— На фронт! — крыкнуў генерал і паказаў шабляй наперад. І вось ужо людзі зрабіліся салдатамі: на іх галовах салдацкія папахі, у руках вінтоўкі са штыкамі.
— У атаку! — закрычаў генерал. — За цара-бацюхну, за веру праваслаўную!
Салдаты пабеглі наперад, пачалі падаць, курчыцца ад болю, а генерал, схаваўшыся за іхнімі спінамі, ужо цалаваў ручкі нейкай дужа прыгожай жанчыне.
«Ці не Матруна гэта Гаршкова? — здзіўлена падумаў Бацюта. — Бач ты, якая прыгажуня...»
На Матруне было доўгае, аж цягнулася па падлозе, чорнае і бліскучае плацце. Плечы і рукі вышэй локця аголеныя, і тонкая гладкая скура выдавала снежна-белай. У валасах ярка зіхацелі сярэбраныя стужкі.
З вуліцы прыйшоў Сцяпан Гаршкоў з трохлінейкай за плячыма. Ціха стаў каля Бацюты, не адрываючыся, глядзеў на жонку. Ад Гаршкова пахла свежым снегам, халодным ветрам, дымам.
— Усё ў парадку? — дакрануўшыся да ягонай рукі, шэптам спытаўся Бацюта.
— Усё ў парадку. Толькі завіруха ўзнялася. — Сцяпанавы вочы блішчалі ў паўзмроку.
Між тым салдаты павярнулі раптам назад, на генерала. Адзін з іх выцягнуў з-за пазухі і навязаў на штык чырвоны сцяг. Генерал спрабаваў крычаць на іх, махаць сваёй шабляй, але яму ўсадзілі штык у тоўсты жывот. І тут здарылася нечаканае. Ад рэзкага руху ў генерала, відаць, вырваўся гузік, і з-пад яго мундзіра, з-пад крыжоў і залатых шнуроў вывалілася падушка. Генерал адразу зрабіўся худы і тонкі, як арэхавы кіёк. Грымнуў дружны рогат. Салдаты схапіліся за жываты, ледзь не паміралі ад смеху. І толькі генерал — гэта быў Мішка Сырамалот — пачырванеў ад сораму і крыўды, закрычаў:
— Як ты колеш? Наваліўся, як бык, і цягне, цягне ўбок. Так толькі гной віламі з хлява выдзіраюць.
Ён ледзь не плакаў. Бацюта падышоў да яго, усміхаючыся, паляпаў па плячы:
— Вышэй галаву, пан генерал. Вельмі здорава ў вас ўсё атрымоўваецца. Падумаеш, падушка ўпала! Вунь у Мікалая Раманава карона з галавы ўпала.
Але Мішку цяжка было супакоіць. Ён уздыхаў, прыцмокваў, кусаў губы, адным словам, меў выгляд самага няшчаснага на зямлі чалавека.
— Слухай, а хто гэта вам так прыгожа і так складна ўсё сачыніў пра генерала гэтага? — спытаўся Бацюта. * Л S ІІ І
Мішкавы шчокі зрабіліся пунсовыя ад задавальнення.
— Самі прыдумалі... І Антон Радзімовічаў памог.
— Антон Радзімовічаў? Дык ён ходзіць да вас?
— Ён і сёння тут. Антон! — паклікаў Мішка.
Падышоў Антон, спатнелы, задыханы, у форме салдата.
— Гэта ж ён мяне калоў, — буркнуў Мішка.
— Здароў, Антон. — Бацюта з цікавасцю глядзеў на гэтага ціхмянага, разумнага, трошкі незразумелага хлопца. «Усё-такі прыйшоў сюды і ён, — радасна падумалася Бацюту. — А іначай і быць не можа. Усе, хто чэсны, хто хоча жыццё зразумець, абавязкова будуць з намі...»
— Мы яшчэ пра Спартака надумалі спектакль паставіць, — гаварыў Мішка. — Дужа нам спадабаўся Спартак. Глядзі сюды, Андрэй. — Ён адчыніў нізенькія дзверы. За дзвярыма проста на падлозе ляжалі бліскучыя латы, шчыты, шлемы, зробленыя з цвёрдага кардону, уздоўж сцен стаялі доўгія вострыя пікі.
— Гэта гладзіятарская зброя, — растлумачыў Мішка. — Пікі Сцяпан Гаршкоў з арэшніку робіць.
— Давайце, хлопцы, — падахвоціў яго Бацюта. — Спартак такі ж самы рэвалюцыянер быў, што і мы. Мала што жыў за тысячы гадоў да нас.
Выйшлі на вуліцу. Зверху, з чорнага цяжкога неба, адразу накінуўся вецер, ударыў у твары калючым шротам снегу, ледзь не збіў з ног.
— Ого, дае, — крактануў Бацюта, моцна трымаючы рукамі шапку, каб не ўзвілася ў паветра. Наперадзе, крокаў за трыццаць ад маёнтка, цьмяна свяцілася акно флігеля. Там, у вузкай паласе святла, круціўся сярэбраны слуп снегу. Вецер дзіка свістаў у голлі дрэў, грымеў бляхай на даху маёнтка. Прыгнуўшы галовы, стараючыся не дыхаць, пабеглі да дзвярэй флігеля. Цемра, што была запоўнена імклівым пранізлівым снегам, здаецца, хапала за рукі. У дзвярах збіліся ў кучу, ледзь праціснуліся. Антон, які бег апошні, на хвіліну затрымаўся:
— Тут на дзвярах нейкая паперына...
— Давай яе сюды. — Мішка згроб паперыну ў кішэню.