«Ніколі не дарую яму», — падумаў Кузьма, намацаў у цемры халодны чурбанок, сеў на яго, абшчапіў галаву рукамі. Хацелася плакаць. Праз колькі гадзін ён заснуў, звіўшыся абаранкам на мулкіх дошках каля Беланогава. Сон быў цяжкі, трывожны. Сярод ночы ён раптам усхапіўся, няўцямна паглядзеў у цемру. Пакутна і шчымліва ўсплылі ў памяці словы: «Што мне Пчалаводаў скажа за кроў яго неадпомшчаную?»
XII
Праз два дні знадворку заскрыгатаў у замку ключ. Прыгнуўшыся, каб не ўдарыцца галавой аб вушак, у клетушок, які быў «губой», увайшоў Юшкоў, ціхі, трошкі разгублены.
— Выходзьце, хлопцы, — сказаў Юшкоў. — Таго гада мы ўсё роўна зловім. Нікуды не ўцячэ.
— Нам яшчэ дзень трэба адбыць. Ты ж на тры дні пасадзіў, — буркнуў Кузьма, што ляжаў на нарах, і павярнуўся на другі бок, тварам да сцяны.
Юшкоў быццам не заўважыў ягонай злосці, працягваў гаварыць лагодным, спакойным голасам:
— Нядзеля сёння. Святы дзень. Папы моляцца, буржуі недабітыя гарэлку п'юць, а чаму пралетарскі салдат павінен на нарах з прусакамі шаптацца? Так што — выходзьце...
Злосць у Кузьмы паціху пачала астываць. «Усё-ткі сам прыйшоў, — падумаў ён пра Юшкова, — усё-ткі сумленне заела...» Яму зрабілася радасна, што Юшкоў хоць і гарачы чалавек, але затое верны сябар. І ўсё ж ён не збіраўся выходзіць адсюль першы, нават каб гэты катушок ахапіла раптам полымя. Выручыў яго Беланогаў. Шумна злез з нараў, строс з сябе саламяную пацяруху, пацягнуўся і весела сказаў:
— Ну што ж, калі начальства выпускае, можна і выйсці. А то тут трохі цесна — страявой падрыхтоўкай няма дзе заняцца.
Выйшлі на свежае паветра, і Кузьму асляпіла сонца. Такое яно было зыркае, прамяністае, вясёлае. На высокіх старых ліпах, што раслі ўздоўж вуліцы, каркалі вароны. Непадалёку бабулька несла драўляныя вёдры з вадою, і з вёдраў белымі павольнымі кольцамі выплывала пара. Снег ззяў, як ззяе луска плоткі, якую ў яркі летні дзень выцягваеш з цёплай вады. Кузьма заплюшчыў вочы і колькі крокаў ішоў, нібы сляпы.
— Ты ўжо не крыўдуй, зямеля, — ціха і вінавата гаварыў Юшкоў, калі Беланогаў пайшоў у казарму і яны засталіся адны. Хрумстка рыпеў пад нагамі снег. Калючы ветрык шчыпаў твары.
— Чаго крыўдаваць? Твая праўда. Ніколі не дарую сабе, што ён выслізнуў. А прабачэння ты не прасі. Хіба камандзіры просяць прабачэння ў падначаленых? — глянуў на яго Кузьма.
Юшкоў нахмурыўся:
— Па-твойму, камандзір заўсёды павінен салдата носам у гразь класці. Як Стахееў рабіў, як рабіла ўсё іхняе кодла, так? Для чаго ж тады рэвалюцыю мы рабілі? Каб самім салдата па мордзе біць?
— Не сярдуй, Іван, — узяў яго за локаць Кузьма. — Харошы ты чалавек. І камандзір добры. І я чэсна скажу: заўсёды ты мне, як брат. А калі-небудзь, як і бацька.
— Кінь ты ўсё гэта, — павесялеў Юшкоў і збіў на патыліцу сваю шапку. — Слухай. Сёння мы з табой пойдзем у горад. Рамнёў адпусціў да вечара. Куды, думаеш, нам ірвануць? У губернатарскі сад ці, можа, на Троецкую гару?
— Хто ж зімой у сад ходзіць? Зімой трэба некуды ў цёплае, — Кузьма ўзрадаваўся гэтай навіне і, падумаўшы, прапанаваў:
— Пойдзем да адной знаёмай...
Юшкоў разявіў ад здзіўлення рот і зморшчыў лоб, але не стаў распытваць, бадзёра стукнуў кулаком аб кулак:
— Ну то слухай свайго бацьку, ён дрэннаму не навучыць. Бягом на конку!
Калі ўжо ехалі на концы, Кузьма сказаў:
— Да Лусковічавай жонкі Праскоўі завітаем...
— Цю-ю, — прысвіснуў Юшкоў. — Да жонкі... А я думаў, чым-небудзь саладзейшым пахне.
Ён раптам пасур'ёзнеў, глянуў на Кузьму:
— Да чыёй, кажаш, жонкі? Кандрата Лусковіча? Дык яго ж ужо...
— Забіла, — дагаварыў Кузьма. — Але Праскоўя пра гэта не ведае. І не павінна ведаць.
Юшкоў прахукаў, а потым пракруціў вялікім пальцам у лёдзе на шкле дзірачку. Прыціснуўшыся да шкла загарэлым ілбом, глядзеў у гэту дзірачку і быў падобны на хлапчука, што падглядвае за нечым забароненым, дужа цікавым. Час ад часу ён гаварыў:
— З чырвоным сцягам прайшлі... Малец бяжыць па рэйках, пэўна, свіснуў што-небудзь у гандляркі... Улан з нашай дзяўчынай ідзе... Камендант гарнізона Крывашэін у сваім аўтамабілі паехаў...
Гаварыў гэта ўсё ён сур'ёзна, быццам ад гэтага залежала, даедуць ці не даедуць яны да Праскоўі Лусковіч. Кузьма з лёгкай усмешкай глядзеў на свайго сябра і баявога камандзіра і ўжо не першы раз думаў: які ўсё-такі Юшкоў непадобны на іншых, як жывуць у ім побач і суровы адчайны мужчына і наіўнае даверлівае дзіця.
Злезлі з конкі, купілі ў краме цукерак і пайшлі на Багадзельную. Кузьма адчуваў, як нарастае ў ім хваляванне.