Нарэшце завіхурыўся танец. Хлопцы клалі дзеўкам на плечы рукі, колькі імгненняў, як сонныя, тапталіся на адным месцы, патраплялі ў лад музыцы, і потым, нібы хто гарачай галавешкай раптоўна апякаў ім пяткі, падскоквалі і пачыналі кружыцца, з прытупам, з прысвістам, з форсам, ды так, што аж уваччу дваілася. Вецер ішоў па хаце ад доўгіх дзявочых спадніц. У кожнай дзеўкі ў рукаве была вышываная насоўка. Дзеўкі абмахваліся імі, выціралі пот з твару. Потым, пасля вечарынкі, на цёмнай вуліцы хлопцы будуць прыставаць да дзяўчат: «Падары мне хустачку...»
Антон, як і большасць яго аднагодкаў, стаяў у парозе, глядзеў на расчырванелыя, потныя твары тых, што танцавалі, на лямпу-дзесяцілінейку, што ўздрыгвала пад столлю. Рыпелі, калаціліся маснічыны. Малодшы Сцепанюгаў хлопец з усяе сілы лупіў па туга нацягнутаму бубну дубовай качалкай. Багі з абразоў здзіўлена глядзелі на гэтыя імклівыя і шумныя скокі.
Антон умеў танцаваць — Дзіна навучыла, але ў круг выходзіць яшчэ саромеўся. Ды і, па праўдзе сказаць, ён лічыў гэта несур'ёзным заняткам. Гэта для такіх, як Мішка Сырамалот, — яны і нагамі падрыгаць, і языком памалоць ахвотнікі. Але вунь і Міхейчыкаў Іван у круг выйшаў з Франяй Перуноўскай. Шустры Капыток, нічога не скажаш.
Іван параўняўся з Антонам, глянуў на яго, нічога не сказаў, быццам не ўбачыў. Антону стала горача. Усё дзьмецца, усё злуе. А што ж было тады рабіць яму, Антону? На таго звяругу сотніка кінуцца, галаву сваю скласці? Усе вы разумнікі, усе героі — і Капыток, і Мішка Сырамалот, і сам Бацюта.
Танец скончыўся. Дзяўчаты стомлена сядалі на ўслоны, на табурэткі, пачалі махаць каля ружовых твараў насоўкамі. Хлопцы паціснуліся да сцен, закурылі. Толькі адзін Мішка Сырамалот застаўся ў крузе, кінуў шапку на печ Лаўрэну, трасянуў чубам і закруціўся на адной пятцы, заспяваў:
— Ну і Мішка, ну і чорт печаны, — зацмокалі некаторыя. Толькі Антону не спадабалася прыпеўка. Падалося яму, што Мішка спявае, а сам хітра паглядае на яго. «Гэта я руды», — здагадаўся Антон.
Ён падаўся ад парога бліжэй да печы, на якой сядзеў Лаўрэн Лапыцька. Лаўрэн заўважыў яго, ажывіўся, крыкнуў, перамагаючы шум:
— Чаму не танцуеш, Антон? Ушчаміў бы якую...
На яго худых грудзях праз расшпіленую кашулю, як тук, блішчаў пот.
— Не хочацца, дзядзька, — сказаў Антон.
— І то праўда, — адразу згадзіўся Лаўрэн. — Мой нябожчык бацька казаў: шукай жонку ў гародзе, а не ў карагодзе.
Ён памаўчаў, паскроб грудзі карычневай, сухой, як трэска, рукой, спытаўся:
— Будзеце дзеду Ігнату сарачыны спраўляць?
— А як жа. Цялушку зарэжам.
Зноў зайграў гармонік. Пачалі танцаваць «Лысага». Раптам расчыніліся дзверы, нейкі хлапчук крыкнуў:
— Васіль Гаранок грамафон цягне. Усе павярнулі галовы да дзвярэй. Васіль, высокі, кучаравы, у суконнай паддзёўцы, ледзь праціснуўся ў хату. На выцягнутых руках нёс перад сабой грамафон з вялікай трубою.
«Задавака, — падумаў Антон пра Васіля. — Цягне свой грамафон, як дурань дзверы».
Васіль весела гігікаў, прайшоў праз усю хату да лавы, паставіў грамафон побач з Мішкам-гарманістам. Сеў, закурыў, перакінуўшы нагу цераз нагу. Боты ў яго былі хромавыя, халявы закасаныя, відаць жоўтыя вушкі. Дзеўкі прыціхлы глядзелі на яго, шапталіся. І тут, як певень, выскачыў на сярэдзіну хаты Іван Міхейчык, тупнуў нагою:
— Усё роўна мой лапаць лепшы, чым твой бот. Васіль глянуў на яго нагу, спакойна сказаў:
— Нічога лапаць. Анучкі белыя, кужэльныя. Іван пацямнеў у твары:
— Смяешся, гад? Колькі ў твайго бацькі дзесяцін зямлі? Семдзесят?
— Не лічыў, — павярнуўся Васіль да грамафона. — Зямля бацькава, не мая.
— Савецкая ўласць адрэжа. Усю, што ў людзей нахапалі. Вясною ж і адрэжам.
— А я што — проціў? Я і сам за Савецкую ўласць.
Мужык-пралетар. — Васіль хацеў завесці грамафон, але
Іван схапіў яго загрудкі, і яны пакаціліся па падлозе.
Прарэзліва завішчэлі дзеўкі. Грамафон зваліўся на лаву.
— А ну, анціхрысты, вымятайцеся з маёй хаты! — крыкнуў з печы Лаўрэн і схапіў качалку, якой качаюць бялізну.
Расштурхоўваючы ўсіх локцямі, як уюн, праслізнуў праз натоўп Мішка Сырамалот, страшна выкаціў вочы:
— Устаць! Смірна-а!
Гэтая яго нечаканая каманда так уразіла і здзівіла ўсіх, што нават Іван з Васілём апусцілі рукі.