Аднойчы пад вечар прыйшла з Запольцаў шаптуха, маршчыністая, бяззубая баба Еўка. Глянула на Дзіну строгімі вачамі, якія ад сівых веек здаваліся серабрыстымі, запаліла тонкую жоўтую свечку, пачала вадзіць ёю над Дзінай. Дзіна ляжала на ложку, глядзела, як уецца ў паўзмроку агеньчык, нібы светлая вясновая птушка заляцела ў акно. Потым баба Еўка села на ложак каля Дзіны, узяла яе руку бязважкай рукою, пачала шаптаць:
Голас у Еўкі быў глухі, кволы і, здавалася, такі ж маршчыністы, як яе твар. Хацелася пакратаць гэты голас рукою. Дзіна заплюшчыла вочы, і ёй уявіліся агняныя рэкі: пасярод стромкіх чорных берагоў цячэ, кіпіць барвовае полымя. Хвалі з лёгкім шумам набягаюць на берагі, і пачынае гарэць трава.
Антон стаяў каля парога, глядзеў на шаптуху, на сястру. Яму хацелася вырваць з рук у старой свечку, выгнаць старую з хаты.
«Нібы на хаўтурах», — думаў ён.
Учора да яго прыходзіў Мішка Сырамалот, прасіў прыйсці ў маёнтак. Але Антон адмовіўся. Тады Мішка спахмурнеў, сказаў:
«Глядзі, братка, а то можаш заблудзіць, можаш не па той дарозе пайсці».
Антон стаяў каля парога і нібы зноў чуў гэтыя Мішкавы словы.
Пасля маразоў наступіла адліга. З сярэбраным звонам пабегла са стрэх вада. Снег пацямнеў, пакрыўся бліскучай крыштальнай луской, якая гучна лопалася пад нагамі. Зашумелі дрэвы: шум быў шырокі, вільготны, трывожны. У хлявах замыкалі каровы — пэўна, чакалі, што надыходзіць вясна і хутка зноў можна будзе выбегчы на прасторны зялёны луг.
Сонца выглядвала з-за нізкіх, чорна-рудых хмар, смяялася і быццам падміргвала халоднай зямлі.
У адзін з такіх дзён у Чмялях сабраўся сход.
— Можа, зямлю будзем дзяліць? — пыталіся адзін у аднаго чмялёўцы. — Бач ты, як вясной запахла...
Людзі выходзілі з цёмных халодных хат і з надзеяй глядзелі на неба.
Сямён-артылерыст, як заўсёды без шапкі, бадзёра чыкільгікаў па вуліцы. Убачыў Людвіка Перуноўскага, закрычаў яму цераз вуліцу:
— Здароў! Ну як зімуецца?
— На палатках пакуль што цёпла — снег не мяце, — сказаў Людвік і зажмурыўся ад яркага сонца.
— А чаго народ збіраюць? — спытаўся ён у Сямёна.
— Сычас Андрэй Бацюта скажа...
Калі ў будынак рэўкома набілася народу, як яблыку ўпасці, Бацюта ўстаў з-за стала, прыгладзіў рукой валасы, сказаў:
— Таварышы мужыкі. Мы перапісалі і ўзялі на ўлік усю маёмасць, што знаходзіцца ў маёнтку графа Незабітоўскага, у нашым народным маёнтку. Пры перапісцы выяўлена, — з рук Мішкі Сырамалота ён узяў паперку і пачаў чытаць, — плугоў жалезных — дваццаць два, барон жалезных — шаснаццаць, барон драўляных — дзесяць, рыдлёвак штыкавых — пяцьдзесят восем, рыдлёвак-шуфляў — трыццаць чатыры. Усю гэту маёмасць, — ён зноў узняў вочы на людзей, — рэўком вырашыў падзяліць паміж усімі гаспадаркамі, у першую чаргу, незаможнымі і салдацкімі дварамі.
— Правільна! — пачуліся галасы. — Дзялі, Андрэй!
— Як жа мы будзем дзяліць? — спытаўся Бацюта.
— Па-чэснаму, гэта значыць! — крыкнуў Людвік Перуноўскі.
— Каб усім было добра, — аглядаючыся па баках і прыхарошваючыся, сказала Агапка Шамаль.
— Будзем дзяліць, каб усім добра было, — кашлянуў у кулак Бацюта. — Але ж на кожную гаспадарку ўсё роўна не хопіць. Таму адзін плуг мы вырашылі даваць на чатыры двары, на чатырох суседзяў. Тое ж самае зробім з баронамі і рыдлёўкамі. Як, таварышы, усе згодны?
— Згодны. Чаго там? — загуў сход.
— Хай будзе ўсё па чэсці...
— Не разбіваць жа плугі на кавалкі...
— А што мне рабіць?! — крыкнула Агапка Шамаль. — У мяне ўсе суседзі мужыкі, а я адна сярод іх салдатка. Яны плуг сабе возьмуць, і не дапросішся ў іх. А мяне што — запрагаць у той плуг?
Людзі засмяяліся.
— Не бойся, Агапка, ты шустрая, — закурваючы, сказаў Цімох Белазор. — Ты сама іх запражэш ды ў прыдачу і зацугляеш.
— Ах ты, Канчабал вусаты, — памкнулася наперад Агапка, — вусы табе павыдзіраць мала за такія словы.
Зноў усе засмяяліся.
— Ціха, таварышы, — хаваючы ўсмешку, махнуў рукой Бацюта. — Я думаю, суседзі памогуць Агапцы Шамаль, салдатцы, узараць яе палосу. Гэта святое дзела — дапамагчы жанчыне. Правільна?
— Правільна, — узняўся з пярэдніх радоў Рыгор Крыванос. — Агапка мая суседка. Мужык яе, Арцём, харошы чалавек, рабацяшчы, служыць зараз у войску, і невядома, дзе ён. Я памагу Агапцы.
— Ты ж глядзі — толькі днём памагай! — весела крыкнуў нехта ззаду.