Нарэшце з-пад лесу паказаліся фурманкі. Снег заляпіў коням грывы, здавалася, нехта накінуў ім на шыі белыя торбы, і коні беглі ціха, асцярожна. Снег яшчэ не асеў, не зацвярдзеў, ад колаў фурманак заставаліся чорныя палосы.
— Здароў, Антон, — мякка саскокнуўшы з фурманкі, сказаў Мішка Сырамалот. — Пойдзем спачатку пасёрбаем гарачанькага...
Разам з Мішкам прыехалі Сцяпан Гаршкоў, Мікіта Сцепанюга, Рыгор Заяц, Іван Міхейчык. Увайшлі ў флігель, знялі адубелыя ад холаду кажухі, рукаўкі, селі за стол.
— Бяры лыжку, чаго стаіш? — сказаў Антону Сцяпан Гаршкоў. Антон прымасціўся на краёк лаўкі, няўпэўнена торкнуў лылску ў вялізную гліняную міску, з якой, як дым, вілася густая пахучая пара. Але ніхто не заўважыў ягонай разгубленасці. Усе дружна варушылі сківіцамі, і Матруне праз колькі часу давялося даліваць у міску капусту.
— Добрыя бараны ў графа Незабітоўскага, — ірваў мяса белымі шырокімі зубамі Мішка. — Заўтра трэба яшчэ аднаго зарэзаць.
«А ты ахвочы да чужога мяса», — падумаў Антон. Ён адагрэўся, шморгаў носам, быў злосны на сябе і на ўсіх.
— Дзе гэта наш Бацюта дзеўся? — выціраючы вузкай далонню спатнелы лоб, спытаўся Рыгор Заяц.
— У Бабруйску Бацюта. Паехаў паглядзець, што там робіцца, каб пераняць вопыт. Мазгавіты ён мужык. — Мішка расшпіліў каўнер кашулі, глядзеў на ўсіх вясёлымі вачамі. — Яму ў турме ногі жалезнымі ланцугамі да сцяны прыкоўвалі. А ён усё сцярпеў, выжыў. Мазгавіты мужык. І я каля яго намагніціўся.
— Андрэй чалавек правільны, — падтрымаў Мішку і негаваркі Гаршкоў.
Калі выйшлі на вуліцу, Мішка павёў Антона ў маёнтак. У невялікім пакоі проста на падлозе ляжаў кавалак матэрыі з сажань даўжынёю, такі чырвоны, аж вачам было балюча.
— Нам Іван Капыток сказаў, што ты добра малюеш, — паглядзеў Мішка на Антона. — А літары ты ўмееш маляваць?
— Умею. — Антон яшчэ не здагадваўся, што за работа яго чакае.
Мішка павесялеў.
— Тады добра. Свой сцяг мы задумалі зрабіць. Кожная дзяржава, казаў Бацюта, мае свой сцяг, дык няхай ён і ў вёскі нашай будзе.
— Тут, — Мішка паказаў пальцам, — напішы «Смерць капіталу», а тут, — ён на імгненне зморшчыў лоб, — напішы «Чмялёўскі атрад сялянскай Чырвонай гвардыі». Гэта мы ўсе талакою прыдумалі.
Антон пачухаў патыліцу — нялёгка давядзецца, — але нічога не сказаў, дастаў з кішэні ножык, з веніка, што валяўся ў куце, пачаў выразаць палачку для малявання. А Мішка чамусьці зноў спытаўся:
— Дык ты ўмееш маляваць? — І, не дачакаўшыся адказу, хвалюючыся, папрасіў: — Слухай, Антон, намалюй таварыша Леніна. Каб як жывы быў. Справішся, га?
У яго вачах была такая надзея, такое чаканне, ён аж падаўся ўвесь наперад. Але Антон буркнуў:
— Гэта я не змагу.
Мішка адразу абмяк, пацямнеў з твару:
— А Капыток хваліў цябе. Што ж ты ўмееш? Правадыроў народных не можаш намаляваць? — Але, трохі падумаўшы, махнуў рукой: — Давай малюй літары.
Гэтай работы Антону хапіла на два дні. Увесь час за яго спінай хто-небудзь стаяў, глядзеў, часам з флігеля прыбягала Матруна. Антону падабалася, што ён такі патрэбны, што ён можа зрабіць такую справу, якая не пад сілу іншым.
Гаршкоў, глянуўшы, як прыгожа ён напісаў літары, сказаў: .
— Малайчына, Антон, — і моцна паціснуў яму руку.
Нават Іван Міхейчык усміхнуўся яму, але, праўда, усмешка была халаднаватая, слабенькая.
Потым Мішка сказаў:
— Калі ты такі вучоны, дык, можа, кніжкі паглядзіш? Іх тут, як варон увосень. Але ж трэба тыя выбраць, што розум і сілу мужыку даюць, а кніжкі пра розныя графскія фінціклюшкі хай павукі чытаюць.
Разам з Гаршковым Антон падняўся на другі паверх маёнтка. Ён яшчэ ні разу тут не быў.
«Дык вось як жылі графы», — думаў ён, асцярожна ступаючы па мяккіх, нейкіх дужа бліскучых дыванах, гледзячы на высокія, з чырвонага дрэва, дзверы, на вокны, то круглыя, то вузкія, зашклёныя сінім, жоўтым і зялёным шклом.
Яны мінулі доўгі светлы калідор, увайшлі ў бібліятэку. І тут Антон убачыў карціну. У прыгожай пазалочанай раме вісела яна на сцяне. Чужое незразумелае жыццё глядзела на Антона з карціны: на багатым, мяккім ложку ляжыць маладая, вельмі прыгожая жанчына, ружовая пасля сну, зусім голая. Вочы ў жанчыны ляніва-гарэзныя, цёплыя і ўладныя. Адхінаючы шырму, цікуе за жанчынай чарнаскуры хлопчык, вірлавокі і таўстагубы, у вострай шапцы, у шырокіх пярэстых штанах. «Пэўна, яе парабак», — падумаў Антон. Ён адчуваў, што не можа адарваць пагляду ад жаночага цела, і гэта бянтэжыла яго. Грудзі і плечы жанчыны, здавалася, выпраменьвалі таямнічае святло, ад якога лёгка кружылася галава. І ўся яна была, як прамень святла, дрыготкі, няўлоўны.