Выбрать главу

У Мінскім Савеце ён сустрэўся з таварышамі з бальшавіцкай фракцыі, адразу ж спытаўся:

— Адкуль браняпоезд?

— З другой арміі. Камендант браняпоезда падпрапаршчык Пралыгін.

Усе былі радасныя, усе адчувалі, што з сённяшняга дня перавага ў сіле на баку бальшавікоў.

Рылюк адразу ж пайшоў у дэпо. Па дарозе, сустрэўшы двух маладых хлопцаў, мурзатых, закопчаных, відаць, памочнікаў машыніста, спытаўся:

— Дзе тут знайсці Голубева?

— Каля пакгаўза. Маршыруе са сваімі чырвонымі гвардзейцамі, — сказалі хлопцы.

На пляцы, на якім зусім не расла трава, але затое тлуста блішчала мазута і валяліся кавалкі наздраватага шлаку, рабочыя-дружыннікі займаліся страявой падрыхтоўкай. Апрануты яны былі хто ў што: у салдацкія шынялі, у марскія бушлаты, у кіцелі чыгуначнікаў, у шэрыя сялянскія світкі. Камандзір атрада Іосіф Голубеў, каржакаваты, плячысты, з цёмнымі заліхвацкімі вусамі, кончыкі якіх загіналіся ўгору, хадзіў уздоўж строю. Быў ён у чорнай бліскучай скуранцы, на баку, у вялікай драўлянай кабуры, вісеў маўзер. Яны паздароўкаліся, і Рылюк сказаў:

— Чуў пра браняпоезд, Пятровіч?

Голубеў кіўнуў галавой.

— Падмога падаспела ў самы раз. А наша задача зараз, Пятровіч, яшчэ болей узяць пад кантроль станцыю, усе цягнікі, што ідуць з фронту. Ні адна жывая душа не павінна праслізнуць у бок Петраграда да Керанскага. Дэмабілізаваных будзем прапускаць, але толькі без зброі.

— У нас мала народу. Усяго пяцьдзесят штыкоў, — спахмурнеў Голубеў. — Не хопіць сілы.

— Звяжамся з чыгуначным вузлом, з таварышам Чатырбокам. Яны дапамогуць. Першы рэвалюцыйны полк Мінскага Савета таксама павінен даць людзей.

— Ну тады дзела, — узрадаваўся Голубеў. — На замок возьмем станцыю... — Ён павярнуўся да свайго атрада, вясёлы, узбуджаны, крыкнуў:

— Перакур, хлопцы!

Дружыннікі адразу разбіліся на купкі. Востра запахла тытунёвым дымам.

— Скажы, добры чалавек, — падышоў да Рылюка пажылы чыгуначнік з трохлінейкай за плячыма, у салдацкім шынялі, у суконнай нямецкай шапцы з доўгім казырком, — ці доўга гэтая самая рэвалюцыя будзе працягвацца? Як думаеш: да калядаў справімся?

— А гэта ўжо ад нас саміх залежыць, — засмяяўся Рылюк. — Згуртуемся, ударым дружна, не дадзім буржуям апамятацца, сілу сабраць — тады і пераможам.

— Мне трэба, каб да калядаў усё скончылася, — строга сказаў пажылы чыгуначнік, варухнуўшы сівымі бровамі, — на каляды я свайго сына Ваську жаніць думаю. Васька! — паклікаў ён.

Падышоў хлопец гадоў дваццаці, высокі, кучаравы. У вялікіх, чырвоных ад ветру руках стрэльба, на нагах — самаробныя белыя буркі.

— Мой сын, — пахваліўся чыгуначнік. — Качагарам працуе, а хутка памочнікам машыніста будзе.

Хлопец глянуў на бацьку, на Рылюка, сарамяжна ўсміхнуўся і зноў адышоўся ўбок.

Неўзабаве з 1-га рэвалюцыйнага імя Мінскага Савета палка прыйшла да чыгуначнікаў падмога — ажно цэлая рота салдат. Рылюк вельмі ўзрадаваўся, што камандуе ротай ягоны стары знаёмы Іван Юшкоў.

— Ну і малайчына, — ціснуў Рылюк руку Юшкову. — Быць табе, Іван, генералам. Арол!

Юшкоў задаволена ўсміхаўся, прыгладжваў свае доўгія чорныя вусы. Ён таксама быў рады сустрэчы.

За апошнія тыдні ён пасушэў з твару, скура на шчоках пасмуглела, пацвярдзела, быццам увесь час абпякала яе сонца. У яго прарэзаўся звонкі камандзірскі голас, нечаканы нават для яго самога. Усё было добра ў Івана Юшкова, і толькі дзве рэчы вярэдзілі ягонае сэрца, асабліва ноччу, калі заставаўся ён сам-насам з цішынёй і цемрай. Першае: даўно ён не бачыў сваёй сям'і, жонкі, цяжка сумаваў па іх. Другое: усё часцей успамінаўся яму незабыўны звонкагалосы сябра — гармонік, які давялося кінуць у балоце каля вёскі Пагулянкі. Гэту страту перажываў ён так востра яшчэ і таму, што адчуваў — не пры яго сённяшнім чыне і пасадзе іграць на гармоніку. Свае ж таварышы, свае салдаты засмяюць. Але ні адна жывая душа не здагадвалася пра яго душэўныя пакуты, бо ён хутчэй бы памёр, чым сказаў каму хоць слоўца пра такое.

— Будзем, значыць, разам службу несці, Андрэевіч? — гаварыў ён, трасучы Рылюку руку. — Добра... добра... Са мной яшчэ адзін твой знаёмы ёсць. Ведаеш хто? Радзімовіч Кузьма.

— Зямляк! — узрадаваўся Рылюк. — А ну пакажы мне яго хутчэй.

— Ну і пахарашэў ты, хлопец, — гаварыў ён праз колькі хвілін, аглядаючы Кузьму з ног да галавы. — Плечы шырокія, вочы смелыя. Усе дзяўчаты твае будуць.

Кузьму было няёмка ад такіх слоў, ён моцна паціснуў Рылюку руку, сказаў наўмысна нізкім голасам:

— Я ж не нявеста, Міхаіл Андрэевіч, каб мяне гэтак хваліць. Салдату не фігура патрэбна, а сіла.