Ён асцярожна ступаў на сваю хворую нагу, стараўся не думаць болей пра ўсё гэта, але думкі зноў і зноў вярталі яго ў лес, да соснаў, што глуха падалі на мёрзлую зямлю, да вогнішча, каля якога з белым мёртвым тварам проста на снезе сядзеў Рыгор Заяц.
Усё мацней ціснулі маразы. Заліўны луг ля Гразёўкі замерз, пакрыўся тоўстым зеленаватым лёдам. Маладзейшыя чмялёўскія хлопцы наладзілі там калаўрот. Убілі ў лёд моцны дубовы кругляк, надзелі на яго старое кола з фурманкі, да кола прымацавалі доўгую яловую жэрдку. Дротам, што ўкралі ў кузні, прывязалі да гэтай жэрдкі вялікія драўляныя санкі, якія Яўхім Сцепанюга выкінуў са свайго гумна. Цяпер толькі заставалася круціць кола, і санкі лёгка лёталі па крузе, аж вецер свістаў у вушах.
Пад вечар Антон выйшаў са свайго двара, кульгаючы, даплёўся да луга. На лёд не пайшоў, стаяў на засыпанай снегам купіне, глядзеў, як катаюцца хлопцы на калаўроце. Адтуль даносіліся смех, крыкі. Палазы санак рэзалі мяккі лугавы лёд, аж віск ішоў, быццам нечым жалезным скраблі па шкле. Проста на лёдзе непадалёку ад калаўрота хлопцы расклалі цяпельца. У вечаровай імгле лёд каля яго быў срабрыста-белы, люстраны. Яно адбівалася ў лёдзе: здавалася, гараць два цяпельцы — адно цягнецца сваімі чырвонымі касмылямі ўверх, другое — уніз.
«От, дзівакі, — думаў Антон, — лёд жа трэсне...» Яму падабалася стаяць збоку, глядзець на шумную валтузню, лічыць сябе ўжо дарослым, падсмейвацца над дзіцячай радасцю гэтых малалеткаў і ў той жа час зайздросціць ім. Ён уяўляў, як сам бы сеў на санкі. Учапіўся б рукамі ў мёрзлыя, зацярушаныя сенам дошкі, упёрся б нагамі ў палазы. — Трымайся! — закрычалі б хлопцы і з усяе сілы грудзьмі налеглі на бярозавыя колікі, якімі раскручваецца кола. Потым бы соладка і трывожна сціснулася сэрца, сцяна бліскучага лёду і марознага ветру ўстала б перад вачамі. І ўсё! І ты ўжо не на зямлі. Ты недзе паміж зямлёю і небам, цела тваё лёгкае і пругкае. І толькі аднекуль збоку, нібы з іншага свету, даносяцца галасы сяброў.
Антон цяжка ўздыхнуў, рукою асцярожна пакратаў калена, што ўсё яшчэ балела, і раптам уздрыгнуў, убачыў: да калаўрота падышла Яніна Міхейчык, а з ёю Тацяна Лапыцька і Франя Перуноўская. Дзяўчаты весела смяяліся, жартавалі з хлопцамі. Потым пачалі частаваць хлопцаў гарбузікамі, а самі прасілі:
— Пакатайце нас...
Хлопцы ахвотна згадзіліся, пасміхаючыся, узяліся за колікі. «Ну зараз толькі трымайцеся, дзяўчаткі, — падумаў Антон. — Проста так вас хлопцы з санак не выпусцяць...» Дзяўчаты, відаць, і самі гэта разумелі, але садзіліся смела.
Антон, не адрываючыся, усё глядзеў і глядзеў на Яніну. Якая яна прыгожая! У белым кароткім кажушку, у белай хустцы. Быццам белы матылёк апусціўся на зеленавата-сіні лёд.
Яніна заўважыла яго, і нават здалёк ён убачыў, як успыхнулі яе шчокі.
— Паехалі! — закрычалі хлопцы. Санкі павольна крануліся з месца, павольна праплылі круг, другі, пачалі ўсё набіраць і набіраць хуткасць, і вось ужо не відно твараў дзяўчат, толькі з шумам і свістам носяцца па лёдзе санкі, нават не ўсочыш за імі вачамі. А хлопцы ўсё мацней налягаюць на колікі, што прасаджаны ў спіцы кола, і тыя ажно трашчаць.
— Ой, хлопчыкі, хопіць, — з марозным ветрам данёсся да Антона голас Франі Перуноўскай.
Хлопцы быццам не пачулі. Яшчэ хутчэй закруцілася рыпучае кола. Санкі ўжо, здавалася, узняліся над лёдам у паветра.
— Хопіць, жарабкі! — крыкнула і Тацяна Лaпыцька.
Толькі Яніна маўчала.
— Не ўсе папрасіліся. Хай і Яніна папросіцца, тады перастанем, — засмяяліся хлопцы.
«Яна не папросіцца», — падумаў Антон. Ад гэтай думкі яму зрабілася цёпла і весела.
— Скакайма, дзеўкі! — крыкнула Яніна, і не паспеў ніхто апамятацца, як яна, раскінуўшы рукі, каб моцна не стукнуцца аб лёд, скокнула з санак. Яе панесла па лёдзе проста да той купіны, дзе стаяў Антон. Яна быццам плыла, шырока раскінуўшы рукі. Усё бліжэй і бліжэй была яна да Антона, і ён бачыў яе здзіўленыя спалоханыя вочы, бачыў трапяткую маршчынку, што перасекла ёй пераноссе і злучыла бровы ў адно чорнае прыгожае брыво. Ён сагнуўся і падхапіў яе рукамі, каб яна не ўдарылася галавой аб купіну.
— Ну і смелая ты, — толькі і сказаў Антон.
Яніна часта дыхала, усміхалася яму. Ён адчуваў, як пад яго рукой б'ецца яе сэрца. І на нейкае імгненне, нібы лёд ад гарачага цяпельца, растала яго сарамлівасць. Ён глянуў ёй у вочы і ціха сказаў:
— Прыйдзі сёння пасля вячэры да нашага гумна. Адразу ж яму стала сорамна, ён пачырванеў, але словы былі ўжо сказаны.