Выбрать главу

«Баіцца... Жыць хоча», — падумаў Кузьма, ды ў ягоным сэрцы не было спачування да гэтага чалавека. Гэты чалавек, каб зноў вярнулася яго сіла і воля, расстраляў бы і Кузьму, і Беланогава на месцы — і белыя пальчаткі з рук не зняў бы.

Стараліся ісці па цішэйшых вуліцах, каб асабліва не трапляцца на вочы народу. Навошта ведаць цікаўным, хто, каго і куды вядзе? Недзе на сярэдзіне дарогі Стахееў пачаў глуха, надрыўна кашляць, аж плечы калаціліся.

— Хай адкашляецца, — сказаў Беланогаву Кузьма, і яны спыніліся. Стахееў кашляў, прыгнуўшы галаву, цёр падбародкам аб плячук, крывіўся.

Выйшлі на Нямігу, і народу пабольшала.

— Ідзі хутчэй! — Кончыкам свайго штыка крануў Кузьма спіну Стахеева. Вясковыя цёткі, з новымі бліскучымі чыгунамі ў руках, разявіўшы раты, глядзелі на іх.

— Глядзіце, бабкі, каб у рот фурманка не ўехала, — усміхнуўся Беланогаў.

Насустрач з магазінчыка вывалілася на вуліцу кампанія польскіх уланаў, чалавек восем. Усе ў штанах з чырвонымі лампасамі, у рагатых канфедэратках. Уланам, бачна па ўсім, было весела.

— Гуляюць жарабкі, — буркнуў, гледзячы на іх, Беланогаў. Не любілі ў Мінску гэтых ваяк генерала Доўбар-Мусніцкага. Створаны ў час вайны па дазволу Часовага ўрада 1-ы Польскі корпус, з кожным днём рабіўся ўсё больш анархічным, нахабным, не прызнаваў ні дэкрэтаў Савецкай улады, ні самую гэтую ўладу.

Уланы параўняліся, перайшлі на другі бок вузкай вуліцы.

— Што гэта, Яцэк? — спытаўся ў свайго таварыша малады светлабровы улан, амаль хлапчук, у якога з-пад канфедэраткі тырчалі чорныя круглыя навушнікі.

— Хрыста вядуць на Галгофу, — адказаў той.

Палякі стрымана засмяяліся.

І тут Стахееў крута павярнуўся да іх, бухнуўся каленямі ў мокры снег:

— Панове воіны, не дайце загінуць хрысціянскай душы.

— Уставай! — шмаргануў яго рукой за каўнер Беланогаў. Але падбеглі уланы, абступілі Стахеева. Ад іх пахла гарэлкай і цыбуляй.

— Свабода павінна быць для ўсіх... Што гэта за свабода, калі чалавека, як быдла, вядуць пад канвоем? — перакручваючы рускія словы, гаварыў Кузьму светлабровы і трымаў рукой яго вінтоўку.

— Нельга рабіць такое!

— Ганьба! — крычалі палякі, перайшоўшы ўжо на сваю мову.

Стахееў раптам штурхнуў светлабровага з усяе сілы на Кузьму, а сам з вуліцы скочыў у невялічкі дворык, які быў якраз насупраць, і запёрся з сярэдзіны.

— Пусці! — крыкнуў Кузьма улану і стукнуў яго прыкладам у грудзі. Той асеў на снег.

Беланогаў, налёгшы плячом, хацеў выламаць нізенькія дзверы. Было чутно, як там, за дзвярамі, трашчыць, страляе чарапіца — пэўна, Стахееў узлазіць на страху.

«Не дай бог, уцячэ...» — жахнуўся Кузьма і, распіхнуўшы уланаў, палез цераз плот. На развітанне яны паспелі пачаставаць яго звонкай аплявухай, ад якой анямела шчака. На плоце Кузьма зачапіўся крысом шыняля за штыкеціну і паляцеў потырч носам. Адразу ўсхапіўся, агледзеўся. Крокі за тры ад яго, стоячы на ганку, калаціўся ад страху маршчыністы сівабароды яўрэй — гаспадар дома. Пэўна, выходзіў на двор па патрэбе, ды так і застыў з рукой, якая дарэмна спрабавала зашпіліць гузікі ў плюшавых нагавіцах.

— Тут бег чалавек, — задыхаючыся, нават не гледзячы на старога, хрыпла сказаў Кузьма. Стары ўсё яшчэ трымцеў ад страху і пальцам паказваў сабе за спіну:

— Там... там...

Двор быў квадратны, глухі, як глыбокі калодзеж, і Стахееў сігануў проста цераз хляўчук. На чарапічнай страсе віднеліся праломы, віліся свежыя трэшчыны. Кузьма з Беланогавым не палезлі на страху. Калі ж яны аббеглі двор, то трапілі ў такія лабірынты вулачак, дворыкаў, гліняных сцен, што ў роспачы спыніліся. Беланогаў плюнуў сабе пад ногі: «Уцёк!» — і, каб на нечым адвесці душу, са злосцю ўсадзіў штык у нізенькія дзверцы з дошак, за якімі пачынаўся новы дворык. Дзверцы жалобна зарыпелі.

— Ну як, узрадавалі таварыша Крывашэін? — весела спытаўся Юшкоў, калі яны вярнуліся ў свой барак-казарму.

— Збег ён, — глуха сказаў Кузьма.

— Хто? — не зразумеў Юшкоў.

— Сучка Стахееў збег, — Кузьма раптам хліпнуў носам. — Рабі што хочаш...

Юшкоў паглядзеў на яго, як на ідыёта, потым пабялеў, стукнуў кулаком па калене:

— Каму даверыў?! Шчанюкі сляпыя! Што мне Пчалаводаў скажа за кроў яго неадпомшчаную?

Ён прабег з кута ў кут, спыніўся, звёў бровы ў чорную трапяткую спружыну:

— На губу! На трое сутак — абодвух!

Другі раз за апошнія месяцы сядзеў Кузьма на гаўптвахце.

Толькі зараз пасадзілі яго свае, лепшы сябра пасадзіў. Гэта было асабліва крыўдна.