Плечы яе дробна трымцелі, цёплыя слёзы падалі на Кузьмову руку.
— Ты што? — халадзеючы, шапнуў ёй Кузьма.
— Я яшчэ тады здагадалася, — ціха, няўцешна плакала яна яму ў шынель.
Яны сядзелі ў цеснай цёмнай зале, сярод незнаёмых чужых людзей, і перад імі на пакамечанай белай прасціне зашываліся тварам у брудны пясок, паміралі чужыя людзі, напэўна, французскія салдаты. Нехта ззаду сіпла кашляў, нехта курыў, нехта пляваў сабе пад ногі шалупінне ад гарбузікаў.
«Дык яна ўсё ведала, — заходзілася ад болю, спачування і пяшчоты Кузьмова сэрца. — Яна яшчэ тады, як я першы раз прыйшоў, здагадалася, што Кандрата ўжо няма. А я думаў, што яна з тых, з прадажных...»
Яму раптам стала горача. Ён расшпіліў шынель. Сэрца білася рыўкамі. Ён знайшоў у цемры Праскоўіну руку, маленькую, цвёрдую, і гладзіў, гладзіў яе. І гэтая рука заціхала, супакойвалася пад яго рукою.
Калі выйшлі з залы на вуліцу, Юшкоў сказаў:
— Ну і касіў людзей гэты газ. Аж мароз па скуры.
«Ці не заўважыў нічога, ці хітруе, прыкідваецца, — падумаў Кузьма. Яму ўсё яшчэ было горача. — Я так дрэнна, так нядобра думаў пра яе», — зноў і зноў успыхвала ў галаве неадчэпная, згрызотная думка.
Яны прайшліся па Захар'еўскай, звярнулі ў завулак. Праскоўя была сцішаная, бледная.
— Ну вось што, — сказаў Юшкоў і пакратаў рукой свой доўгі вус, — я пабягу ў казарму — там каравульная каманда павінна чысціць зброю, а ты, Кузьма, правядзі Праскоўю дадому. І каб праз гадзіну, як штык, быў у казарме...
Ён строга глянуў на Кузьму, потым павярнуўся да Праскоўі:
— Дзякуй табе за хлеб-соль. На, вось яшчэ ў кішэні засталіся — сынку свайму цукерак перадай.
Па ціхім аснежаным завулку пайшлі яны. Наперадзе Праскоўя, крыху ззаду — Кузьма. Снег мякка слаўся пад нагамі. Сонца хавалася на захадзе — за шэрымі стрэхамі дамоў, за дрэвамі. Неба было дзіўнага колеру — чырванавата-зялёнае, пасярэбранае. Марозік слабеў, і прыемна было падстаўляць твар сустрэчнаму ветрыку. Ён казытаў шчокі, лоб, вусны.
— Пад Нясвіжам забіла Кандрата, — сказаў Кузьма, і яны зноў пайшлі моўчкі. Яму было прыемна бачыць, як яна ідзе, як мякка ставіць нагу, як белым снежным пылам засыпаюцца яе боцікі.
«Яна, можа, больш, чым хто іншы, мае права на шчасце», — зноў успомніў ён сваю думку.
Падышлі да барака. Праскоўя глянула на Кузьму, ціха сказала:
— Прыходзь да мяне, Кузьма... Не забывай...
І хуценька, амаль подбегам, пайшла да дзвярэй. Яму быццам нечым апякло грудзі. Ён бачыў, як яна бярэцца рукою за клямку, як, тупаючы па ганку боцікамі, аббівае з іх снег, і яму хацелася, каб яна вярнулася, каб яны зноў хадзілі па горадзе, слухалі рыпенне снегу, глядзелі на зялёнае вечаровае неба.
— Я заўтра прыйду, Праскоўя, — гукнуў ёй услед.
Назаўтра з раніцы іхняя рота зноў была на вакзале. Кузьма ўважліва ўглядаўся ў твары ўсіх, хто ехаў з фронту. Думалася: апёкся на Стахееве, дык хоць зараз бы не прапусціць якую-небудзь птушку. Можа, Мыльнікаў ці Кукавераў надумаліся, калі толькі раней гэтага не зрабілі, даць лататы да сталіц — Петраграда і Масквы. Але нікога са знаёмых не было.
Пад вечар Кузьма падышоў да Юшкова, адводзячы ўбок вочы, папрасіў:
— Іван, мне трэба да Праскоўі збегаць... Адпусці...
Юшкоў хмыкнуў, падазрона глянуў на яго:
— Што — там дзверы мёдам памазаны? Ведаеш — я несур'ёзных спраў не люблю.
Кузьма з надзеяй глядзеў яму ў вочы.
— Добра — ідзі, — памякчэў Юшкоў. — Толькі, каб усё было добра. Помні, што ваяваць мы яшчэ не скончылі. І помні пра гэты самы... Як яго?.. пра таямнічы лабірынт жаночай душы.
— Што? — У Кузьмы ад здзіўлення пакруглелі вочы.
— Ат, — махнуў рукой Юшкоў. — Беланогаў нядаўна кніжку прыносіў, чытаў, дык у ёй і было пра гэты самы... і не выгаварыш яго. Ну ды ты чуў, пра што я табе казаў...
У казарме ў каптэнармуса Юркаўца Кузьма папрасіў спісаную шапку:
— Выберы толькі невялікую. На хлопца...
Паклаў у кішэнь добры кавалак цукру, загорнутую ў газеціну лусту жоўтага сала і рушыў на Багадзельню.
Чым бліжэй падыходзіў ён да барака, тым больш хваляваўся.
«Што я ёй скажу? — думаў ён. — Як сустрэне яна мяне?.. Падумае: прыбег, як памаўзлівы кот на сала...»
Гэтага ён баяўся больш за ўсё. Толькі б не прыйшло ёй у галаву, што ён, шкадуючы яе, хоча пакарыстацца яе слабасцю і адзінотай. Зноў і зноў успаміналася Кузьму, як сядзелі яны ў электратэатры, як сутыкаліся іхнія плечы, як пад яго рукой заціхала яе рука. Усё гэта да драбніц урэзалася яму ў памяць, зрабілася неад'емнай часткай яго самога. І ён баяўся, што гэтага болей можа не быць, што там, у цемры залы, запоўненай чужымі людзьмі, застаўся іхні ўзаемны, такі кароткі давер, які знік, як толькі яны выйшлі на вуліцу. «Але ж яна сказала «прыходзь», — успамінаў ён, — значыць, яна таксама думала і думае пра мяне...»