Выбрать главу

Дзіна зайшла ў стопку, паставіла вядро каля парога, сама прыхілілася да сцяны і застыла ў нейкім здранцвенні. Вуголлі ў густой цемры гарэлі, як залатыя. У іх яшчэ жыў агонь, які не хацеў паміраць, і таму час ад часу з вядра вырываліся тоненькія пасмачкі полымя. Але яно паступова заціхала. Вуголлі з яркіх, залатых рабіліся цёмна-вішнёвымі, брудна-жоўтымі. Дзіна не магла адарваць ад іх погляду. Потым ёй стала холадна, і яна сцепанула плячамі, трохі адышла ад сцяны. І тут у акенца, што было прарэзана ў сцяне стопкі, яна ўбачыла, як цераз плот у іхні сад пералазіць нейкі чалавек. Плот быў новы, са свежых сасновых колікаў, і таму чалавек рэзка вылучаўся сваім чорным адзеннем. Вось чалавек на імгненне як бы скамянеў, аглядваючыся па баках, потым увесь сцяўся, спружыніўся і, адпіхнуўшыся ад жэрдкі нагой, скокнуў з плота ў снег. Ногі яго праваліліся амаль па калені. Колькі хвілін ён стаяў, як нежывы, потым прыгнуўся і асцярожна пачаў красціся па снезе да стопкі.

Дзіна не вельмі спалохалася. Толькі цікавасць варухнулася ў сэрцы: «Што яму трэба?» Чалавек тым часам падкраўся да стопкі, стаў каля сцяны. Дзіне здавалася, што праз тоўстыя бярвенні яна чуе ягонае дыханне. Яна адчыніла дзверы, пачала пераносіць нагу цераз парог і ўбачыла Баўтрука. І застыла. Ён таксама аж пажаўцеў ад нечаканасці. Быў ён худы, брудны, з доўгай нячэсанай барадой, у якой дзе-нідзе віднеліся жоўтыя хваёвыя іголкі. На ім быў чорны кажух, увесь пакамечаны, у многіх месцах прапалены. Ад Баўтрука, ад ягонага кажуха пахла лесам і дымам.

— Дзіна, — прашаптаў Баўтрук, і вочы яго засвяціліся, як зялёныя вугольчыкі. — Я да цябе ішоў... У вёсцы сход, і ніхто не ўбачыць... Дзякуй я табе прыйшоў сказаць... Як сястрыца, ты мне стала... Памру, а не забудуся...

Дзіне падалося, што кажучы гэтыя словы, ён усхліпнуў. Яна ўсё яшчэ стаяла з занесенай цераз парог нагой. Потым адступіла на крок назад у стопку. Баўтрук шапнуў:

— Дзіна... Дзінка... — і нячутна падыходзіў усё бліжэй, слізгаў уздоўж сцяны.

— З-за мяне ты пакутуеш... Ведаю, праходу табе не даюць, што ў бядзе чалавека не кінула... Зайчысе, вядзьмарцы старой, спалю хату... Язык паганы вырву...

Яна ўбачыла яго абпаленыя і таму рудыя бровы, запалыя вочы.

«Ён сябе называе чалавекам», — цьмяна і спустошана падумалася ёй.

— Звер! — крыкнула яна, і ад крыку ў ёй прачнуўся страх. Яна ўзмахнула рукамі, нібы хацела паляцець з гэтага месца, і тут яе рука зачапілася за бязмен, што вісеў на цвіку на сцяне. Дзіна схапіла бязмен — ён апёк марозным холадам руку — і, як малатком, ударыла Баўтрука па галаве. Ён хіснуўся назад, потым наперад, шапка звалілася з галавы. Па лбе, па шчоках густа пабегла кроў, і ад яе адразу зачырванеліся вусы і барада. Баўтрук закрыў твар рукамі, уздрыгнуў усім целам, крывавым вокам глянуў на Дзіну праз пальцы. Потым падняў са снегу шапку і, сагнуўшыся, пайшоў да плота. За ім па снезе цягнулася стужачка крыві, быццам ён ішоў і рассыпаў на белы снег журавіны.

Дзіне раптам востра кальнула ў грудзях. Нібы хто распаленым жалезным прутом дакрануўся да жывога сэрца. Яна ўпала на чорную цвёрдую зямлю стопкі, што пахла бульбай і агуркамі, і ад вялікага напружання, ад страху страціла прытомнасць. Вядро з вуголлем перавярнулася, зноў ажыло полымя. Вузенькая яго пасмачка нясмела дакранулася да Дзінінай рукі, потым адскочыла, прытаілася, быццам выпрабоўвала, ці ўзнімаецца Дзіна з зямлі, але праз колькі імгненняў зноў працягнула перад сабой свой чырвоны язычок.

XI

Раніцай другога лістапада Міхаіл Андрэевіч Рылюк даведаўся, што з фронту ў Мінск на дапамогу Мінскаму Савету прыйшоў браняпоезд. Рылюк кватараваў каля Аляксандраўскага вакзала ў невялікім драўляным доміку, які належаў дэпоўскаму слесару Андрэю Белахвосту. Белахвост паведаміў яму пра браняпоезд і яшчэ сказаў, што браняпоезд спыніўся на мосце Палескай чыгункі і ўсе ягоныя гарматы і кулямёты накіраваны на горад.

— Нарэшце, — узрадаваўся Рылюк, — нарэшце ў нас, Андрэй, таксама ёсць сіла...

Ён, спяшаючыся, апрануўся і пайшоў на Петраградскую вуліцу, у Мінскі Савет. Па дарозе яго ўвесь час не пакідала радасць.

— Нарэшце мы зможам заткнуць раты крыкунам з «Камітэта выратавання рэвалюцыі», — думаў ён. — Жданаву з Калатухіным і ўсёй іхняй кампаніі надышоў канец. Хваліліся, што адным махам справяцца з бальшавікамі, крычалі, што бальшавікі сядзяць на накрыўцы каструлі, у якой ужо закіпела вада. Ажно самі сядзелі на гэтай накрыўцы...