Мішка ад ягоных слоў дужа пачырванеў і абедзвюма рукамі пачаў прыгладжваць за вушы валасы.
— Я лічу: трэба ў новую ўладу запісаць Кандрата Гаранка, — узняўся з падлогі, на якой сядзеў, Цімох Белазор, рыжавусы дзябёлы мужычок у лапленым жоўтым кажушку, вясковы бондар. Усе звалі яго Цімох Канчанбал, таму што некалі ён служыў у войску, быў афіцэрскім дзеншчыком і ў Чмялі прывёз ад свайго вечна п'янага афіцэра прымаўку: «І ні слова больш мне не гавары. І кончан был».
— Гаранок — добры гаспадар, працавіты, — трохі памаўчаўшы, дадаў Цімох і зноў сеў на падлогу. Некалькі хвілін ва ўправе стаяла цішыня.
— Колькі ты ў яго гарэлкі выжлукціў?! — крыкнула Агапка Шамаль, і ад яе крыку Белазор аж прыгнуў галаву. Агапка пачала завязваць хустку і глядзела на Мішку Сырамалота, што вёў сход, гарачымі ад гневу вачамі: — У гэтага Гаранка зяць быў гарадавы ў Бабруйску, людзей шабляй сек. І сам ён крывасмок. Не трэба мне такой улады, калі ў ёй Гаранок будзе.
Праз натоўп яна пачала праціскацца да парога.
— Пачакай, Агапка, — узняўся са свайго месца Бацюта і звярнуўся да сходу: — Таварышы сяляне! Выбар нашага сялянскага рэўкома — сур'ёзная справа. Мы даверым яму наша будучае, наш лёс і само жыццё.
Ён строга звёў бровы:
— Хто можа сказаць добрае пра Гаранка, хто за яго перад народам можа ручацца?
— У Гаранка і зараз партрэт цара з царыцай схаваны. У куфэрку на самым дне ляжыць. Хто не верыць, можа паглядзець. — Сямён-артылерыст загрымеў сваёй драўлянай нагой, а гэта значыла, што ён вельмі раззлаваны.
— Не з нашага ён агарода! — крыкнуў Людвік Перуноўскі.
Паспрачаўшыся, у рэўком выбралі Андрэя Бацюту, Яўхіма Сцепанюгу, Рыгора Крываноса, Пятра Зайца, Паўла Макарова, Мішку Сырамалота і хутараніна Пятра Чыжэвіча. Зямлю рашылі дзяліць вясной, да сяўбы.
— Зямля не прападзе. Зямля пад нагамі. Была б яна толькі наша, — сказаў Рыгор Крыванос.
Мішку Сырамалоту дасталася самая адказная работа — перапісаць усю маёмасць графа Незабітоўскага. Мішка аблазіў увесь маёнтак, абышоў лесапільню, свірны, склады, лясныя дзялянкі, флігелі для парабкоў, абмацаў сваімі рукамі кожны цвік і праз два дні
паклаў перад Бацютам густа спісаны сшытак:
— Тут усё як на духу.
Яны падрахавалі лічбы, і Бацюта прысвіснуў:
— Гэты граф быў, як курыца, што нясе залатыя яечкі. Такое багацце! І ўсё цякло, як каню пад хвост — у Парыж і Рым, у бардэлі і на пляжы.
Высветлілася, што на млыне і ў свірнах ляжыць каля сямісот пудоў жыта.
— Што будзем з ім рабіць? — сабраў Бацюта рэўкомаўцаў.
— Я думаю, Андрэй, — сказаў Яўхім Сцепанюга, — беднякам нашым трэба даць трохі жыта. Тым, хто слабейшы, салдаткам і ўдовам. Хай народ бачыць, што мы нешта можам ужо сёння зрабіць. Не кожны Пятра дачакаецца, а сыру кожны хоча.
У нядзелю на млыне пачалі даваць жыта — на кожны двор па два пуды. Мішка падлічыў, што ўсіх такіх двароў будзе ў Чмялях сорак тры, у Запольцах васемнаццаць, і пяць на хутарах. Людзі ішлі з мяхамі, з торбамі, з пасцілкамі. Хлопчык Росці Перуноўскага на вяровачцы прыцягнуў начоўкі.
— Хіба маці мех не знайшла? — сярдзіта спытаўся ў яго Пятрок Заяц.
— Нас мех калова палвала, — калупнуў пальчыкам у носе хлопчык, — дзядзецка, насып у нацоўкі.
— У нацоўкі, — перадражніў яго Заяц, — вераб'і здзяўбуць, пакуль будзеш цягнуць. — Але жыта ўсё ж насыпаў.
Мішка Сырамалот з Петраком Зайцам важылі жыта вялікім, трохі прыхопленым іржой бязменам. Бацюта стаяў побач з пакамечаным сшыткам у руках, з алоўкам за вухам. Людзі атрымоўвалі жыта, распісваліся ў сшытку.
— Не сшытак, а сапраўдныя могілкі, — нявесела пажартаваў Бацюта, бо ў сшытку замест подпісаў стаялі толькі адны крыжы.
Мішка Сырамалот успацеў, скінуў шапку, весела гігікнуў. Яму падабалася быць шчодрым, падабалася бачыць радасныя людскія вочы. Ён адганяў вераб'ёў, што адважваліся скакаць каля самых мяшкоў з жытам.
— Акыш адсюль, буржуі!
Але раптам ён разгублена крануў Бацюту за плячо:
— Глядзі, хто ідзе.
Да млына падыходзіў Кандрат Гаранок. На плячах зашмальцаваная старая світка, на галаве белая салдацкая шапка-бесказырка.
«Дзе ён яе толькі выкапаў? — падумаў Мішка. — У войску ж ні ён, ні Васіль не служылі».
У руках Гаранок трымаў зялёны лаплены мех. Падышоў, прыўзняў над галавою шапку.
— Добры дзень, людцы.
— Здароў, Кандрат, — сказаў Бацюта, і твар яго напружыўся.
Колькі хвілін усе маўчалі.
— Чуў, збожжа вобчаству даюць, — паспрабаваў вымучыць на жоўтых запалых шчоках усмешку Гаранок. — Дай, думаю, збегаю. Баба хворая ляжыць. Па сусеках мышы ўсё падчысцілі.