Выбрать главу

— Жонка мая... — шчасліва сказаў Кузьма і зноў паўтарыў, прыслухоўваючыся да гэтых слоў: — Жонка мая...

Ужо калі зусім сцямнела, яны выйшлі з барака. Халодны вецер ударыў у твары. Папярок неба цякла залатая зорная рака. У цемры глуха шумелі дрэвы.

Шчаслівыя, яны сышлі з ганка, на якім рыпеў бледна-сіні снег, і тут убачылі маленькую кволую фігурку, што прытулілася да сцяны барака.

— Сяргейка! — паклікала Праскоўя.

Фігурка аддзялілася ад сцяны і павольна пайшла ім насустрач.

— А мой ты сынок... — заплакала Праскоўя. — А дзе Васька?

— Ён сказаў, каб я яго чакаў, а сам пайшоў Ігната біць, — уткнуўся ёй у ногі сын.

— Якога Ігната? — узяла Праскоўя яго на рукі.

— Ката Ігната, што мяса паеў, — сказаў хлопчык і раптам заплакаў. — А я думаў, што вы пра мяне ўжо забыліся... Мне холадна было...

— Сыночак мой, — плачучы, пацалавала яго Праскоўя. — Хіба магу я пра цябе забыцца?

— Ідзі сюды, Сяргей, — сказаў Кузьма і, узяўшы малога на рукі, высока падкінуў яго.

— Не плач, казак, атаманам будзем...

І малы ціха засмяяўся.

XIII

— Іван, я буду жаніцца з Праскоўяй Лусковіч, — сказаў Кузьма Юшкову. Яны толькі што прыйшлі з каравула. Юшкоў галіўся, а Кузьма трымаў перад ім патрэсканае, пацямнелае люстэрка. Юшкоў быў у белай нацельнай кашулі. Пальцамі левай рукі ён нацягваў скуру на шчацэ, правая рука спрытна завіхалася з брытвай.

— Ну і выдумаў, — хмыкнуў Юшкоў. — І надоўга? — Ён прыплюшчыў адно вока, скрывіў твар. Скура на падбародку і шчоках рабілася бліскучая, цёмна-сіняя«

— Я сур'ёзна табе гавару, — адклаў убок люстэрка Кузьма. — Жыццё маё вырашаецца, а ты зубы выскаляеш. Таварыш, называецца...

Юшкоў працягваў галіцца. Потым выцер сухім ручніком твар, апрануў гімнасцёрку, зашпіліў яе на ўсе гузікі. І толькі тады сказаў:

— Жаніся. Я табе не бацька. Але ж у яе ёсць малы. Ты падумаў пра гэта?

— Падумаў. Малы сынам мне будзе... — Кузьма гаварыў гэта цвёрдым, упэўненым голасам, але трошкі паспешліва, нібы баяўся, што яго ці спыняць, ці не павераць яму.

— Узяць жонку — гэта не новую кашулю апрануць. Гэта... — Юшкоў на імгненне задумаўся, шукаў патрэбныя словы. — Бачыш — во гузік да шыняля прышыты. Сам прышываў. Суравыя ніткі вашчыў, у некалькі столак іх браў. Навечна гузік прышыты, пакуль шынель не сатлее. Толькі з мясам можаш яго вырваць. Так, брат, і жонка...

Кузьма глядзеў на гузік, глядзеў на Юшкова, маўчаў.

— Адно я баюся, Кузьма, — сумна ўсміхнуўся Юшкоў, — жонкі добрыя, без жонак нельга, але яны разлучаюць нас, мужыкоў. І мы з табой, брат, можам разлучыцца.

— Ну, гэта ты кінь, — засмяяўся Кузьма. — У нас такога не будзе...

Ён стаў поплеч з Юшковым, нават паляпаў яго па спіне, але адчуў, як у незразумелай журбе заныла сэрца.

— У нас такога не будзе, Іван, — зноў паўтарыў ён, каб хутчэй справіцца з гэтай журбою.

З дазволу начальства некалькі дзён ён пражыў у бараку, разам з Праскоўяй і Сяргейкам, потым зноў вярнуўся ў казарму. У бараку яны сабралі невялікую вячэру. Прыйшлі Юшкоў, Рылюк, Беланогаў, прыйшло некалькі Праскоўіных сябровак з фабрыкі. Выпілі трохі разбаўленага спірту, потым пілі каву «Гімалайскае жыта». Кузьма ап'янеў, сядзеў побач з Праскоўяй, разгублены, ціхі, шчаслівы.

— За пралетарска-салдацкую сям'ю! — узняў сваю шклянку Рылюк і чокнуўся з Праскоўяй і Кузьмой.

Праскоўя зачырванелася, усміхнулася, сказала яму:

— Дзякуй вам...

— Эх, каб мне зараз гармонік у рукі, — шумна ўздыхнуў Юшкоў і падсеў бліжэй да дзяўчат-работніц.

Дзяўчаты засмяяліся:

— А мы можам іграць і без гармоніка...

Адна з іх дастала грабянец, папяросную паперу — «На фабрыцы яе многа!» — весела надзьмула шчокі — зайграла.

Юшкоў выскачыў на сярэдзіну пакоя, тупнуў нагой, заспяваў:

— Сербіяначка Наташа,

Не хадзі са мной гуляць...

Дні праз два Кузьма з Юшковым сустрэлі каля барака Ваську Шворна. Васька спалохана глянуў на Юшкова і падаўся бліжэй да Кузьмы.

— Не бойся яго, — засмяяўся Кузьма.

— А я і не баюся, — сказаў Васька. — Чаго мне баяцца? Мяне ўжо дзядзька-мастак на карціну малюе...

— На якую карціну? — не зразумеў Юшкоў.

— Вы што — не бачылі карцін? Ну, гэта на палатне людзей, як жывых, малююць, — горда сказаў Васька. — Хочаце — зваджу вас у майстэрню.

Па вузенькім, вымашчаным круглымі шэрымі каметамі завулку яны пайшлі ў майстэрню мастака. Завулак спускаўся ўніз да Свіслачы. Быў ён забудаваны нізкімі таўстасценнымі домікамі з чырвонай цэглы. На вуглах дамоў цэгла выкрышылася, выветрылася. У дварах гулялі дзеці і сабакі. Вокны домікаў, вузкія, прыплюснутыя, як стомленыя старэчыя вочы, былі завешаны бруднымі рыжымі фіранкамі.