Выбрать главу

— Жаніліся б вы, дзядзька, — сказаў Антон. — Узялі б Агапку Шамалёву. Капуста гарачая на стале стаяла б. І Агапка нічога кабеціна — не замерзлі б з ёю.

Лаўрэн засмяяўся. Смех у яго быў нейкі дзіўны — здавалася, квохча курыца:

— Ну і ўпаліў ты! Жаніся... Ды ў мяне во кажух не хапае сілы абняць. — Ён тыцнуў рукой з папяросай у кажух, на якім ляжаў. <

— А вясной зямлю будуць дзяліць. Вам далі б дзесяціны дзве, — сказаў сваё Антон.

— Мне тры аршыны хопіць. Толькі каб у жоўценькім пясочку...

— Цьфу на вашы словы. — Антон устаў, аж лава рыпнула, а пад печчу шуганулі ва ўсе бакі куры. «Няўжо я буду такі, як пастарэю? — падумалася Антону, Ён падышоў да акна, глянуў на вуліцу і зноў успомніў сястру. — Чаго я сяджу з гэтым мерцвяком? — апякла яго злосць. — Жывых трэба ратаваць...»

Лаўрэн сумна глядзеў з печы, сівы, белы, як бяроза.

— Я пабягу, дзядзька. — Антон глыбей насунуў на галаву шапку. — Сустрэну Мішку Сырамалота, скажу яму, каб вас з сабой у лес браў. Там некалі будзе пра могілкі думаць.

Ён грукнуў дзвярыма, хуценька пайшоў па вуліцы. Нікога нідзе не было відно, і ён павярнуў дадому. Каля печы сядзелі маці з Дзінай, скублі курынае пер'е, кідалі яго ў рэшата. Шэры пух лётаў па хаце.

— Дзіна, хадзем у сенцы, — сказаў сястры Антон.

Маці здзіўлена паглядзела на яго. Твар у Дзіны пачаў бялець.

— Ты насіла Баўтруку есці ў лес? — як толькі пераступілі цераз парог, спытаўся Антон і прымусіў сябе глянуць сястры ў вочы.

— А братачка мой, я ж нічога не ведала. Ён жа паміраў там у яме. — Дзіна закрыла рукамі твар і павалілася грудзьмі на куфар, што стаяў каля дзвярэй. Яе плечы закалаціліся, хустка збілася набок. Антону быццам сыпнуў хто халоднага снегу проста на сэрца.

— Ды ты не плач, — пачаў гладзіць ён сестрыны плечы. — Я нічога... Я так... даведацца...

Ён бачыў, як плача, як пакутуе сястра, і не мог ёй нічым памагчы, і гэта было страшней за ўсё. «Вядома ж, яна не вінавата, — адразу сам сабе падумаў ён, каб ужо, хоць рэж яго, ніколі не адступіцца ад такой думкі. — У яе добрае сэрца. Не бандыту яна памагала, а чалавеку. А гэта зусім іншая рэч!»

Ён, як мог, супакойваў Дзіну, але тая была нібы ў гарачцы.

— Матруну Гаршкову з Цмыгам спалілі... За мяне спалілі... А я ж нічога не ведала, не думала, што ён зверам застанецца. Мяне самую спаліць жыўцом трэба.

З хаты выбегла спалоханая маці, несла ў руках кубак з малаком, плачучы прасіла:

— Папі, Дзіначка, пастаялкі. Ды плюнь на ўсё. Лягчэй будзе... — Матчына рука дрыжала, і малако разлівалася на падлогу.

Нарэшце Дзіна перастала плакаць, разам з маці зноў пачала скубці пер'е.

— Падушачку табе зробім да вяселля, — ласкава, неяк вінавата, гаварыла Аўдоля і глядзела на дачку. Антон выйшаў на вуліцу. Павольны снег кружыўся, здавалася, стаяў у паветры. Быццам яму не хапала сіл упасці на зямлю. Над камінамі хат лена калыхаліся хвасты сіняга дыму. Некуды ехаў на санях Кандрат Гаранок — плечы і галава абсыпаны снегам. Варона села на ліпу, скурчылася і нібы заснула там. Антон стаяў каля варот, убачыў — з другога канца вуліцы да яго ідуць Іван Міхейчык і Мішка Сырамалот. «Нешта ж рана яны з лесу вярнуліся», — падумаў ён.

Яны параўняліся з Антонам, і Мішка спытаўся:

— Дзіна дома?

— Навошта яна вам? — Антон спахмурнеў, стаяў у варотах, загарадзіўшы ім дарогу ў хату.

— Мы да Дзіны прыйшлі, а не да цябе, — спрабаваў адціснуць яго плечуком Іван Міхайчык, але Антон таўхнуў яго рукой у грудзі.

— Не кіпяціся, Антон, — лагодна загаварыў Мішка. — Дзіна, кажуць, у лес хадзіла... Можа, яна шчэ што ведае пра банду.

— Нічога яна не ведае. Яна хворая. І вас я не пушчу. — Антон пачаў закрываць вароты на завалу. Злосць віравала ў ім, аж снег здаваўся чорным.

— Нічога не ведае, кажаш? — Іван захліпнуўся, пабляднеў ад гневу, і над брывом запалымнеў след ад капыта. — Усе вы, Радзімовічы, такія... Яна з тым Баўтруком даўно пад плотам пажанілася, а не ведае...

Ён не скончыў, таму што Антон стукнуў яго кулаком проста ў твар. Яны схапіліся загрудкі і пакаціліся па снезе.

— Заб'ю... гад, — хрыпеў Антон і стараўся ўдарыць Івана нагой. Мішка расцягваў іх, але яны зноў і зноў малацілі адзін аднаго кулакамі, і ў гэты час на двор выбегла Дзіна. Валасы распушчаныя, твар бледны.

— Хлопчыкі, не біцеся! Не трэба! — крыкнула яна і павярнулася да Мішкі. — Пойдзем хутчэй да Андрэя Бацюты. Усё, што толькі ведаю, скажу.

У Антона балела губа. Ён узяў прыгаршчамі снег і пачаў яго есці. Кружылася ў галаве. Іван заціскаў рукой нос, з якога цяклі па губах яркія струменьчыкі крыві.