Выбрать главу

— Чаму ж яна толькі адну палавіну стала прыбрала? — пацікавіўся ў Людвіка Бацюта.

— Гэ, — весела паказаў цесна пасаджаныя зубы Людвік. — Мае нявесткі наравістыя. Кожная толькі сваю палавіну стала прыбірае. Хоць ты рассякай стол на дзве палавіны.

Калі выпілі па чарцы, Рыгор Крыванос, высокі кучаравы, з перакошанай ад старога ранення ніжняй сківіцай, за што яго ў вёсцы злыя языкі дражнілі «крываляпы», спытаўся:

— Як там у горадзе, Андрэй? Што чуваць пра новую ўласць?

— Новая ўласць стаіць крэпка, хлопцы, — Бацюта абапёрся на стол локцямі, па звычцы пачаў грызці свой жоўты вус. — Праўда, там, у Бабруйску, ёй цяжэй было дарогу прабіць, чым у нас. Бой быў. На радыёстанцыі на Бярэзінскім фарштаце афіцэрыкі былі заселі. Давялося гранатамі іх адтуль выкурваць. І ў Савеце гарлахваты сядзелі — бундаўцы ды эсэры. І іх турнулі. Цяпер там бальшавікі сілу ўзялі. Таварышы Бральніцкі і Серабракоў у іх за галоўных. Быў я на адкрыцці клуба, «Рабочы і салдат» называецца. Гэта падобна на тое, што ў маёнтку Незабітоўскага наш Мішка Сырамалот замышляе. Але там гэта і весялей, і баявей.

Усе глянулі на Мішку Сырамалота, які трошкі пачырванеў, але адразу ж нахмурыўся, і сам перайшоў у наступ:

— То ж гарадскія, Андрэй. Іх, як маткі раджалі, дык у мёдзе качалі. Ты скажы лепш, што з зямлёй рабіць будзем.

— Во, скажы гэта самае. Увесь народ хвалюецца, — Пятрок Заяц аж хіснуўся наперад, наставіў белыя, адмарожаныя ў каляды вушы.

— Пра зямлю Другі Усерасійскі з'езд Саветаў сказаў. Мы ж ужо чыталі яго дэкрэт. Зямля ў радавых сялян і радавых Казакаў не канфіскуецца. Сам Ленін пад гэтым свой подпіс паставіў. А вось што яшчэ Ленін гаворыць. — Ён дастаў з кішэні акуратна складзеную газету, пачаў чытаць: «Валасныя зямельныя камітэты павінны неадкладна браць усе памешчыцкія землі ў сваё распараджэнне, пад самы строгі ўлік, захоўваючы поўны парадак, ахоўваючы строга былую памешчыцкую маёмасць, якая зараз стала агульнанародным набыткам і якую пагэтаму сам народ павінен ахоўваць».

Бацюта зноў акуратна склаў газету, сказаў:

— Быў я ў Бабруйску ў рэўкоме, і вось што бабруйскія таварышы прасілі вам і ўсяму сялянству перадаць: арміі і насельніцтву патрэбен хлеб. Народная рэвалюцыя павінна даць хлеба краіне. Падвозьце хлеб у гарады, дзе ваенна-рэвалюцыйныя камітэты набудуць яго ў вас. У

Ён раптам сустрэўся з цікаўным позіркам белагаловага хлапчаняці, які з палаткаў сачыў за тым, што адбывалася ў хаце.

— Чый гэта? — спытаўся Бацюта ў Людвіка.

— Госцяў. Меншы. — Людвік стукнуў далонню па худым вострым калене: — Паўлік, чаго ты там, чортаў хлопец, нікаеш? Галаву шчэ не разбіў?

Хлапчук схаваў галаву за посцілку, якой былі завешаны палаткі. Там, на палатках, ціхенька засмяялася адразу некалькі дзяцей.

— Я думаю, хлопцы, — гаварыў Бацюта, а дзіцячы смех усё стаяў у яго ў вушах, — трэба нам стварыць свой валасны рэўком. Падлічым усю маёмасць у маёнтку, перамераем зямлю і вясной яе падзелім. Нам трэба заўтра ж склікаць сход у валасным праўленні, народу паведаміць, каб з Запольцаў і з хутароў прыйшлі.

Усе згадзіліся з яго прапановай, толькі Рыгор Крыванос сказаў:

— Адну ўладу разбілі, другую сабе на шыю саджаем. А ці нельга, каб неяк без улады, каб па душы ды па сумленні?

Бацюта глянуў яму ў вочы:

— Нельга, Рыгор. Праз дзесяць, дваццаць гадоў, можа, і можна будзе, а цяпер нельга. Думаеш, Незабітоўскі і другія панкі так сабе аддадуць сваё багацце? Біцца будуць, да смерці біцца. А значыць, трэба сіла, трэба ўлада.

Яўхім Сцепанюга, які ўвесь час маўчаў, раптам, пачырванеўшы ад хвалявання, таксама пачаў гаварыць:

— Уласць, вядома, трэба. Гэта я разумею. У кожным дзеле павінен быць гаспадар. А вось скажы ты мне, Андрэй, вот увесь час думаю, — ён змоўк, яшчэ болей пачырванеў, — я думаю, а што, калі ўсё гэта... ну, як сон? Вось прачнёмся мы заўтра, а ні Савецкай улады, ні дзякрэтаў яе няма. І нават Леніна няма. Быццам усё гэта прыснілася. Што рабіць будзем? Мне ж мой Мікіта чытаў з кніжкі, што яшчэ даўней, як і нашых дзядоў на свеце не было, Сцяпан Разін і Пугачоў за народ ваявалі. І ўсё-такі павезлі іх паны-дваране ў жалезных клетках.

Усе сціхлі, чакалі, што адкажа Бацюта. Ён нахмурыўся, узяў у рукі лыжку, круціў яе. Было чутно, як недзе на вуліцы рыкае галодная карова, як сняжынкі б юцца ў акно. Нават дзеці на палатках прыціхлі. Бацюта ўзняў галаву, але не глядзеў на Сцепанюгу, сказаў: