Бацюты, яму сказаць? Ён тут ад Саветаў начальнік. Але нешта трымала яе.
Успаміналіся вочы, жалобныя, хворыя, як у беспрытульнага сабакі, успамінаўся голас Баўтрука, ціхі, ужо зусім нястрашны.
«У зямлю закапаўся, ад людзей хаваецца, — думала яна. — Што ж рабіць?»
Прыйшла Аўдоля, злосная, стомленая, без солі. Села на ўслон, зняла з галавы хустку. Мокрыя ад поту, сіваватыя валасы збіліся ў лямец.
— Гром бы разбіў такое жыццё, — сказала яна, хацела заплакаць, але ўбачыла на печы Прахора і лінула на яго сваю злосць, як халодную ваду з конаўкі: — Чаго ты там, як дзед стогадовы, разлёгся? Усё кніжачкі чытаеш, дзякрэты. Так табе зямлю і дадуць, у кошыку прынясуць — бяры. От, гасподзь мой высокі, у людзей мужчыны як мужчыны, а гэты...
— Сціхні! — крыкнуў раптам Прахор.
Дзіна здзіўлена глянула на бацьку — калі ён такі смелы зрабіўся?
А Прахор ужо злазіў з печы, і за ім падалі, грымелі смалякі, што сушыліся там.
Ён падышоў да жонкі, рашуча пачухаў лысіну, сказаў ужо цішэй:
— Сціхні. Чаго верашчыш, як курыца? Дарэмна дзякрэт не напішуць. Чую: дарэмна не напішуць...
Ён узняў угору палец і колькі часу трымаў яго так.
— Знайшоўся прарок, — хмыкнула Аўдоля, але злосць у яе ўжо прайшла, і яна, уздыхнуўшы, разам з Дзінай пачала збіраць вячэру.
«Што ж рабіць? — думала Дзіна. — І чаго я падышла да той елачкі? Ці мала іх у лесе. Нічога б не ведала, ні пра што б не думала».
Яна запальвала ў печы, глядзела, як агеньчык бяжыць па сухім палене. Вось быццам паслізнуўся, сарваўся з палена, але ж які ўпарты — зноў учапіўся за кавалачак бяросты, пераскочыў адтуль на сучок, далей, далей, і вось ужо гудзе полымя, страляюць вуголлі. Глядзіш — і твару, і вачам балюча, і ўсё-ткі не хочацца адводзіць вачэй, бо ёсць нешта ў агні такое, што прыцягвае чалавечую душу, чаго не выкажаш словамі. — А яму ж там холадна ў той зямлянцы, — падумала яна раптам пра Баўтрука. — Зіма хутка, мароз зямлю скуе... І зноў яна жахнулася: божа ж мой, што рабіць? Ён быў нядобры, злы, быў вораг усяго сяла, але ж ён чалавек, хворы і адзінокі, ён, напэўна, у сваёй схованцы ўсё жыццё сваё перадумаў: і быць не можа, каб сэрца яго не памякчэла, бо не дарма ж людзі кажуць: гора вучыць.
Калі добра сцямнела і запалілі свяцец, Дзіна падышла да печы і асцярожна кранула брата за нагу:
— Антон, давай на сяло сходзім. Казалі, у Перуноўскіх вечарынка будзе. Мішка гарбаты з Запольцаў іграць прыйдзе.
Антон сеў на печы, працёр кулаком вочы, моўчкі пачаў абувацца.
Яны пайшлі ўздоўж платоў па хісткіх слізкіх кладках, што ляжалі ў гразі. Старыя ліпы, нябачныя ў цемры, глуха шумелі над вёскай. Ліпы шумелі яшчэ тады, калі Дзіны і Антона не было на свеце, калі іхнія дзяды былі такімі маладымі, як яны. Каля Перуноўскіх стаялі хлопцы і дзяўчаты, рыпаў гармонік, нехта лена стукаў у бубен. Гразь чвякала пад нагамі.
— Людвік не пускае. От шляхцюк — заеўся, — пачулі яны вясёлы голас Мішкі Сырамалота. — Гайда да майго Лаўрэна.
Лаўрэн Лапыцька пусціў усіх у хату, сам залез на печ і глядзеў адтуль, як стары цецярук. Вочы яго слязіліся ад тытунёвага дыму, у русых вусах былі хлебныя крошкі.
Дзіна падалася да дзяўчат, а Антон стаў каля парога — адсюль усё відаць, а сам нікому вочы не мазоліш. Гарбаты Мішка з Запольцаў сядзеў у куце пад абразамі і іграў «сербіянку». Твар яго быў нерухомы, нібы высечаны з шэрага палявога каменя. У круг яшчэ ніхто не выходзіў, толькі Мішка Сырамалот узяў вялікую медную конаўку з вадой і пырскаў з яе ваду на падлогу.