Выбрать главу

— Не плач, мама, — казаў Антон. — Я ж прыйшоў. Я ў маёнтку разам з хлопцамі начаваў.

Ад яе пахла такім родным, знаёмым, што аж кружылася галава. І з болем і холадам у сэрцы ён падумаў, што яна хварэе, што яна некалі памрэ, і гэта ноч ляжа ёй новай маршчынкай на твар, новым рубцом на сэрца.

Пасля снядання Антон разам з бацькам пайшоў у гумно. Прахор надумаўся яшчэ раз абабіць пустыя жытнія кулі — хоць жменя зярнят курам будзе. Салома ў кулях была доўгая, чыстая.

— Вясною хляўчук перакрыем, — казаў бацька, браў халодныя жоўтыя кулі, моцна біў імі аб ток. Узвіваўся ўгору пыл, бацька жмурыў вочы, але зерня

амаль што не было.

— Значыць, добра мы з табой, Антон, цапамі памалацілі. — Прахор паклаў куль у сцірту, пахваліўся сыну:

— Два пуды жыта Савецкая ўласць нам выдзеліла. А вясной, Бацюта кажа, яшчэ і зямліцы трохі прырэжуць.

Раптам ён панізіў голас:

— А ты добра робіш, што з імі дружбу завёў. Раней, бачыў я, ты гэтых з маёнтка не дужа шанаваў, а зараз за розум узяўся. Маладзец. Ніколі ў хвасце не ідзі. Апошні толькі чужыя сляды нюхае.

Антону была непрыемная гэта бацькава гаворка. Успомнілася, як бацька дабіваўся, ці казаў што-небудзь дзед Ігнат перад смерцю пра грошы. «Усюды выгаду шукае. На ўсім хоча нажыцца: на радасці і на горы, — падумаў ён пра бацьку, — а калі мяне не было дома, маці плакала ўсю ноч, на вуліцу ў завіруху выходзіла, а ён, Дзіна казала, спаў як пяньку прадаўшы...»

ІХ

Неяк у флігель да Матруны Гаршковай зайшла Яніна Міхейчык. Была яна ў прыгожым белым кажушку, падперазаным чорным бліскучым паяском з кутасамі. На галаве цёплая мяккая хустка, на нагах зграбныя маленькія валёнкі з рудой воўны. Яніна зняла з галавы хустку, асцярожна села на лаву. Валасы яе былі гладка прычасаныя, у іх тырчаў вялікі сіні грабеньчык, які бацька на старыя анучы выменяў у Бабруйску ў Мойшы-каравачніка.

Усе з маёнтка паехалі на нарыхтоўку дроў. У флігелі засталіся толькі Матруна ды Лявон Цмыг, але ў яго разбалеўся раптам жывот, і ён пайшоў дадому ў Запольцы. Матруна сама накалола дроў, сама нанасіла іх, запаліла ў печы, пачала рыхтаваць абед. Яна вельмі ўзрадавалася прыходу Яніны — хоць ёсць з кім слоўцам перакінуцца.

— Дужа ж у вас тут інцярэсна, — казала Яніна, аглядаючыся па баках. — Гэта ты, Матруна, заўсёды адна рыхтуеш яду на ўсіх?

— Мне дзяжурнага даюць у помач. Мой Сцяпан з Мішкам Сырамалотам каго назначаць, той і памагае. — Матруна абірала бульбу ў вялізны закураны чыгун.

— Дай я табе памагу. — Яніна борздзенька скінула кажушок, прысела на ўслончык, узяла ў рукі шырокі нож з жоўтымі драўлянымі тронкамі.

— А сёння дзяжурны мой нешта захварэў. Ведаеш Лявона Цмыга з Запольцаў? Дык яму жывот з раніцы скруціла, пабег дадому, — нож так і мільгаў у Матруніных руках, доўгае брудна-шэрае шалупінне, звіваючыся, падала ў кошык.

Няяркі хмарны зімовы дзень цадзіўся праз нізка асаджаныя вокны. У печы страляла вуголле. На сцяне, што была насупраць печы, трапяталі, уздрыгвалі жоўтыя водбліскі. Было чутно, як шашаль точыць старыя бярвенні.

— У вас, відаць, тут шмат моладзі бывае, — уздыхнула Яніна.

— Прыходзяць. І нашы, і запольскія, і з хутароў. Асабліва ўвечары, калі мы свой спіктакль вучым. А ты чаго не ходзіш?

Яніна апусціла вочы:

— Іван наш ходзіць. А я... Мне нешта сорамна.

— Чаго ж тут саромецца? — усміхнулася Матруна. — Усе ў нас тут свае бываюць. Песні вучым, спяваем. Танцаваць Бацюта, праўда, забараніў. У вёсцы, кажа, вечарынкі рабіце.

Яны трохі памаўчалі, потым Яніна, чырванеючы, спыталася:

— Скажы, Матруна, а Антон Радзімовіч ходзіць да вас?

«Вунь яно што, — здагадалася Матруна, — во чаго гэта чорненькая авечка прыбралася, як засцянковая шляхцянка».

І адразу ёй успомнілася, як сама яна прыходзіла ў маёнтак, калі тут стаялі казакі. Скажа маці, што ёй трэба да сяброўкі збегаць, а сама хутчэй сюды, каб хоць краем вока глянуць на Сцяпана. Так і засталася тут.

— Ходзіць Антон, — сказала яна. — Хлопец ён талковы, разумны. Кніжкі ўсім нашым чытае, спіктакль разам з Мішкам сачыніў.

— Спіктакль сачыніў? — здзівілася Яніна, але вочы яе адразу спахмурнелі: — Тут да вас і дзяўчат многа ходзіць?

Матруна ўзнялася з услончыка, узяла вілкі, паставіла чыгун бокам да полымя, выцерла ручніком рукі, глянула на Яніну:

— Далібог, каб не ведала я цябе, Яніна, падумала б, што табе цяляты язык адкусілі. Ты ж дзеўка-агонь. Я ж добра цябе ведаю. Кахаеш Антона?

Яніна кіўнула галавой. Шчокі яе пабялелі.

— Дык чаго ж ты хаваешся ад яго? — Матруна паклала ёй руку на плячо. — Эх, дурніцы мы бабы. Колькі таго шчасця адведзена на вяку, а ўсё баімся да яго падступіцца, усё прымерваемся ды прыглядваемся, а як прыйдзе да нас, шчасце гэта самае, дык і жыць ужо няма калі.