Выбрать главу

— Мастака завуць Іван Іванавіч Лебедзь, — крочачы наперадзе, гаварыў Васька. — Ён, каб мяне знайсці, увесь Мінск абышоў, у кожны двор заглядаў...

— Ты скажы, — здзіўлена паглядзеў на яго Юшкоў. — Не думаў я, Вася, што ты такі прыгожы...

— Тут не ў прыгажосці справа, — кісла і высакамерна, як дарослы, усміхнуўся Васька. — Тут патрэбен тып.

— А што такое тып? — нясмела пацікавіўся Кузьма.

— Тып? — Васька ўзмахнуў рукой. — Ну гэта такое... такая фігура... Ды я яшчэ і сам толкам не ведаю, — шчыра прызнаўся ён.

Нарэшце яны прыйшлі да майстэрні. Яна займала палову прысадзістага цаглянага доміка, каля якога раслі высокія тоўстыя таполі. Падняліся на драўляны рыпучы ганак, трапілі ў цёмны вузкі калідор. У калідоры пахла дымам, падгарэлай цыбуляй, селядцамі. За жоўтымі фанернымі дзвярыма прарэзліва крычала дзіця. Сівая згорбленая старая мыла ў ночвах бялізну, нешта спалохана зашаптала сама сабе пад нос.

Васька, нават не глянуўшы на яе, павярнуў налева, піхнуў рукой нізкія, заляпаныя фарбай дзверы. Кузьма з Юшковым спыніліся на парозе. Усе сцены майстэрні былі завешаны карцінамі, вялікімі, малымі, зусім маленькімі. Святло з шырокага, нізка пасаджанага акна падала на партрэт маладой жанчыны, які стаяў пасярод майстэрні на нейкіх трыножках. Каля партрэта на маленькай, таксама заляпанай фарбай, канапе сядзеў чалавек, стомлены, худы, буйнагаловы. Падпёршы шчаку рукой, ён уважліва глядзеў на задумлівы жаночы твар. Не азіраючыся, чалавек сказаў глухаватым голасам:

— Гэта ты, Васіль? Распранайся. Давядзецца нам з табой сёння папрацаваць...

— Я не адзін, Іван Іванавіч, — ціха і, як падалося Кузьму, трошкі спалохана прамовіў Васька. — Са мной прыйшлі...

Тады чалавек цяжка ўзняўся з канапы, спытаўся:

— З вобыскам прыйшлі, таварышы?

Было яму гадоў трыццаць. Высокі бледны лоб зрэзалі маршчыны. Светлыя валасы, што злёгку кучаравіліся, спераду ўжо дужа парадзелі, і ён хаваў лысіну — зачэсваў валасы набок. Быў ён апрануты ў часучовую талстоўку, на шыі матлялася бруднавата-белае кашнэ. Ягоныя рукі і адзенне былі ў фарбе.

— Мы не з вобыскам... Мы проста зайшлі паглядзець, таварыш Лебедзеў, — сказаў Кузьма, гледзячы пад ногі, каб на што не наступіць, бо на падлозе валяліся скруткі паперы, палатна; стаялі шкляныя слоікі з разведзенай фарбай, з якіх тырчэлі доўгія і кароткія пэндзлі.

— Маё прозвішча Лебедзь. Я не Лебедзеў, — усміхнуўся мастак. Ён паказаў рукой на канапу: — Прашу садзіцца...

У яго рухах не было ні паспешлівасці, ні разгубленасці, і гэта спадабалася Кузьму. «Самастойны чалавек», — падумаў Кузьма і пачаў разглядаць карціны.

На адной карціне ён убачыў тую ж самую вуліцу, па якой яны толькі што ішлі сюды: брудна-чырвоныя цагляныя домікі; круглыя, бліскучыя, як мокрыя, камяні пад нагамі; уперадзе, за паваротам, вузкая цьмяная сінеча Свіслачы. Здавалася, зараз зарыпіць снег, што дзе-нідзе лёгкімі белымі плямамі ляжаў на каменнях. Затое з суседняй карціны глядзела на Кузьму прыгожая маладая жанчына з распушчанымі рыжымі, быццам крывавымі, валасамі, голая па пояс. У яе былі доўгія белыя грудзі з карычневымі кружочкамі саскоў. У правай руцэ яна трымала меч, тонкі, бліскучы; у левай — келіх з чырвоным віном.

«Рэвалюцыя», — прачытаў Кузьма ў ніжнім куточку карціны.

Падышоў да жанчыны з мячом і Юшкоў, уважліва паглядзеў на яе, прыжмурыў вочы, спытаўся ў Лебедзя:

— Няўжо не знайшлося для гэтай мадамачкі хоць якой-небудзь сукенкі?

— Разумееце, гэта — сімвал, — захваляваўся, пачырванеў Лебедзь. — Жанчына — гэта чысціня, вернасць, пяшчота. Іменна такой мне, як мастаку, бачыцца рэвалюцыя. Скінутае адзенне — гэта тое, што яна назаўсёды адвергла, што спаліла ў сваіх ачышчальных кастрах: прыгнёт, хлусня, рабства. Карціну я пісаў для такіх, як вы, для байцоў рэвалюцыі, і паверце — мне балюча і крыўдна, што яна вам не спадабалася.

— Чаго ж, мне яна спадабалася, — паспешліва сказаў Кузьма, каб хоць трохі супакоіць мастака, і сустрэўся з яго ўдзячнымі сінімі вачыма.

Потым Лебедзь пасадзіў Ваську Шворна на нізкае крэсла, строга сказаў яму:

— Сядзі і не варушыся...

Сам узяў пэндзлі, цюбікі з фарбай, бляшаначку з вадой, пачаў перамешваць фарбы, падбіраць патрэбны колер і ўвесь гэты час не зводзіў з Ваські позірку, і вочы ў яго зрабіліся вострыя і пранізлівыя. Васька сядзеў нерухома, як каменны, і толькі хітраватая ўсмешка трапяталася ў куточках вуснаў.