— Э, не кажы, — памахаў пальцам Рылюк. — Сіла сілаю, а гусару вусы ніколі не перашкаджалі...
Ён заўважыў Кузьмову разгубленасць і перамяніў гаворку, спытаўся:
— Дзе ж, хлопцы, калі не сакрэт, стаіць ваш полк?
— У бараках на Каломенскай плошчы. Насупраць будынка Савета, — адказаў Юшкоў.
— Запрашаю вас, хлопцы, вечарам да сябе. Чай піць будзем. Фронт успомнім. Нябось, засумавалі па фронце? — хітра прыжмурыўся Рылюк.
— Фронт не жонка, — усміхнуўся Юшкоў. — Па ім разумны чалавек не засумуе...
Увечары Кузьма з Юшковым пайшлі да Рылюка. Неслі з сабой бохан чорнага хлеба, некалькі сухіх воблік, сінявата-белы цукар у палатняным мяшэчку, бо няёмка было ісці ў госці з пустымі рукамі. Ледзь адышліся ад Аляксандраўскага вакзала, як з усіх бакоў Навалілася густая цемра. Карасінавыя ліхтары, што былі панатыканы на невысокіх драўляных слупках на скрыжаваннях вуліц, не гарэлі — нехта ўсе іх пабіў. Снегу тут было мала, а калі і ляжаў, то чорны, пасыпаны вугальным пылам, закураны паравозным дымам. Уздоўж вуліцы за штыкетнікамі, драўлянымі і металічнымі, стаялі невысокія, падобныя адна на адну хаткі. Рэдка ў якой з іх гарэла святло. Нарэшце ўсё-такі знайшлі тую хатку, у якой кватараваў Рылюк.
— Ну і цемра егіпецкая тут у вас, Андрэевіч, — сказаў Юшкоў, здымаючы з галавы папаху, жмурачы вочы. — Ледзь мы з Кузьмой ногі не паламалі. Трэба табе ў цэнтр горада перабірацца. Усё-такі ты ў бальшавікоў начальнік, а жывеш — бог ведае дзе.
Рылюк, вясёлы, па-хатняму апрануты, завіхаўся каля стала, на якім дыміўся медны бліскучы самавар, запрасіў сесці, закашляўся:
— Бальшавіцкі начальнік, кажаш. Вось, таму што начальнік, і жыву бліжэй да народа. А што цёмна на вуліцы — не бяда, Іван. Убяромся ў сілу — электрычныя ліхтары па ўсім Мінску запалім.
Ён, прыгнуўшыся, глянуў у нізкае маленькае акенца, за якім глуха чарнеў змрок:
— Позна ўжо, таму і цёмна. Французы і палякі такі час называюць часам паміж ваўком і сабакам.
Кузьма сеў на рыпучы драўляны ўслон, падкурчыў ногі, каб не так былі відны пабітыя брудныя боты, з цікаўнасцю аглядаў хатку. Была яна дужа бедная, але чыстая, акуратная. Сцены былі зусім голыя — паміж чорна-жоўтых патрэсканых бярвенняў віднеліся шнуркі шорсткага карычневага моху. У куце стаяла невялікая печ, зробленая на адну цагліну, з тоўстай жалезнай трубою, з кружкамі для чыгункоў, з пячуркай, у якой, скруціўшыся абаранкам, грэўся вялікі жоўты кот. Каля печы мясцілася драўляная шафа для посуду. Акрамя печы і шафы ў пакоі былі стол, два табурэты, нізкі ложак, пакрыты шэрай салдацкай коўдрай, паліца з кнігамі. Над сталом на сцяне вісеў партрэт прыгожай маладой жанчыны.
— Спартанскае ў мяне жыццё, хлопцы, — гаварыў Рылюк, калі селі за стол і пачалі піць чай з вялікіх металічных кубкаў. — У ссылках прывык. Але калі-небудзь такі раптам сум возьме, аж душу выверне — захочацца, ведаеце, хатняга цяпла, белай фіранкі, мяккай падушкі... Сум гэты я, вядома, адразу за шкірку і з душы — вон.
Ён усміхнуўся. Сівыя валасы яго серабрыліся, бялелі, як снег месячнай ноччу.
— А гэта хто? — спытаўся Кузьма і кіўнуў галавой на жанчыну на партрэце. Яна глядзела на ўсіх загадкава і трошкі сумна.
— Гэта мая жонка. — Рылюк чаранком лыжкі пачаў калоць цукар. — Ніна Іпалітаўна... Тут, у Мінску, на машынабудаўнічым заводзе працавала. Ведаеце завод фірмы «Якабсон, Ліўшыц і кампанія»? На ім мая Ніна свідравальшчыцай была. Пазнаёміліся мы, пакахаліся, пажаніліся і... у вясельнае падарожжа паехалі, у сібірскую ссылку. А там зноў ссылка — Урал, зноў Сібір... дзяцей некалі было завесці. Ніна мая ў партыю ўступіла, нелегальную літаратуру распаўсюджвала, дынаміт у сваім куфэрчыку хавала. А ў ссылцы пайшла ад мяне. Быў такі Бржазоўскі, паляк. Вясёлы, прыгожы паляк. Таксама ссыльны. Ну яна і пайшла ад мяне да яго, пакахала, значыць, гэтага Бржазоўская.
Ён змоўк. Кузьма адчуў, што кубак апякае пальцы. «Навошта я толькі пытаўся? — падумалася яму. — Гора чалавечае разварушыў...»
Але Рылюк ужо гаварыў пра Андрэя Белахвоста, у якога кватараваў.
— У Андрэя сям'і сем душ. Сам ён да любой работы здатны. Капейчыну не кране, дзецям і жонцы прынясе. А ўсё роўна: з хлеба на квас заўсёды перабіваецца. Тут у нас цэлая слабада рабочых-чыгуначнікаў. Дык, ведаеце, як яны канцы з канцамі зводзяць? З вёскай сувязь не парываюць. З іхняй радні нехта абавязкова ў вёсцы на сваёй паласе сядзіць. І вось яны ці араць, ці сеяць, ці жаць — на дзянёк-другі ў вёску пад'едуць. Ну, а адтуль на чорны дзень бульбачкі сабе прывязуць. Так і жывуць. Напалову рабочыя, напалову сяляне.
— У нас такога няма, — шумна сёрбаў гарачы чай Юшкоў. — У нас, на Урале, ужо нашы прадзеды толькі на жалезе сядзелі, толькі з жалеза жылі.