Выбрать главу

— Не, Матруна, я не баюся Антона. — Яніна глядзела ў печ, дзе гуло ярка-чырвонае полымя. — Я і гавару з ім, і смяюся з яго, і пры людзях магу ўкалоць словам, але ж з ім не так трэба. Ён мяккі нейкі, далікатны. Ён тады ўвесь неяк сціснецца, змоўкне і так глядзіць, аж шкода яго. Я, відаць, і кахаю яго за тое, што ён ціхун.

— Ну, гэтаму я ўжо не магу навучыць, — адказала

Матруна. — Гэта ўжо само чалавеку даецца, з сэрцам. Коленая птушка па-свойму пяе. Адно я скажу: бабуля мая і маці замуж за зямлю выходзілі, не за чалавека. Каб толькі на стале было што з'есці, дзецям ды сабе. Куды тут ужо любоў! А я па сэрцы за Сцяпана свайго выйшла. І ты, Яніна, старайся, каб так было.

Слухаючы Матруну, Яніна ўсхліпнула, уткнулася ёй тварам у плячо.

Матруна засмяялася.

— Не плач. Плакаць яшчэ рана. Вазьмі во ручнік, вытры са шчакі сажу. Ці на лепш спаласні твар халодненькай вадою.

Яна зачэрпнула вялікі кубак вады, над цэбрам пачала паліваць Яніне на рукі. Яніна змывала з твару сажу, змывала слёзы і адчувала, як спакайнела ў яе на душы.

— Я пайду ўжо, — сказала Яніна і апранула свой кажушок. Матруна правяла яе на вуліцу, трохі пастаяла каля варот. Потым вярнулася ў флігель, адцадзіла бульбу, пачала таўчы яе — рабіць камы. Дужа хлопцы прасілі, каб на вячэру згатавала. Яна падсмажыла цыбулю з салам, заправіла камы і паставіла чыгун у печ, каб яны добра ўпрэлі. Увесь час яна думала пра сваю размову з Янінай.

У дзверы пастукалі, увайшоў Лявон Цмыг. Твар у яго быў змучаны, зялёны.

— Пабыў бы ты дома, Лявон, — уважліва паглядзела на яго Матруна. — Не дай бог, хвароба не пройдзе.

— Ат, — махнуў рукой Лявон і сеў на лаву. — Ад чаго ў мужыка жывот баліць? Пан пшано ў жывот, а мужык бервяно на жывот.

Ён закурыў, сядзеў, моршчыўся ад болю, сказаў Матруне:

— Можа, ад цёплага дыму лягчэй стане. А так дык я табакі і не нюхаю.

Потым закашляўся, пайшоў на вуліцу.

«Трэба будзе яму, як хлопцы з лесу прыедуць, каліны сушанай даць папіць», — падумала Матруна.

Яна адчувала, што стамілася за дзень. Во каб гэту Міхейчыкаву Яніну ўгаварыць — разам бы спарней працаваць было.

У гэты час на вуліцы нешта моцна ляснула. Матруна ўздрыгнула і падумала, што калісьці, як яна яшчэ дзяўчынкай пасвіла кароў, так шлёгаў бізуном пастух Антон Вавіцкі. Яна падышла да акна. Бялеў снег на двары. Чародка варон кружылася над дрэвамі. Лявон Цмыг апусціўся чамусьці на адно калена проста ў снег, цэліўся некуды з вінтоўкі. Вось руля вінтоўкі і Лявонава плячо рэзка ўздрыгнулі, калюча бліснула полымя. Лявон усхапіўся і цяжка пабег да флігеля. На ягонай галаве не было шапкі. Вінтоўка, якую ён трымаў за почапку, валачылася па снезе.

— Хавайся, Матруна! Бандыты! — крыкнуў Лявон, падбегшы да акна, і раптам паваліўся. На другім баку двара ўжо крута заварочваліся сані. З іх саскоквалі людзі.

Матруна не адчула страху. Толькі сум, невядомы раней, востры і дужа халодны сум, на імгненне працяў сэрца. Так шкода стала чагосьці, што аж слёзы закіпелі на вачах. Яна спачатку хуценька залезла на печ, схавалася за комінам. «Калі будуць страляць, кулі адскочуць ад коміна», — падумалася ёй. Але праз хвіліну яна была ўжо каля дзвярэй. Зачыніла дзверы на зашчэпку, азірнулася. На падлозе каля печы ляжала сякера, якой яна зусім нядаўна секла дровы. Матруна ўзяла ў рукі сякеру. Цяжкія хуткія крокі грымелі ўжо зусім побач. За сцяной застагнаў Лявон Цмыг.

— Ага, — дружна засмяяліся там, — прыпякло і табе, тхор бальшавіцкі!

Пачуліся ўдары па мяккаму, па жывому. Матруна прыхілілася шчакой да вушака, сціскаючы сякеру, і раптам нешта страпянулася ў яе пад сэрцам. Так, калі выцягваеш з рэчкі таптуху, трапечацца, б'ецца яшчэ нябачная ў вадзе рыба. Яна прыслухалася да сябе самой і ўсё зразумела. І яна зрабілася моцнай і смелай. «А Сцяпан яшчэ не ведае, што ў нас будзе дзіця», — падумала яна. Гэта была яе апошняя думка, бо ў тое ж імгненне ад страшнага ўдару лопнула жалезная зашчэпка, дзверы, пранізліва рыпнуўшы, адчыніліся. На парозе стаяў Баўтрук, худы, валасаты, з белым, як у мерцвяка, тварам. Ён, выскаліўшы зубы, крыкнуў:

— Падла! — Вырваў у Матруны з рук сякеру, наматаў на левую руку жаночыя валасы. Яна да касцей раздзірала яму шчокі. Баўтрук за валасы падцягнуў яе да стала, прыціснуў яе галаву да жоўтых дошак, што пахлі хлебам, цяжка ўдарыў сякерай. Потым ён, нібы апёкшыся, махаў рукой, усё стараўся скінуць з рукі страшны крывавы груз. Але мокрыя ад крыві валасы блыталіся ў пальцах, прыліпалі да іх.