Выбрать главу

Антон пайшоў да Сцяпана Гаршкова, папрасіў:

— Дай мне якую-небудзь работу.

— Работу? — Сцяпан глянуў на яго чорнымі сумнымі вачамі. — Пойдзеш лес пілаваць?

Кожны дзень, ледзь пачынала на ўсходзе чырванець неба, яны ехалі на карах у лес. Там валілі сосны, церабілі іх і везлі ў маёнтак. Антон абсівераў, прапах дымам і смалой, апаліў ля кастроў бровы. За дзень цела налівалася цяжкой санлівай стомай. Балелі рукі і плечы. Толькі ён не заўважаў гэтага. Ён быў разам з усімі, рабіў тое, што рабілі ўсе.

У лес бралі з сабой вінтоўкі. Нават калі пілавалі сасну, вінтоўкі віселі за плячыма. Але ніхто не спрабаваў напасці. Па ўсёй воласці было пакуль што спакойна.

Заставалася яшчэ нарыхтаваць з дзесятак кубоў. Памацнелі марозы. Ад ветру нямелі шчокі. Аднойчы Антон адбягаўся ад сасны, якая чамусьці пачала падаць не ў той бок, куды чакалі, і вывіхнуў нагу. Ледзь не плачучы, ён сеў на пень і глядзеў, як хлопцы працуюць без яго. Хлопцы спілавалі тры тоўстыя сасны, сцягнулі ў вялізны лоўж абсечанае голле, запалілі яго. Чырвонае полымя шуганула пад неба. Снег сіпеў, чарнеў, ператвараўся ў лёгкую пару. Хлопцы раздурэліся каля вогнішча. Кідаліся снежкамі, бораліся. Мікіта Сцепанюга нават спрабаваў скакаць цераз полымя, але Мішка строга сказаў яму:

— Штаны спаліш. А што ты будзеш за работнік без штаноў?

Антон бачыў, што Мішка і сам не супраць скокнуць, толькі пасада ягоная не дазваляе зрабіць гэта.

Між тым хлопцы паскідалі кажухі, рукаўкі, галёкалі, аж пошчак ішоў па лесе. Коні палахліва і здзіўлена глядзелі на сваіх гаспадароў. У іх сумных цёмных вачах адбівалася языкатае полымя.

— Збіраемся, хлопцы. Хопіць дурэць. — Сцяпан Гаршкоў заткнуў за пояс сякеру.

— Давайце закурым на дарогу, — прапанаваў Васіль Гаранок. Ён накінуў на плечы кажух, пачаў шукаць у кішэнях табаку.

— Аддай кажух, — раптам, пабялеўшы, сказаў Рыгор Заяц. — Ты не свой узяў. Твой жа не лаплены.

— І ў тваім газета ёсць. З тваёй газеткі скруцім, — засмяяўся Васіль. Ён чамусьці дужа доўга не вымаў з кішэні руку. Усе ўбачылі, як ад хвалявання ў Рыгора аж запалі шчокі і пацямнелі воспіны. Ён калаціўся, як у ліхаманцы.

— Газеты шкадуеш, ці што? Ды ў мяне іх цэлы пук, я табе аддам. — Васіль дастаў нарэшце нешта з кішэні. Але гэта была не газета.

— Паглядзі, Сцяпан, што тут, — разгублена сказаў Гаранок і чамусьці пачаў адсоўвацца ад Рыгора бліжэй да вогнішча.

Паперу ўзяў, усё яшчэ ўсміхаючыся, Мішка Сырамалот, павольна прачытаў:

«Сучкі, выбірайцеся адсюль, пакуль не позна. Усіх парэжам».

Колькі імгненняў стаяла цішыня. Антон нават падумаў, што Мішка жартуе. Але Мішка закусіў губу, глянуў на ўсіх пацямнелымі вачыма:

— І нож унізе намаляваны. Точна такі, як тады.

Тут Рыгор Заяц скокнуў, як звер, у бок лесу. Гаршкоў падставіў яму нагу, і ён урэзаўся носам у снег. Яму вязалі вяроўкай рукі, а ён сядзеў на снезе, часта дыхаў, і вочы яго жмурыліся, а з разбітага носа тоненькім ручайком цякла кроў.

— Эх ты, падла, — падышоў да яго Мішка. — А я з табой спаў побач, як ты хварэў, мёду табе прыносіў. Помніш, у гаршчочку гліняным прыносіў?

Заяц маўчаў і панура глядзеў на вогнішча. Хлопцы апраналі кажухі, аглядаліся па баках. Сцяпан Гаршкоў нават не зірнуў на Зайца, пайшоў да свайго каня.

— Мікіта Сцепанюга і Іван Міхейчык, — паправіў за плячом вінтоўку Мішка, — гэтага гада печанага сёння ж у Ігумен даставіце.

Назад ехалі моўчкі. У Антона вельмі балела нага. Ён сядзеў на халодным мулкім бервяне, сціскаў у руках лейцы. Нейкі востры сучок не даваў яму жыцця, упіваўся ў цела. Нарэшце Антон не вытрымаў, спыніў каня і сякерай ссек, прыгладзіў гэты пракляты сучок.

«Ты глядзі, як яно бывае, — жахаўся ў думках Антон. — Ціхі хлопец, добры, свой хлопец, а затаіўся, як чорная вужака. Гэта ж ён і тую паперыну на дзверы флігеля наляпіў. І на Матруну сябрукоў сваіх навёў, калі нікога побач не было».

Рыгора Зайца на фурманцы павезлі ў Ігумен. Васіль Гаранок усё не мог супакоіцца, гаварыў:

— І як я кажух яго ўзяў? Мой жа бялейшы...

Хлопцы маўчалі. Дужа нечакана ўсё адбылося. Яны чакалі ворага з лесу, а ён жыў сярод іх, ездзіў з імі ў лес, з вінтоўкай у руках ахоўваў маёнтак. І аказаўся сваім жа чмялёўскім хлопцам, не з багацеяў-багатыроў, а з чорных сялян-рольнікаў.

У той дзень Антон, накульгваючы, ішоў дадому і думаў:

«Нешта ж пагнала Зайца да тых бандытаў. А Бацюта гаворыць, што ўсе беднякі за бальшавікоў, што ўсе яны адна сям'я. А вось і ў сям'і завёўся такі, што не раскусіш яго адразу. Чым яго купілі? Хлебам? Салам? Але ж і ў маёнтку хлеб і сала ёсць. І ложак цёплы ёсць, не тое што ў лесе. Не. Відаць, не ўсё так проста. Ёсць, відаць, парасяткі беленькія, чорненькія, а ёсць і рабенькія, паласаценькія».