Птушкі былі галодныя, і таму спакуслівае зерне прыцягнула іх увагу вельмі хутка. Штук пяць аўсянак — бокам-бокам падскакалі да начовак, на імгненне насцярожыліся. Нешта іх палохала.
Пер'е ў іх было бурае, толькі цемя жоўтае. Надхвосце і бакі былі ржава-карычневыя. Здавалася, вецер прынёс аднекуль з лесу мёрзлае восеньскае лісце. Яны скакалі каля начовак, і з іх кволых тоненькіх дзюбак вырывалася: зінь-зінь-зі-і-і-нь... Быццам вецер свістаў у саламянай страсе. Вось адна аўсянка, смялейшая, не вытрымала, юркнула пад начоўкі. За ёй рынуліся туды астатнія. Антон трохі пачакаў і рвануў на сябе вяроўчыну. — Гу-у-ух! — начоўкі цяжка ўдарыліся ў снег, накрылі птушак. Толькі перына ўзвілася ў паветра.
Антон даставаў з-пад начовак аўсянак, засоўваў іх за пазуху, у кішэні. Адну ўзяў у рукі, хукаў на яе, саграваў дыханнем. Маленькае дрыготкае сэрца аж разрывалася ў ягоных руках.
Каля хаты яго сустрэла Дзіна, бледная, нейкая непрывычная. Глянула на птушак, і вусны ў яе скрывіліся, як ад плачу:
— Выпусці ты іх, Антон. Навошта мучыш?
Ён паслухаў яе. Аўсянкі спалохана сіганулі ў неба, толькі іхняе цяпло яшчэ доўга заставалася на руках, быццам ён мыў рукі гарачай вадой.
«І сапраўды, навошта я іх лавіў? — падумаў Антон. — Ні прадаць жа іх і ні з'есці. Лавіў, відаць, дзеля таго, каб выпусціць. Каб парадавацца разам з імі...»
Ён пайшоў да маёнтка. Снег рыпеў пад нагамі, і добра думалася пад гэта рыпенне. Ён думаў, што хлопцы пачынаюць прызнаваць яго за свайго, пачынаюць паважаць, раіцца з ім, і ад гэтага крок яго рабіўся шырэйшы.
А ў гэты час Дзіна агародамі шыбавала да лесу. У невялікім клунку несла яна гладышык з вадою, паўбохана хлеба і кавалачак сала. Сэрца яе калацілася, ногі нямелі і правальваліся ў глыбокі снег. Узнімалася завіруха. Сцяна белага снежнага пылу ішла па полі. Вецер гуў у сухіх мёртвых сцяблінах, што тырчалі з-пад снегу, выдзьмуваў з іх і рассыпаў наўкола насенне, таксама мёртвае.
«Ён жа такі, як усе, чалавек», — думала Дзіна. Як сляпы свайго кіёчка, трымалася яна толькі адной гэтай думкі, не давала іншым хоць на імгненне авалодаць сабой. Яна прыйшла на балота, сунімаючы дыханне, ціха падкралася да елачкі, нахіліла яе набок і кінула ў чорную смярдзючую яміну свой клунак. Сама ж нават не глянула туды, хуценька павярнулася і амаль пабегла назад. Ёй здавалася, што ў яе зараз спыніцца сэрца. Вецер шумеў у галлі, выкрасаў з вачэй халодныя слёзы. Калі яна ўжо выходзіла з балота, елачка над схованкай ледзь прыкметна прыўзнялася, і Баўтрук паглядзеў ёй услед.
У Чмялях ужо некалькі дзён па-сапраўднаму гаспадарыла зіма. Людзі, хто як мог, зжалі свае палосы, выкапалі бульбу, нарыхтавалі каровам сена, пазатыкалі дзіркі ў хатах, каб не дзьмуў сівер. Адзіная турбота засталася яшчэ ў людзей — нарыхтоўка дроў. Але патрохі і з ёю справіліся: хто на сваім, хто на чужым коніку з'ездзілі ў лес, і па ўсёй вёсцы пад паветкамі зазвінелі пілы і загрукацелі сякеры. Бяры бярэма дроў, нясі ў хату, кладзі ў печ ці на комінак, і загудзе, заспявае полымя. І гэта гарачая песня заглушыць маркотны спеў халоднага ветру за сцяной. Сядзі ў хаце і чакай канца зімы. Так яно і было б, каб не чырвоны сцяг, што ўжо другі месяц палымнеў над маёнткам. Гледзячы на гэты сцяг, не мог чалавек заснуць бесклапотным мядзведзевым сном. У чалавека дужэлі рукі, смялела душа.
...А снег усё падаў і падаў на зямлю. Аднойчы Дзіна пайшла ў лес і ўбачыла, што Баўтрукова схованка пустая. Елачка была звалена набок, глыбокія сляды-яміны вялі ў лес. Непадалёку валяўся кажух, які на дробныя кавалачкі расшкуматалі ваўкі. Баўтрука ж не было. Холад выгнаў яго з нары.
VIII
Бацюта прыехаў з Бабруйска, і адразу ў хаце Людвіка Перукоўскага сабраліся ўсе чмялёўскія камітэтчыкі. Людвік, які збіраўся пілаваць дровы, кінуў paj боту і пачаў завіхацца каля стала. Разам з жонкай Агатай, маўклівай, худой, з карычневай радзімай плямай пад вокам, прынёс са стопкі капусты, кіслых агуркоў, нарэзаў хлеба, сала, потым падышоў да ложка, нагнуўся і дастаў адтуль вялікі, аплецены лазой буталь.
— Не трэба гэтага, Людвік, — быў запярэчыў Бацюта, але астатнія не падтрымалі яго, моўчкі глядзелі, як налівае гасцінны гаспадар светла-рудую самагонку ў «панскія кілішкі» — чарачкі ка высокіх ножках.
Бацюта сядзеў на покуце, выцягнуўшы пад сталом стомленыя ногі, аглядаў хату. Спраўная хата была ў Людвіка. З тоўстых, адно да аднаго, сасновых бярвенняў, пакрытая дранкай, з сенцамі і клеццю. У сенцах замест драўлянай падлогі быў глінабітны ток. Насупраць вялікай пабеленай печы Людвік навёў палаткі. Праз усю хату пад столлю цягнуўся патрэсканы, адпаліраваны да мядзянага бляску шост, на якім вісела, сушылася дзіцячае адзенне. Разам з Людвікам жылі два яго сыны, Росця і Жэня, з сем'ямі, і таму ў хаце было не павярнуцца ад дзяцей. Перуноўскія толькі што паабедалі. Бацюта бачыў, як малодшая Людвікава нявестка Хадосця прыбірала стол, што стаяў каля печы. Яна была нечым незадаволеная, сярдзіта шпурляла брудны посуд на прыпечак.