Выбрать главу

І, яшчэ раз спалохана глянуўшы на Юшкова, Васька выскачыў з хаты.

— Праштрафіўся я, — разгублена ўсміхнуўся Кузьма.

Яшчэ трохі пасядзелі за сталом, але размова не клеілася. Кузьма адчуваў, што ва ўсім вінаваты ён сам. Не ідуць у яго з горла словы, як успомніць тое балота, у якім сканаў Кандрат Лусковіч, як паглядзіць на яго жонку. Юшкоў, пэўна, таксама знайшоў бы, што сказаць, але ў яго свая прычына — прыйшоў першы раз, не ведае, што ў Праскоўі з Кузьмой, і таму маўчыць, чакае.

— Засумавалі мае госцейка — уздыхнула Праскоўя. — Не ўмею я весяліць. — Яна раптам паглядзела на іх, сказала: — Ведаеце што. Пойдзем у электратэатр на Захар'еўскую. Там пра вайну паказваюць.

— Гэта дзела, — узрадаваўся Юшкоў. — Піць нам болей не паложана, а прагуляцца — з вялікай прыемнасцю...

Ён глянуў на Праскоўінага сына:

— Сяргея таксама возьмем?

— З ім Васька пасядзіць. Той самы, каго вы так напалохалі...

Утраіх яны выйшлі на вуліцу. Праскоўя, у доўгім сінім паліто з вялікімі бліскучымі гузікамі, у чорных боціках, з прыгожай футравай шапачкай на галаве, стала пасярод, узяла Юшкова і Кузьму пад рукі. Шчокі яе чырванелі — ці то ад марозу, ці ад хвалявання.

Кузьма спінаю адчуваў жаночыя позіркі з акон барака. «Ну цяпер трымайся — усе костачкі перамыюць, — халадзеючы, падумаў ён. — Нам яшчэ нічога. Нам, як той казаў — зрабіў сваё, ды ў кусты. А яна? Салдатка. Жанчына з дзіцем на руках. І на табе — адразу двух мужыкоў падчапіла пад рукі, пад вокнамі ва ўсіх пайшла».

Ён адчуваў яе цёплы мяккі локаць. Было няёмка: няўжо так хутка забылася яна пра Кандрата? Але было і прыемна. Было прыемна ісці побач з ёй, прыгожай, смелай, яшчэ такой маладой. «Хай глядзяць, — падумалася яму, — не векаваць жа ёй у чатырох сценах, не труціцца, як Анюце. Яна, можа, больш, чым хто, мае права на чалавечае, на жаночае шчасце».

— Эдэм, — прачытаў Юшкоў вялікія літары над уваходам у электратэатр: — А што гэта такое?

— Не ведаю, — сказала Праскоўя. — Так электратэатр называецца...

Кузьма яшчэ ні разу тут не быў. Усё яго здзіўляла: і мноства народу, вясёлага, добра апранутага — прычым вельмі многа было дзяўчат і жанчын; і крэслы, што доўгімі шарэнгамі стаялі адно каля аднаго; і яркае святло, якое лілося аднекуль зверху. На сцяне вісела вялікая белая матэрыя, падобная на звычайную прасціну.

— Нашы месцы тут, — сказала Праскоўя, і яны селі непадалёку ад уваходу.

Кузьма сеў злева ад Праскоўі. Неўзабаве патухла святло, недзе зайграла, забрынкала музыка, і белая матэрыя асвяцілася. І па ёй забегалі жывыя людзі. Кузьма ўжо чуў, што ёсць такая штука, у якой на сцяне паказваюць жывых людзей і розныя машыны, але ўпершыню сам убачыў такое. Ён сядзеў, моцна ўчапіўшыся рукамі ў ручкі крэсла, і не дыхаў. «Трэба ж дадумацца да такога», — здзіўляўся ён.

Людзі пабегалі, пабегалі, памахалі рукамі, потым адзін аднаго стукнуў парожняй бутэлькай па галаве. Усе наўкола засмяяліся. Толькі Кузьма не паспеў засмяяцца. Потым паказвалі розных уродаў. Адзін быў такі вялікі, што ехаў у аўтамабілі, а ягоная галава тырчала, прабіўшы кабіну. Другі глытаў нажы і цвікі. І галавешку з агнём праглынуў. Трэці ж так зморшчыў твар, так увабраў шчокі і нос, што замест твару ў яго атрымаўся блін.

— Ну і даюць хлопцы, — задаволена крэкнуў Юшкоў.

Кузьма сядзеў і баяўся — барані бог, Праскоўя заўважыць, што ён упершыню ў электратэатры. І ён стараўся асабліва не здзіўляцца і не смяяцца. Цёплае Праскоўіна плячо было каля яго пляча, і калі яна смяялася, іх плечы на імгненне сутыкаліся. Кузьма адчуваў, як замірае яго сэрца, нібы правальваецца ў цёплую бездань.

Між тым на экране з'явіліся словы: «Ваенная хроніка. Газавая нямецкая атака на Марне». Кузьма ўбачыў вузкую паласу траншэй, над траншэямі калючы дрот, крывое, расшчэпленае снарадамі дрэва. У траншэях — людзі. Уціснуліся тварамі і жыватамі ў зямлю, як краты. А над чорным полем усё бліжэй і бліжэй да траншэй плыве, калышацца вялікае белае воблака. «Пэўна, дым», — падумаў Кузьма. Вось воблака цяжка перавалілася праз пярэдні край траншэй, затапіла траншэі. І людзі, там, у траншэях, раптам замітусіліся, заскакалі, нібы іх пачало прыпякаць агнём. Некаторыя нацягвалі на галовы шынялі, нейкія прасціны, мяшкі. Вось адзін салдат раптам упаў на зямлю, рукі і ногі ў яго пачалі калаціцца, звівацца, выломвацца з суставаў, быццам хацелі аддзяліцца ад цела. Вось упала пяць... дзесяць... трыццаць чалавек... Салдат касіў нейкі страшны раптоўны мор, нейкая імгненная чума« Кузьма ўбачыў перакошаны болем і страхам твар маладога мёртвага салдата.

На губах — пена.

— І мой жа Кандратка мёртвы, — раптам усхліпнула, уткнулася яму галавой у плячо Праскоўя. — І ніхто не пагаласіў над ім. Я ж яшчэ тады здагадалася...