— Эх вы, — сказаў Антон, седзячы на снезе, гледзячы знізу ўверх, — пра сусветную рэвалюцыю крычыце, усім свабоду хочаце даць, а чалавека не бачыце. Не прыйду болей да вас!
— Не прыходзь, — бліснуў чорнымі гарачымі вачамі Іван. — І без пеўня сонца ўзыдзе!
Мішка падышоў да Антона, падняў яго на ногі, сказаў:
— Падумай, што ты гаворыш... Спакойна падумай. За рэвалюцыю людзі галовы кладуць. Думаеш — жыць ім не хочацца? А кладуць. Значыцца, усім гарапашнікам трэба рэвалюцыя, для ўсіх яна добрая. А ты, Іван, як порах. Я з табой яшчэ пагавару.
Ён шапкай збіў са свайго кажуха снег, падміргнуў Дзіне:
— Пайшлі... — і ўжо, адышоўшыся колькі крокаў, зноў павярнуўся да Антона: — У маёнтак абавязкова прыходзь. Хлопцы і дзеўкі пра Спартака хочуць развучваць...
«Не пайду, — гледзячы ім услед, думаў Антон. — Пакуль там Іван, памру, а не пайду...» — Ён стомлена прыхіліўся да шулы, што ўся парасла рыжавата-зялёным мохам. Шула была ў шчылінах, уся абдзёртая, абабітая — гэта, калі везлі ў двор сена альбо дровы, заўсёды чапляліся за яе калясьмі.
«З'ехаць бы адсюль куды-небудзь далёка, — раптам падумалася яму, — можа, у які горад. Разам з Янінай. Там і жыццё цікавейшае, і людзі дабрэйшыя, таму што яны не ведаюць цябе, злосці супраць цябе не маюць...»
І яму стала крыўдна за свой лёс. Нарадзіўся ў гразі і ў саломе, і век так векаваць трэба. Адно ведай: рабі. Зямля высмоктвае ўсе сілы, а што з той работы? Мазалі ды мякіна. А нешта ж ёсць у душы жывое, што заве ўдалеч, кліча. Так і паляцеў бы, здаецца, над зямлёй — шукаць людзей прыгожых, вясёлых і разумных, каб заўсёды жыць з імі. Добра быць шляхетным. Усё, як паветра, дадзена ад нараджэння. Толькі нарадзіўся, а ён ужо адмірал расійскага флоту ці яшчэ якая-небудзь шышка. А тут трэба даказаць сабе і ўсім, што ты не конь, на якім аруць, не хлоп, што ты — чалавек. А жыццё кароткае...
Антон пайшоў пад паветку, пачаў секчы дровы. Бярозавыя плашкі былі крывыя, сукаватыя. Сякера адскоквала ад іх. Успомнілася, як Іван сказаў: і без пеўня сонца ўзыдзе. Значыць, ён, Антон, — певень. Ну што ж, певень дык певень. Але не на іх куросадні сядзіць.
Вярнулася ад Бацюты Дзіна. Трохі павесялела, ажыла.
— Харошы ён чалавек, — сказала Антону пра Бацюту. — Распытаў мяне, пагаварыў. А жонка ягоная нават яблыкамі мяне пачаставала. На і табе.
— Не хачу.
— Не сварыся, Антон, з хлопцамі і з Бацютам, — папрасіла Дзіна. — Без іх не пражывеш.
Антон нічога не сказаў. Ён быў рады, што сястра павесялела, што ў яе ўсё наладжваецца. А сам ён таксама неяк пражыве. Не дурань і не зломак. І зноў ён паглыбіўся ў свае думкі. Ён ужо даўно заўважыў і адчуў — нікому, праўда, у гэтым не прызнаючыся, — што нечым непадобны на сваіх родзічаў, ні на аднавяскоўцаў. Здаецца, і вопратка такая самая, і харчы, і адна і тая ж работа змалку, а розныя яны. Ён, напрыклад, не любіць тых, хто п'е гарэлку і лаецца, не любіць многа гаварыць, хваліцца нечым. Затое можа так задумацца, што забываецца пра ўсё на свеце. Аднойчы конь, запрэжаны ў плуг, паціху пашыбаваў ад яго з палосы ў луг, да вады, а ён яшчэ доўга ішоў па полі, думаючы, што арэ. І кніжкі ён любіць чытаць. Маладзейшы, начытаўшыся кніжак, ён раптам уявіў, што ягоныя бацькі не сяляне, што гэта ён калісьці згубіўся яшчэ зусім малы і яго знайшлі сяляне. А сапраўдны бацька яго ці марскі капітан з бліскучай падзорнай трубой, ці славуты генерал, у якога праз усю шчаку цягнецца чырвоны шрам ад варожай шаблі. Калі-небудзь гэты бацька з'явіцца, як гром з яснага неба, і забярэ яго ў далёкія гарады, у невядомыя краіны. Цяпер ён сам пасмейваецца з гэтага. Ён цвёрда ведае: яго корань у зямлі, ён такі ж, як усе, такі, як ёсць, іншым ніколі не будзе і не хоча быць. Толькі хочацца яму болей святла, болей прыгажосці і чэснасці ў жыцці. Ён за такіх людзей, як Андрэй Бацюта, за іх справу, але рабіць гэту справу трэба, на яго погляд, трохі мякчэй, больш цярпліва. Інакш пераблытаеш пустазелле з жытам.
Увечары Антон не пайшоў у маёнтак. Так карцела схадзіць, так цягнула, але ён перасіліў сябе. «Абыдуся без іх», — засела ў галаве помслівая, неадчэпная думка, і ён знаходзіў у ёй суцяшэнне, нават асалоду. Самым блізкім чалавекам была для яго зараз Яніна. Вядома, і маці з Дзінай мог ён адкрыць душу, і ўсё ж самае набалелае, самае патаемнае давяраў ён толькі Яніне. І яна разумела гэта і старалася памагаць яму чым магла — парадай, цёплым словам, проста ўсмешкай.
— А ці ведае Іван, што мы з табой ходзім? — спытаўся ён неяк у Яніны.
— Не ведае. Я нікому не кажу, — сказала яна і, глянуўшы Антону ў вочы, папрасіла: — Памірыўся б ты з ім. Вы ж такія дружбакі раней былі. Іван гарачы, але добры.
— Ды я з ім і не сварыўся, — замяўся Антон. — Ён сам сабе ў галаву ўбіў, што я яго тады кінуў у маёнтку, уцёк, і зараз бачыць мяне не хоча. — Антон раптам спалохаўся, сказаў: — Ён можа і нас з табой пасварыць.