«У Сцяпана Гаршкова камандаваць навучыўся», падумаў Антон пра Мішку.
З хаты ўсе павалілі на вуліцу. Дзеўкі былі незадаволены, што вечарынка так хутка скончылася, хлопцы абмяркоўвалі бойку. Большасць была на баку Івана Міхейчыка.
— Храмачы абуў, — злосна гаварыў пра маладога Гаранка Мікіта Сцепанюга. — Грамафон свой прыпёр. Прывалок бы яшчэ арфу мерыканскую, што ў бацькі ў гумне стаіць.
Антон ішоў па вуліцы, шукаў вачамі Дзіну і думаў, што дарэмна накінуўся Іван на Гаранка. Ад зайздрасці ўсё гэта. Абуў чалавек добрыя боты, дык што — здзіраць іх у яго з ног? І чаму гэты Іван усюды свой нос утыкае?
Падышлі Дзіна з Янінай. Антон адчуў, як няўлоўная млявасць падкочваецца да сэрца, і, каб нечым сябе супакоіць, пачаў кашляць.
— Быў бы ты дома. Чаго я цябе на гэту вечарынку пацягнула? — занепакоілася Дзіна.
Яніна ішла моўчкі, заклаўшы рукі ў кішэні кажушка. Яе твар загадкава бялеўся ў цемры, вусны былі сціснуты. Была яна ўся такая зграбная, лёгкая, прыгожая, а яе маўклівасць так стасавалася да начной цішыні, да шолаху ліпаў, да мігцення зорак на небе. І Антон пашкадаваў, што разам з імі ідзе Дзіна, што яны дойдуць вунь да той пахіленай Нупрэевай бярозы і развітаюцца.
— Ну то да заўтра, — сказала Яніна, прыгнуўшы галаву, увайшла ў нізенькія варотцы свайго двара, і ўжо з парога хаты яшчэ раз данёсся яе голас:
— А наш Іван добра б'ецца. Малы, малы, а гэтага Гаранка ў абаранак скруціў...
Дзверы за ёй зачыніліся, і ноч зрабілася адразу цямнейшай і глушэйшай. Калі трохі адышліся ад Міхейчыкавай хаты, Дзіна спыталася:
— Антон, як ты думаеш — дзе цяпер Баўтрук?
— Не ведаю. А чаму ты пытаешся? — здзівіўся Антон.
— Ён біў цябе тады ў лесе?
— Івана біў. Мяне толькі памагаў звязваць.
Антон асцярожна ступаў па цёмнай вуліцы, і зноў бачылася яму Яніна, яе чорныя вочы, яе ўсмешка.
«Яна зараз кладзецца спаць», — са шчымлівай цеплынёй падумаў ён.
З цемры паклікалі:
— Антон, пастой.
Падышоў Мішка Сырамалот, у руцэ заціснута цыгарка, іскры з яе падаюць на зямлю. Каля плота, на лавачцы, бялеўся дзявочы кажушок.
— Прыйдзі заўтра ў маёнтак, — сказаў Мішка, а сам усё глядзеў у бок лавачкі.
— Чаго?
— Работу табе знойдзем.
Мішка, цяжка перавальваючыся, пайшоў да лавачкі.
Назаўтра Антон паснедаў, пачаў памагаць бацьку складваць паветку. Бярвенні былі лежаныя, сухія, і таму ён насіў іх адзін. Бацька толькі раўняў вуглы, рассцілаў мох. Часам бацька браў старэнькі ровень, у якім пад зеленаватым шклом бегала кропля паветра, прыкладваў яго да сцяны, жмурыў вока:
— Ну-тка, што наш брахун пакажа...
Антону было смешна, што бацька ровень заве брахуном. Ад работы Антон разагрэўся, адчуў, як у руках і ў скронях моцна запульсавала кроў. Толькі адно не давала яму спакою: дзеля чаго Мішка ўчора сказаў прыйсці ў маёнтак? Ён за апошні час звыкся з тым, што з ім мала хто гаворыць, што яго нават цураюцца. Крыўдна, вядома, было, але ён супакойваў сам сябе: не ўсе ж павінны быць такімі ўдальцамі і гарлахватамі, як Мішка і Іван Міхейчык. Некаму трэба быць у цяньку, рабіць чорную работу і не вытыркацца наперад. Ёсць коні, што вечна цягнуць свой цяжкі плуг, і ёсць стаеннікі, што толькі ведаюць — гарцаваць і красавацца.
Кончылі класці сцены, і Антон не вытрымаў — не стаў памагаць бацьку ўсцягваць страху.
— Вечарам зробім, — сказаў ён. — Хай сцены трохі асядуць, — а сам хуценька шмыгнуў у хату, спаласнуў з твару пот, апрануў навейшую світку і рушыў у маёнтак. Яшчэ здалёк заўважыў: над маёнткам у халодным бела-шэрым небе трапечацца чырвоны сцяг.
У флігелі ён сустрэў Матруну Сазанавец — цяпер усе яе звалі — Матруна Гаршкова. Яна глянула на Антона не вельмі ласкава, але запрасіла сесці, а сама, не разгінаючыся, нажом скрабла вялізныя чорныя чыгуны.
— А дзе ж народ? — нясмела спытаўся Антон.
— З раніцы, як усхапіліся, паехалі ў лес дровы нарыхтоўваць. Бабруйскі рэўком дужа прасіў. Мой таксама там... — Яна здзьмухнула з ілба спатнелую светлую пасму валасоў, глянула на Антона: — А ты чаго прыйшоў?
— Нешта Мішка Сырамалот учора сказаў. Вось я і прыйшоў.
— Мішка сказаў? — адразу падабрэла Матруна. — Тады чакай — на абед павінны ўсе заявіцца.
Антон выйшаў з флігеля, паволі пайшоў па двары. Пакуль ён гаварыў з Матрунай, у прыродзе адбыўся цуд: над дваром пачалі кружыцца першыя сняжынкі. Спачатку яны былі нясмелыя, бязважкія. Прамень сонца, што прарваўся праз белую воўну хмар, асвятляў іх, і яны ляцелі з неба, як сярэбраныя іскры, як бліскучыя, зіхатлівыя зорачкі. Снег спарнеў, гусцеў, мяккай, але трывалай сцяной адгарадзіў ад Антона наваколле. Ціха-ціха было наўкола, толькі чуўся шорхат, слабы і няўлоўны, быццам тысячы белых матылькоў адначасна ўзмахнулі крыльцамі. Антон хадзіў па двары, рукамі і ротам лавіў сняжынкі, і пад нагамі ў яго замест чорнай непрыгожай зямлі рассцілалася мяккая пухкая бель. З флігеля выскачыла Матруна з чыгунамі ў руках, паглядзела на неба, на белыя дрэвы, на стрэхі, на белую Антонаву шапку, засмяялася. І Антон адчуў, што ў яго сэрца ўваходзіць радасць, нейкі празрысты, ціхі спакой.