«Прыйдзе ці не прыйдзе?» — думаў Антон, ціха выходзячы ў гародчык.
— Куды ты?! — крыкнула наўздагон маці.
— Я зараз прыйду, мама.
З гародчыка ён выйшаў на сваю палосу, у канцы якой чарнелася старое прыземістае гумно. Зямля была цвёрдая, гулкая. Снегу тут, у полі, было мала. Яго здзьмувала ветрам. Мякка і свежа бялеў ён ў лагчынах, на лузе. Халодна-сіні, праменны месячык высока стаяў над снежнай зямлёй, пасярод чыстага неба. Столькі было ў ім адзіноты, няўтульнасці, што Антон запаволіў крок.
Месячык быў падобны на адзінокага сабаку, якога кінулі гаспадары, які сядзіць адзін на ланцугу і не ведае, што яму рабіць.
Каля гумна было зацішна, пахла старой мякінай, зернем. Вецер ціхенька гуў у сухім дзядоўніку, што густа рос на лапіку травяністай улетку зямлі, якая была якраз перад варотамі і якую ніколі не ўздзіралі плугам. Антон прысланіўся плячамі да сцяны. Пахла паленым дрэвам. Мінулай вясной нехта хацеў падпаліць гумно, але, на шчасце, у тую ноч усчаўся дождж, і полымя толькі лізнула верхнія бярвенні. Гэтыя бярвенні былі зараз чорныя, патрэсканыя.
Антон глядзеў на поле, на маладыя сады, што ад хатаў збягалі да лугу. Ведалі чмялёўцы смак у яблыках — антонаўкі, папяроўкі, цыганы, шклянкоўкі раслі амаль у кожнага гаспадара. Але, вядома, не пра яблыкі думаў зараз Антон. З саду, што глуха шумеў непадалёку, павінна была выйсці Яніна.
«Прыйдзе ці не прыйдзе?» — які ўжо раз пытаўся ён у сябе і да болю ў вачах углядаўся ў пусты цёмны сад. Цені ад голых галінаў ляжалі на снезе пад дрэвамі, здавалася, гэта мноства вужоў сплялося ў клубкі.
Яна прыйшла — ціхая, бледная, з бліскучымі вачамі. Стала ў некалькі кроках ад Антона, глядзела на яго, чакаючы.
— Там вецер дзьме. Ідзі ў зацішак, — шапнуў ён, і ягоны голас уздрыгнуў. І калі яна ступіла бліжэй, яму пераняло дыханне, зрабілася горача сэрцу: ён абняў яе, прытуліў да сябе, няўмела пацалаваў у халодную шчаку. Шчака была мяккая, гладкая, нібы шаўковая.
— Антонка, — шапнула Яніна і схавала галаву ў яго на грудзях. І гэтае адзінае слова сказала яму многае. Ён цалаваў яе ў вусны, у вочы і сваімі вуснамі адчуваў начны халадок на яе вейках.
— Калючы, — хавала яна ад яго свой твар, потым паглядзела знізу ўверх, сказала: — У цябе, Антонка, валасы жоўтыя, як спелае жыта...
Ён маўчаў. У шчасці людзям звычайна непатрэбна шмат слоў.
Яны стаялі каля гумна, што аджывала свой век, а над імі, у страшнай недасяжнай вышыні, плылі зоркі. Там, у небе, усё было такое мудрае, такое незразумелае. Зоркі маглі быць чыстымі душамі праведнікаў, якіх бог забраў у сваё царства; маглі быць залатымі свечкамі, якія запальваюць анёлы, каб асвятляць людзям начныя шляхі. Чым бы ні былі зоркі, яны глядзелі на іх з-пад саламянай страхі з надзеяй.
Аціхаў вецер, і да раніцы змаўкалі сады. Снег рабіўся яшчэ бялейшы, серабрыўся, зіхацеў тысячамі бліскучых марозных іголак. У глыбіні садоў варушыліся нейкія мяккія празрыстыя цені. Вось зусім непадалёку, каля камля маладзенькай яблыні, нібы з-пад зямлі, вырас невысокі слупок.
— Зайцы, — шапнуў Антон. — Прыйшлі на вячэру...
Колькі хвілін ён стаяў моўчкі, потым, правальваючыся ў снег, скочыў, замахаў рукамі:
— Ату! Ату!
Зайцоў нібы здзьмула ветрам. А ён усё крычаў, усё махаў рукамі і адчуваў маладую сілу ва ўсім целе.
Яны яшчэ доўга цалаваліся каля хаты Міхейчыкаў, потым Яніна пайшла дадому, а Антон, як п'яны, пацягнуўся ў канец вёскі, у поле. У яго звінела ў душы, ён цёр снегам лоб і шчокі, еў халодны калючы снег, потым сеў на аледзянелы Балуй, паглядзеў на неба і засмяяўся свайму шчасцю.
Х
Новае жыццё пачалося ў Антона. Знешне ўсё, вядома, заставалася па-ранейшаму — ён рабіў на бацькавай гаспадарцы: сек дровы, насіў сена карове і замешваў ёй пойла, некалькі разоў ездзіў у млын, разам з бацькам рамантаваў пад паветкай сані, часаў воўну. Амаль кожны вечар ён хадзіў у маёнтак, там сустракаўся з хлопцамі, памагаў ім вазіць бярвенні для флігеля. Тыя ж самыя людзі і хаты акружалі яго, падаў з неба і рыпеў пад нагамі такі ж, як кожную зіму, снег. Але адбылося тое, што павінна было некалі адбыцца: ён пакахаў. Быццам упала нябачная фіранка, якая засланяла яму вочы, і аказалася, што столькі фарбаў не заўважаў ён раней, столькі радасцей было ў жыцці, аб якіх ён і не здагадваўся.
Яны сустракаліся з Янінай каля гумна. На вечарынкі не хадзілі, бо чужыя вочы маглі толькі перашкодзіць ім. У цяплейшыя ночы прастойвалі амаль да раніцы.
Яніна была шчаслівая, ласкавая, пакорлівая.
Некалькі разоў запар сніў Антон, быццам бы ён плавае на воблаку. Воблака белае, мяккае, як воўна. Сонца прасвечвае яго ўглыб, напаўняе цяплом. Антон ляжаў на воблаку, нібы на кажусе; і яно ўгіналася пад ім, дыхала, трапятала; і ён па самыя плечы правальваўся ў малочна-белы, густы туман. Але страху не было. Ён лёгка плыў над зямлёй і бачыў унізе вёскі, рэкі, зялёныя палі.