У флігелі быў толькі Іван Міхейчык: з перавязаным горлам стаяў каля стала, рэзаў хлеб і сала. Сяк-так збілі снег з шапак, світак і кажухоў.
Мішка выняў з кішэні нейкую паперыну, разгарнуў яе, сказаў:
— Глядзіце, што тут, хлопцы...
На невялікім, мокрым ад снегу кавалку тоўстай жоўтай паперы было напісана вялікімі крывымі літарамі: «Сучкі, выбірайцеся адсюль, пакуль жывыя! Усіх парэжам». Унізе пад словамі быў намаляваны нож з доўгім тонкім лязом.
— Дай мне. — Бацюта доўга разглядаў паперыну, круціў яе ў руках, потым спытаўся ў Івана Міхейчыка: — Ты нічога тут не чуў і не бачыў?
— Нічога, — адказаў Іван і пабляднеў.
— Палохаюць, гады. — Рыгор Заяц сеў на лаву, сцягнуў бот, пачаў высыпаць з яго снег, што адразу раставаў. Пад лавай заблішчала маленькая лужына вады.
— Ну што ж, хлопцы, — цяжка апусціўся за стол Бацюта. — Давайце перакусім і будзем лічыць, што нас папярэдзілі...
Ён узяў з талеркі скрылёк жоўта-сіняга сала, павольна жаваў яго моцнымі шырокімі зубамі. За вокнамі раўла завіруха. Агеньчык лямпы няўпэўнена хістаўся на кноце, здавалася, вось-вось лямпа патухне. Елі ўсе без ахвоты. Прыслухоўваліся да ўсхліпаў ветру, да шоргату снегу, яшчэ да нечага, што нябачна і трывожна стаяла за сцяной, студзёным полагам снегу біла ў шыбы.
Сцяпан Громаў з Мішкам узялі вінтоўкі, выйшлі на вуліцу. У флігелі засталіся Матруна, Бацюта, Васіль Сцепанюга, Рыгор Заяц, Іван Міхейчык, Лявон Цмыг, Васіль Гаранок і Антон. Астатнія хлопцы і дзяўчаты яшчэ з маёнтка пайшлі дадому.
Антон адчуваў, як цяжкай соннай млявасцю разліваецца па ўсім целе трывога. Вось нешта загрымела, стукнула на вуліцы. Вось быццам ля самага акна прашалясцелі нечыя крокі. Ён уяўляў сабе флігель: маленькая слабая кропля святла сярод чорнай раз'юшанай ночы. Над страхою згінаюцца дрэвы, белым снегам замуроўвае вокны, не відно ні зорак, ні сняжынак, ні слядоў. Аж мароз ішоў па скуры.
— Чаму не ясце, хлопцы? — хітравата ўсміхнуўшыся, спытаўся Бацюта. — Той, хто напісаў гэтае пісьмо, болей, чым хто, баіцца, як звер, баіцца. А мы — гаспадары гэтага дома і гэтай зямлі, нам няма чаго баяцца.
Час ішоў. Было ўжо недзе каля поўначы, калі Бацюта пачаў збірацца.
— Пайду я, хлопцы, а то Ганна мая вунь што можа падумаць. Хто са мной?
Але выходзіць у такую цемру і халадэчу ніхто не захацеў.
— Пераначуй з намі, Андрэй, — папрасіла раптам Матруна.
Хлопцы нічога не казалі, ды па іх тварах, па іх вачах было відно, што яны таксама хочуць гэтага ж. Бацюта памаўчаў, згадзіўся. Клаліся спаць хто на ложку, хто на лаве, хто проста на падлозе, на кажухах. Ніхто не распранаўся.
Антон, падклаўшы кулак пад шчаку, ляжаў на лаве. Скуголіў за сцяной вецер, аж, здавалася, уздрыгвае і калоціцца ўвесь флігель.
— Патушы лямпу, Матруна, а то яны могуць у акно па святле пекануць, — ціха сказаў Іван Міхейчык. Усе здагадаліся, хто гэта такія «яны», хоць ніхто іх яшчэ ні разу не бачыў, не мог нават уявіць іх твараў. Адно было ясна: гэтыя «яны» такія ж няўмольныя і помслівыя, як ноч, як завіруха. Цемра была іхнім домам.
Прачнуўся Антон сярод ночы. Напружыў зрок, убачыў: з вуліцы ў флігель увайшоў Бацюта, шапка і твар замецены снегам. Бацюта нахіліўся над ім, шапнуў:
— Спі. Гэта я на вёску збегаў, да Ганны сваёй, каб не хвалявалася, ведала, што са мной.
Сцюдзёны кавалачак снегу ўпаў з ягонай шапкі, апёк Антону шчаку.
Адгрымела ноч, а раніцай незвычайная цішыня стаяла над зямлёй. Завіруха выбілася з сіл, пухкім сярэбраным снегам ляжала на двары, на дахах будынкаў.
— Дзверы замяло. Не адчыніць, — весела сказаў Рыгор Заяц. З цяжкасцю выбраліся на вуліцу, узялі рыдлёўкі, венікі, пачалі прабіваць у цаліку сцяжынку ад флігеля да маёнтка. Антон працаваў разам з усімі. Наперадзе шырокай рыдлёўкай махаў Бацюта. Быў ён чырванашчокі ад работы і марозу. Пунсовае сонца выплывала з-за белага лесу. Куды дзеліся начныя страхі, трывога, што сціскала сэрца.
Дома, каля хаты, Антона сустрэла Дзіна, што ішла з вёдрамі па ваду, сказала:
— Дзе ты быў? Мама ўсю ноч не спала.
— У маёнтку быў. Нас там завіруха захапіла, там начавалі, — сказаў Антон і хацеў узяць у сястры вёдры, але яна сказала:
— Я сама прынясу. Ідзі ў хату — мама чакае. Маці, ледзь толькі пераступіў ён парог, абшчапіла яго шыю рукамі, заплакала:
— А мой жа ты сынок... Я ж думала, што ўжо і костачкі твае снегам завеяла.
— Ну што ты, мама... — Ён гладзіў яе валасы, рэдкія, сівыя, адчуваў цеплыню яе плячэй, адчуваў, як пад старэнькай сіняй кофтачкай б'ецца яе сэрца, і яму самому хацелася плакаць. Як мог ён забыцца пра яе? Усю ноч яна не спала, углядалася ў цемру за акном, слухала галашэнне завірухі.