— Мы не ўсім збожжа даём, Кандрат. — Бацюта скруціў сшытак трубачкай, заткнуў яго за халяву бота. -
— А мой жа Васіль у вашым атрадзе. — Лёгкая ўсмешка асвятліла Гаранкоў твар. Вочы былі разумныя, учэпістыя. Быццам ён ведаў нейкую тайну.
Бацюта гнеўна глянуў на Мішку, ступіў бліжэй да Гаранка, стаў грудзі ў грудзі:
— Ідзі дадому. Калі з голаду будзеш паміраць, сам прынясу.
Гаранок згорбіўся, зашчаміў пад паху мяшок, чамусьці яшчэ раз сказаў:
— Чуў: збожжа вобчаству даюць...
І пайшоў з двара, заграбаючы цяжкімі нагамі пухкі снег.
Бацюта адразу накінуўся на Мішку:
— Хто яго Васіля ў атрад прымаў?
— Мы, — прыкусіў губу Мішка, — прасіўся дужа.
— «Мы» быў Мікалай Другі. Ты прымаў?
— Ну я.
— І стрэльбу даў?
— Стрэльбу не далі. Няма ў нас іх лішніх. Ён — болей па гаспадарцы. Матруне Гаршковай памагае. — Мішка наском бруднага зморшчанага бота калупаў мяшок.
Да вечара супраць кожнага прозвішча ў Бацютавым сшытку стаяў крыжык ці подпіс.
— Толькі мой Лаўрэн не прыйшоў, — уздыхнуў Мішка.
— А дзе ён? — У Бацюты ад сэрца ўжо адкацілася злосць, голас быў мяккі, нават, адчувалася, прабачлівы. * -
Мішка заўважыў гэта, павесялеў, сказаў, збіваючы шапкай пыл са світкі:
— Дома мой Лапыцька.
— Лаўрэн не хоча палучаць, — умяшаўся ў размову Пятрок Заяц.
Бацюта глянуў на Мішку:
— А ну, насыпай у мяшок жыта. Пойдзем да гэтага Льва Талстога.
Яны ішлі па вуліцы, і пад нагамі рыпеў снег, як дрэнна падагнаныя маснічыны. Наперадзе прабеглі каровы, відаць, вырваліся на волю з цёмнага хлява. «Аладкі» дыміліся на снезе. Хлопчык у доўгай, па пяты, світцы бег за каровамі, спалохана крычаў;
— Рагуля! Маліна!
Але каровы, як шалёныя, імчаліся ў поле.
Лаўрэн, абуты ў тоўстыя, падшытыя гумай валёнкі, сядзеў на лаве, вастрыў нажом нейкія палачкі. Убачыў Бацюту, хуценька ўстаў, ручніком шаснуў па лаве:
— Сядай, Андрэй. Даўно не заходзіў... — І ўсё-такі ў голасе быў халадок.
Бацюта сеў, глянуў на сцены, на абразы, спытаўся:
— Пост ужо прайшоў?
— А хто яго ведае. Мая Тэкля-нябожчыца ўсё гэта ў галаве трымала. А табе навошта? — Лаўрэн неяк па-птушынаму схіліў набок галаву.
Бацюта не адказаў, устаў з лавы, прайшоўся па хаце. Было чутно, як у падпеччы сонна варушацца куры. Галіна ліпы шкрэблася аб акно.
— Крыўдзіш ты Савецкую ўладу, Лаўрэн, — рэзка павярнуўся Бацюта. Вялізны цень ад яго захістаўся на сцяне.
Лаўрэн аж уздрыгнуў:
— Што ты кажаш, Андрэй? Як я магу яе крыўдзіць?
— Чаму зерня не бярэш? Белымі булкамі аб'еўся? — Бацюта спыніўся каля Лапыцькі, глядзеў яму проста ў вочы: хоць ты праз лаву праваліся ад такога пагляду.
— Булак не ем, але і не галодны, — толькі і знайшоў што адказаць Лаўрэн. Голас у яго быў разгублены і ціхі.
— Гаранок вунь на мінулым тыдні шатровачкі на бліны нарабіў у Бабруйску. А сёння да нас прыбег, крычыць, што з голаду пухне, — гэта ўжо Мішка паставіў мяшок з жытам каля Лаўрэнавых ног. — А можа, баішся, дзядзька, што зноў буржуі вернуцца? Што за кожнае зярнятка па кроплі крыві выціснуць?
Не, Лаўрэн нікога і нічога не баяўся. Жыццё вынішчыла ў сэрцы не толькі радасць і весялосць, але і страх. Хіба можа баяцца навальніцы дрэва, якое ўжо разбіта маланкай? Страшэнная млявасць была ва ўсім целе. Як жа растлумачыць гэтым людзям, што не баіцца ён, а проста не хоча хлеба, нічога не хоча? Ён узняўся з лавы, слабымі рукамі ўзяў мяшок з зернем:
— Дзякуй за зерне. І табе, Андрэй, і табе, Мішка.
Калі яны выйшлі з хаты, ён зноў сеў на лаву, бяссільна звесіў рукі. З усіх куткоў наплывала цемра. Лучына дагарала, і сіні дым тонкім струменьчыкам віўся над комінам. І ён падумаў, што тады, раней, Грышка зноў бы запаліў лучыну, а Тэкля б села бліжэй да святла і пачала прасці.
«Чаму я такі няшчасны? — думаў ён. — Жыта далі. Бог з ім, з жытам. Добрыя яны людзі, хоць і ўзялі чужое, каб даць яго мне».
Ціха было ў хаце, як у труне. Пад печчу раптам слаба квохнула курыца. Гэта абудзіла яго ад думак. Ён зачэрпнуў з мяшка зерня, падышоў да печы, цяжка прыгнуўся і млявай рукой сыпануў жыта ў падпечча. Потым укленчыў і пачаў кідаць і кідаць туды зерне жменямі.
Неяк увечары Бацюта прыйшоў у маёнтак, сказаў Мішку Сырамалоту:
— Ну-тка паказвай, якія вы тут арцісты. Уся вёска гаворыць, а я яшчэ і не бачыў. І не сорамна вам?
У вялікай зале на першым паверсе маёнтка Бацюту паставілі крэсла з тонкімі точанымі ножкамі, з высокай чырвонай спінкай, на якой была выразана смешная звярыная мордачка. Бацюта сеў у крэсла, а каля супрацьлеглай сцяны ў такія крэслы селі хлопцы і дзяўчаты, хто з балалайкай, хто з дудачкай, хто з бубнам. Мішка махнуў рукой, а сам хуценька схаваўся за стракатай заслонай, якая адгароджвала кут пакоя. Грымнула музыка. Гэта быў, як падумаў Бацюта, нейкі вайсковы марш. І вось з-за шырмы выйшаў маленькі тоўсты генерал. На яго плячах ззялі залатыя пагоны, на грудзях і нават на жываце віселі крыжы. Генерал тупаў нагамі і сярдзіта махаў крывой шабляй. Насустрач генералу ледзь пляліся стомленыя худыя людзі, у парваным адзенні, праз якое свяцілася цела.