Выбрать главу

Аднойчы Яніна прыйшла да гумна нечым дужа ўсхваляваная, доўга маўчала. Потым глянула на Антона:

— Ведаеш, што я скажу табе, Антонка... Ці праўда гэта ці не, а толькі Іван наш казаў, што ваша Дзіна да Баўтрука ў лес хадзіла.

— Куды хадзіла? — не зразумеў Антон.

— У лес да Баўтрука. Есці насіла. Гэта Рыгор Заяц сказаў на допыце ў Ігумне.

Антон некалькі імгненняў глядзеў на Яніну, ніяк не мог уцяміць, пра што яна гаворыць. «Можа, яна жартуе?» — падумалася яму. Ды не — глядзіць сур'ёзна, і ў вачах разгубленасць і трывога.

— А хто нашай Дзіне Баўтрук? — быццам сам у сябе спытаўся ён: — Кум? Сват? Чаго яна пойдзе да яго ў лес?

— Не ведаю. — Яніна прыкусіла губу. — Так Рыгор Заяц у Ігумне сказаў...

— Прышчамілі яму хвост — вось ён і ляпнуў абы-што. — Антон адчуў, як начны мароз шчыпае яго праз кажух.

— А флігель Баўтрук спаліў. Гэта ўжо точна, — ціха сказала Яніна і прыціснулася спінаю да сцяны, бо ёй успомніліся Матруніны вочы, і як гаварыла з ёй Матруна, і як палівала з кубка ваду на рукі.

Яны замоўклі. Марозная ноч плыла над зямлёй, чаплялася ледзянымі нізкімі зоркамі за лес, за сады, за хаты. Было чутно ў цішыні, як трашчыць ад марозу дрэва. Сумна вылі ў вёсцы сабакі.

— Пойдзем дадому, — пацягнула Яніна Антона за рукаў.

Дома Антон залез на цёплыя палаткі, але доўга не мог заснуць. «Ці праўду сказала Яніна?» — думаў ён. Яму хацелася, каб гэта была няпраўда, каб усё гэта Заяц наплёў са страху, са злосці. «Заўтра прачнуся, а ўсё гэта выдумка», — суцяшаў ён сам сябе і слухаў дыханне сястры, якая спала разам з маці на ложку.

Назаўтра, ледзь паснедаўшы, ён пайшоў у маёнтак. Хлопцы запрагалі коней, каб ехаць у лес. З конскіх ноздраў клубілася пара — здавалася, коні кураць.

— Здароў, Сцяпан, — падаў Антон руку Гаршкову, а сам увесь спружыніўся: Гаршкоў такі чалавек, калі што ёсць, выкладзе як на духу. Але Гаршкоў нічога яму не сказаў, толькі моцна паціснуў руку.

«Дзякаваць богу, — пэўна, усё гэта хлусня», — пацяплела ў Антона на сэрцы. Ён ужо смела падышоў да гурту хлопцаў.

— Можа, у лес паедзеш? — спытаўся ў яго Мішка Сырамалот, які падперазаўся пілою, а на плячы трымаў сякеру.

— Нага ў мяне яшчэ баліць, — сказаў Антон. — Я лепей, як прывязеце бярвенні, акарыць і абчасаць іх памагу...

— І то добра, — усміхнуўся Мішка і накіраваўся да сваіх саней. Хлопцы рушылі за ім. Твары ва ўсіх былі трохі сонныя, ружовыя і лагодныя.

«Збрахаў Заяц, — зусім павесялеў Антон, але раптам, як на калючы дрот, наткнуўся на позірк Івана Міхейчыка. І зноў трывогай кальнула ў сэрца. — Іван злы на мяне, — супакойваў ён сам сябе,. — таму і глядзіць спадылба...» І ўсё-ткі трывога не праходзіла.

Ён трохі яшчэ патаптаўся каля маёнтка, паглядзеў, як бягуць па белым полі сані, як блішчаць пад халодным сонцам пілы і сякеры, потым ціха паплёўся ў вёску. У сваю хату ён не зайшоў наўмысна — баяўся ўбачыць Дзініны вочы і аб усім здагадацца. «Усё будзе добра», — білася ў галаве настойлівая думка, але ён ужо разумеў, што жыццё не заўсёды супадае з добрымі пажаданнямі людзей.

Каля хаты Лаўрэна Лапыцькі Антону падалося, што нехта яго кліча. Ён спыніўся, азірнуўся па баках. Вуліца была пустая. Толькі сухі сняжок узвіваўся каля платоў. Нарэшце Антон убачыў, што гэта Лаўрэн, стоячы ў хаце ля акна, махае рукой, кліча яго. Антон зайшоў у хату.

Лаўрэн адразу ж марцануў ад акна на печ, толькі босыя пяткі мільганулі, сказаў, ужо з печы: і

— Спяшаешся куды-небудзь? Пабудзь трошкі ў мяне.

У яго голасе былі сум і просьба. Антон сеў на лаву каля печы, спінай адчуў, што печ халодная, — пэўна, не палілі ў ёй з тыдзень.

— Мішка мой усё ў лес кожны дзень ездзіць, а я адзін у хаце, як кот на чарэні, — сказаў Лаўрэн і пачаў кашляць. Адкашляўшыся, уздыхнуў: — Памру я скора, хлопец. Смерць падступае, душыць. І не ўбачыў, як жыццё праляцела.

— Кіньце вы, дзядзька, пра смерць ды пра смерць гаварыць, — узлаваўся Антон. — Адна ў вас музыка заўсёды.

— Эхе-хе, хлопец. — Лаўрэн худой жоўтай рукой памацаў у пячурцы, што была ў комінку, дастаў торбачку з табакай. Потым насыпаў табакі ў газеціну, і рукі яго дрыжалі: зачэкаў крэсівам аб крэмень. Успыхнула слабая маленькая іскра, і ён пачаў раздзьмухваць трут. Нарэшце закурыў, шумна выдыхнуў дым:

— Смерці я не баюся. Хачу хутчэй да дзетак, да Ганны. Як яны там без мяне?