Выбрать главу

Іншы раз языкі жанок — прыдзір ці зайздросніц — меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым — нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі — Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было — крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!

Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, — стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, — стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, — смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. І глядзела яна інакш, — нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер'е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах.

Амаль усе куранёўскія цёткі і дзядзькі згодна лічылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай і — аж залішне задзірыстай. Не аднаму ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд…

Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яны і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..

Васіль не прыглядаўся асабліва, не перабіраў, не вымяркоўваў. Ён быў для гэтага вельмі ж здзіўлены, зачараваны. Жылі побач, бегалі з другімі на выган, пасвілі жывёлу, колькі гадоў бачыў між іншых і не ведаў, не здагадваўся, хто такая Ганна. І нечакана пасля вечара на лузе адкрылася ўсё, і, убачыўшы, адчуўшы такое, збянтэжаны, уражаны, стаў як сам не свой. Свет як бы перайначыўся адразу.

Ён быў цяпер поўны цудаў і радасці, незвычайны свет, — і ўсе цуды і радасць у ім тварыла Ганна. Адны яе рукі, пераплёўшыся пальцамі з Васілёвымі, маглі рабіць яго многія ночы шчаслівым. Калі яна паслухмяна тулілася, яго поўніла дзіўнае, незразумелае і невыказна харошае тамленне ў грудзях. Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя дзякуючы ёй. Калі яна была побач, радасць, шырокая, бязмежная, жыла ў ім, ва ўсім, што акружала іх. У гэтай радасці ночы не плылі, а ляцелі, і світальныя зоры прыходзілі заўсёды вельмі рана. Цэлымі днямі, што б ні рабіў, Васіль зачаравана ўспамінаў Ганну, думаў пра Ганну, шукаў вачыма Ганну, чакаў ночы спаткання з Ганнай.

Час быў не для кахання — гарачы жнівеньскі час. Людзі ўставалі раней за сонца, вярталіся ў сяло ўпоцемку. Павячэраўшы, куранёўцы адразу валіліся спаць. Кароткія яшчэ ў жніўні ночы, вечар ледзь не сустракаецца са світаннем, а трэба даць уціхнуць зморы ў руках, у нагах, учыгунелай спіне, адпачыць целу ад едкага поту. Васіль жа, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бачыў адно жардзяны плот каля Чарнушкавага агарода, дзе стаялі першы раз, калі яшчэ не асмельваўся ўзяць Ганну за стан, і дзе з таго вечара стаялі ўсе ночы.

Як заўсёды, спяшаўся і ў гэты вечар. Сербануў некалькі лыжак гурочнага расолу, схапіў гурок, каб даесці ў дарозе, ускочыў з-за стала. Маці, амаль нявідная ў душным хатнім змроку, з другога боку стала параіла:

— Вазьмі шчэ. Ці от рэдзькі ўкусі…

— Наеўся ўжэ…

Васіль варухнуўся, нібы адганяючы стому, пачуў, як ные натруджаная за дзень спіна, млосна падгінаюцца ногі.

— Не баўся вельмі… — не ўтрывала, папрасіла ўслед маці.

Зачыняючы дзверы, чуў, як уздыхнула. Спачатку, калі ўсё толькі пачалося і не ведала яшчэ, што з сынам, пыталася, куды ідзе, раіла лепш дома астацца, адпачыць, потым па шчаслівым Васілёвым твары, па гаворках жанчын зразумела ўсё, адно ўздыхала ўслед…

Васіль саскочыў з ганка і на момант стаў, думаючы, дзе ісці, вуліцай ці гумнамі. У іншыя дні хадзіў паўз гумны, каб не сустракаць нікога, не бавіцца марна, сёння прыпазніўся, пакуль завёў каня на ўзболатак, — можна ісці і вуліцаю. І на вуліцы цяпер нікога.