Гаршкоў хмыкаў, спадылба глядзеў на карціну.
У бібліятэцы кнігі былі пакрыты тоўстым пластом пылу. Праз пыл цьмяна прасвечвала золата пераплётаў. «Гэтулькі кніг, — здзівіўся сам сабе Антон. — Іх можна чытаць усё жыццё, і жыцця не хопіць...»
Кнігі ляжалі ў вялізных дубовых шафах, стаялі на доўгіх, ажно прагнутых пад іх цяжарам, паліцах, валяліся на падлозе. Гэта была сапраўдная турма кніг, таму што ўжо працяглы час імі ніхто не цікавіўся, ніхто іх не чытаў.
Антон узяў з паліцы кнігу, цяжкую, у дарагім скураным пераплёце, прачытаў ка вокладцы: «Члены Аўгусцейшага дома Раманавых». З пажоўклых старонак кнігі ўважліва і строга глядзелі на яго вусатыя генералы, пыхлівыя жанчыны, укормленыя дзеці, усе ў золаце, у ордэнах і лентах, усе, у пераважнай большасці, халаднавокія і рыжаватыя. Антон закрыў кнігу, але, здавалася яму, вочы гэтых людзей, як вострыя цвікі, колюць яго і праз скураны пераплёт. Ён асцярожна хадзіў па бібліятэцы, браў з паліцаў і шафаў кнігі і гартаў іх, стараючыся не наступіць нагой на тыя, што валяліся на падлозе, бо кнігі ўяўляліся яму нібы жывымі істотамі. Нарэшце ён знайшоў кнігу, на вокладцы якой быў намаляваны чалавек, закаваны ў ланцугі. Чалавек, страшна напружваючы рукі, ірваў гэтыя ланцугі. Антон прачытаў некалькі радкоў, перагарнуў некалькі старонак, і кніга захапіла яго. У ёй расказвалася пра раба па імені Спартак, які ўзняў паўстанне супроць Рыма.
Назаўтра, адразу пасля абеду, Антон чытаў гэту кнігу ў флігелі. Глуха шумеў марозны вецер, маленькія вокны залепліваў белы сыпучы снег, а ўсе быццам перанесліся на тысячагоддзі назад у шумны цырк Капуі, на арэне якога паміралі гладыятары. Вось засталося двое фракійцаў супроць пяці самнітаў. Вось ужо фракіец адзін, ён паранены, цяжка дыхае, але, як і раней, бясстрашна адбівае ўдары варожых мячоў і дроцікаў...
Матруна запаліла ў печы, і водбліскі полымя заскакалі па тварах усіх, хто сядзеў за сталом. Мішка Сырамалот паклаў галаву на рукі, сціснутыя ў кулакі. Гаршкоў церабіў сваю чупрыну, часта міргаў вачыма. У Івана Капытка твар зрабіўся нібы каменны, толькі ўздрыгвала сіняя жылка на шыі.
Вось ужо ўспыхнула паўстанне, і гладыятары на чале са Спартаком узняліся на вяршыню Везувія. Унізе, у начной туманнай імгле, — тысячы кастроў. Гэта — рымскія легіёны, закаваныя ў латы, упэўненыя ў сваёй перамозе. А ў гэты час гладыятары плятуць лесвіцы з дзікіх вінаградных лозаў. Дзесяткі лесвіц! І вось сам Спартак з мячом у руцэ асцярожна пачынае спускацца з крутога абрыву. Адзін недакладны рух — і пасыплюцца, загрымяць у начной цішыні каменні...
— Ух ты! — выдыхнуў Мішка Сырамалот і махнуў рукой, быццам трымаў у ёй меч. І як засвяціліся ва ўсіх вочы, як загарэліся радасцю твары, калі гладыятарам удалося вырвацца з пасткі!
Разыходзіліся па хатах, калі пачынала цямнець. Каравуліць у маёнтку засталіся Сцяпан Гаршкоў — ён тут жыў з Матрунай, — Мішка Сырамалот і Рыгор Заяц. Антон бачыў, як ка двары маёнтка да Мішкі з Гаршковым падышоў Васіль Гаранок, папрасіў:
— Запішыце ў свой атрад.
Гаршкоў з Мішкам пераглянуліся, памаўчалі. Тады Гаранок стукнуў сябе кулаком у грудзі:
— За вас буду. Грамафон свой заўтра ж прынясу.
Мішка, у душы якога яшчэ звінелі гладыятарскія мячы, глянуў на Васіля, на ягоныя ногі, абутыя ў лапці, нахмурыўся:
— Навошта лапці абуў? Боты ж ёсць. Абувай боты. Хутка ўсе ў ботах хадзіць будзем... — Потым, трохі памаўчаўшы, сказаў: — Заўтра прыходзь. Усім атрадам паталкуем.
Антон ішоў дадому. Біліся ў вочы нябачныя сняжынкі, два колеры былі наўкола: белы — зямлі, чорны — неба.
А на наступны дзень прыціснуў марозік. Бацька ўвайшоў у хату з бярэмам дроў, сказаў:
— Дзень сёння звонкі.
З рота і з ноздраў у бацькі вырывалася пара. Работы ў Антона не было, і ён пайшоў да гумка — лавіць аўсянак. Пад пахай ён нёс драўляныя начовачкі, вяроўку. Насыпаў на прытаптаны снег трохі жыта, узяў паленца, прывязаў яго да вяроўкі, паленца паставіў рубам пад самы край начовак, а сам схаваўся за рогам гумна. Заставалася сядзець і чакаць, і калі аўсянкі пачнуць дзяўбці пад начоўкамі зерне, рэзка тузануць на сябе вяроўчыну.