Выбрать главу

"Як мак! Як макаў цвет! Чыстая матка!" — падумаў ён радасна. Губы яго раптам таргануліся болем, вочы заморгалі — ён успомніў нябожчыцу, маладую іх сустрэчу, незабыўны да скону вішаннік.

Чарнушка абняў дачку і, квола хліпнуўшы, сказаў:

— Дай Божа табе!..

Услед за ім расчулена хліпнула мачыха, шмарганула носам.

— Ідзі, чакаюць!..

Ледзь яны ўвайшлі ў хату, Сарока ўскочыла, закруцілася, засакатала:

— А, прыйшла гуска! Даждаўся гусачок малады — час залаты! Круціў галоўкай, гусачку выглядаў, баяцца пачаў — няма і няма! А яна от, паявілася — хата засвяцілася!

— Не ждалі, — сказала мачыха. — Ганначка акурат буракі брала…

Сарока абышла, абгледзела, абмацала вочкамі Ганну з усіх бакоў, падалася к сталу, за якім сядзелі Яўхім, стары Глушак і чорны, зарослы, як лясун, Пракоп.

— Не ждалі, значыць? Не зналі, не гадалі, з якога боку гусачок прыйдзе па гуску-дружку! З якога боку прыплыве шчасце-багацце! А яно от — не з-за поля далёкаго, не з-за лесу высокаго, са свайго сяла. Прыйшоў малады хлапец — добры купец!..

Сарока, сыплючы словамі, страляла вочкамі то на аднаго, то на другога, а найчасцей на старога Глушака, як бы чакала ўхвалы свайму красамоўству, свайму спрыту. Але Глушак, здавалася, не чуў і не бачыў яе — маўклівы, затоены, стары Корч праз акуляры з вяровачкай, зачэпленай за вуха замест дужкі, важка разглядваў Ганну.

Ганне ад яго ўпартага, незразумелага позірку было няёмка.

— Ваш тавар, наш купец! — прабурчаў Пракоп, абводзячы панурымі вачыма з-пад чорна навіслых броў пірог і пляшку, якія ўжо былі на стале.

— Купец — усім купцам купец! Сам малады, чуб залаты, дабра поўныя клеці — лепшы на ўсім свеце.

— Купца не ганім, — сказаў бацька. — Толькі — дзеўка гадамі шчэ не ў пары!.. Пагуляць бы шчэ трэба!..

— Э, што з той гульбы!.. Ад гульбы конь псуецца, так і дзеўка!..

— Семнаццаць гадкоў усяго!..

— Самы час, самы лепшы квас! А то — пераспее, закісне, стане ўсім ненавісна! Стане, як тая макуха, — будзе векавуха! Шкадаваць будзе — бацьку, матку клясці, што не далі замуж пайсці! Жаніх бо які: што ўродай, што славай, што красой, што справай!..

— Наша таксама — дзякуй Богу! — уступіўся за Ганну бацька.

— І старанная, і разумная, і слухмяная, — адразу падтрымала. яго мачыха. — І з твару — другую такую пашукаць! Хай хоць хто скажа: нічым не абдзяліў Божа!

— А Яўхім — хіба, сказаць, не першы хлопец на ўсе Курані? І да ўсяго — дастатак! Пойдзе каторая — не нахваліцца на долю, і паесць, і пап'е ўволю!

— Наша, канешне, не багатая… — адгукнуўся быў бацька, але мачыха не дала яму дагаварыць, кінулася сама ў наступ:

— Небагатая, затое — з рукамі! Лішнім ротам не будзе! Як каторая з поўнай скрыняй! І зварыць, і спячэ, і сарочку чалавеку пашые! І свінча, і дзіця дагледзіць! Вішчаць ад голаду не будуць!..

— Дай Бог, бо ў нашага купца — дабра без канца! І свінні, і парасяты, і авечкі, і ягняты, і гумно, і клець — абы паспець!..

— Чаго тут мянціць попусту! — уступіў стары Глушак, нецярпліва, скрыпуча. — Знаем усё, і мы, і яны, — не далёкія… Адным словам — пірог бярэце?

Стары павёў акулярамі на мачыху, на бацьку, Ганны не запытаўся.

Мачыха памаўчала для прыліку трохі, як бы разважаючы.

— Ды мы што ж?.. Мы не супроціў, калі яно ўжэ на тое… Ганначко, пакланіся ўжэ сватам, вазьмі пірага…

4

Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі. За шыбамі вокан, плюшчачы насы, ціснуліся дзеці, туліліся цікаўныя дарослыя. Ганна раз-пораз азіралася на іх. Ёй было не ў ахвоту гэтае, здавалася, доўгае гулянне, яна мімаволі чакала, калі ўсё гэта скончыцца, увесь гэты невясёлы, цягучы тлум.

Калі ў хаце нарэшце стала цішэй і шырэй і засталіся толькі сваты і бацькі, пачалі дамаўляцца, цераз які час гуляць вяселле. Ганнін бацька казаў не спяшацца, прасіў адкласці тыдні на два-тры, а сваты Глушакоў даводзілі, што "адклад не ідзе ў лад", дабіваліся, каб зрабіць вяселле адразу, у наступную нядзелю. Стары Глушак пры гэтым амаль увесь час маўчаў — ён таксама быў за тое, каб не спяшацца асабліва, але нічым не паказваў Чарнушкам сваю волю: гуляць вяселле не адкладваючы настойваў Яўхім.