Агапка гнеўна азірнулася, але той, хто крыкнуў, адразу прыгнуў галаву, схаваўся.
— А я не згодны, — узняўся раптам са свайго месца Людвік Перуноўскі, — я не згодны браць плуг разам з Цімохам Белазорам. Лепш той плуг, як тут ужо казалі, на кавалкі разабраць. Цімох такі скнара, што свет белы такога не бачыў. У яго снегу ў лютым не выпрасіш.
— Іч ты, шляхцюк, — наліўся крывёй, пабурэў з твару Белазор. — Можа, цябе яшчэ ў адно месца пацалаваць? Не згодны ён! Трэба мне твая згода, як сабаку падковы.
Расштурхоўваючы натоўп, ён ужо лез да Людвіка біцца.
— А ну сядзь на месца! — прыўзняўшыся з-за стала, строга сказаў Яўхім Сцепанюга.
Белазор панура глянуў на яго, сеў. Але ягоны твар быў яшчэ чырвона-буры.
— Злосці поўныя косці, а сілы, як у камара! — крычаў між тым Людвік. — Хадзі, хадзі, я табе так
стукну, што дадому не дапаўзеш.
— Ціха! — ляпнуў па стале далонню Бацюта. — А то зараз выведу са сходу абодвух. Раскрычаліся, як дзеці! А Белазору рэўком наогул думае не даваць плуга. Мы даём толькі бядняцкім гаспадаркам.
— Ты лічыў маё багацце? — узвіўся Белазор. — Прыблуда ты! Адкуль ты ўзяўся? У мяне крывавыя мазалі на руках, а ён... Пляваў я на твой рэўком!
Адразу стала ціха. Бацюта пабляднеў, расшпіліў верхні гузік кашулі. Яўхім Сцепанюга, Рыгор Крыванос і Мішка Сырамалот ужо, узяўшы за рукі, выводзілі Белазора на вуліцу.
— Не дазволім пляваць на рэвалюцыю, — сказаў Бацюта. — Крывёю — і то не плюнеш. Замкніце яго, хлопцы, у халодную. Рэўком пагаворыць з ім пасля сходу...
У Бацюты на скронях рэзка выступілі сінія жылы. Ён памаўчаў, паспакайнеў, сказаў:
— Другое пытанне нашага сходу, таварышы: адносіны да Беларускай рады. Многія з вас, відаць, ведаюць, што ў Мінску стварылася рада.
— Чаго яна хоча, рада гэтая? — спытаўся Сямён-артылерыст.
— Яна хоча незалежнасці Беларусі, аддзялення ад Расійскай дзяржавы. Ужо аддзяліліся Фінляндыя, Украіна. Хочуць аддзяліць і нас. Але, падумайце, што гэта нам дасць, таварышы? Якое жыццё можа абяцаць сялянам і рабочым, якія толькі што скінулі векавы царскі прыгнёт, Беларуская рада? Дзякрэты аб бясплатным пераходзе панскай зямлі ў рукі сялян, аб кантролі над фабрыкамі і заводамі, выдадзеныя цэнтральным Саветам Народных Камісараў, акажуцца ў такой Беларусі несапраўднымі, страцяць сілу. За што тады ваяваў наш народ?
Узняўся са свайго месца Сямён-артылерыст:
— Вось што я хачу сказаць. Я, як вы ўсе ведаеце, у чацвёртым годзе з японцам ваяваў. Давялося мне ажно да самага Ціхага акіяну Расію праехаць. Едзеш дзень, едзеш два, тыдзень едзеш, а канца-краю не відно. І ўсюды вёскі і гарады, усюды народ жыве. Я разумею так: нельга нам без Расіі. Там жалезныя горы проста з зямлі растуць, заводаў розных, што ўсё робяць, не злічыць. А што ў нас? Аддзелімся мы, сядзем у сваім балоце і будзем з голаду паміраць. Прыйдзе германец ці яшчэ хто-небудзь і возьме нас голымі рукамі.
— Правільна гаворыш, Сямён, — падтрымаў яго Бацюта. — Такая Беларусь патрэбна толькі багацеям. Яны і хочуць адкалоць нас ад чырвонай Расіі, ад таварыша Леніна.
— Што доўга казаць?! — крыкнулі з залы. — Пішы наш дэкрэт, Андрэй.
Хвілін праз дзесяць Мішка Сырамалот узняўся з-за стала і пачаў чытаць пастанову сходу:
— Мінская губерня. Ігуменскі павет. Чмялёўская воласць.
У народных камісарах мы, беларусы, бачым адзіны сродак збаўлення ад зла і нашых пакут. Уся Чмялёўская воласць усімі сіламі падтрымлівае Петраградскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў і ўвесь час будзе ісці за народнымі камісарамі, пакуль апошнія будуць адстойваць інтарэсы працоўнага люду.
Калі нашы дзеці і браты ў 1914 годзе былі ўцягнуты ў вайну, чаму кіраўнікі Беларускай рады не склікалі свой буржуазны сход у горадзе Мінску? Ды таму, што мы тады клалі свае галовы за іх і іхняга бацьку — крывавага Мікалая; калі ж ён паляцеў уверх нагамі і яны бачаць, што губляюць свае галовы ў рэвалюцыйным віры, то яны для сваёй абароны дзеляць нас на рады — Украіну яны аддзялілі, ім там нічога не страшна, цяпер ім застаецца толькі нас аддзяліць, але ім гэта не ўдасца, бо мы ўсе за аднаго і адзін за ўсіх. Нам не трэба іхнія каралеўствы, нам трэба агульнае адзінства, мір, свабода і зямля.
Няхай жыве Расійская Беларуская Савецкая Рэспубліка рабочых, сялян і салдатаў! — скончыў чытаць Мішка Сырамалот.
На сходзе былі амаль усе чмялёўцы. Былі тут і Прахор з Аўдоляй, і Антон круціўся каля ўвахода.
Толькі адна Дзіна засталася дома. Апошнім часам нікуды яе не цягнула, хацелася пабыць адной са сваімі думкамі. Яна скончыла паліць у печы, качаргой навыграбала ў жалезнае вядро вуголляў. Потым накінула на плечы кажушок, панесла вядро ў стопку. Ноччу мог быць мароз, і трэба было трымаць у стопцы вуголле, каб не памерзлі бульба з бручкай.