— Багацей, тым часам, ведамо… — прамовіў дзед Дзяніс у цішыні.
— Нагаварылі на яе ўсё тое, што дамогся Яўхім!.. — як бы падумала маці. — Казала я: не такая яна, штоб дапусціць!.. Не було нічога! Бо кеб дамогся, не пайшоў бы кланяцца, у сваты. Да бяднячкі…
Васіль стараўся не слухаць: не хацеў нічога чуць пра Ганну. Кожнае слова пра яе кранала, вярэдзіла штосьці вельмі чулае ў ім, вельмі балючае. Ледзь стрымліваўся: і ахвота ж гаварыць пра яе, — калі ўсё ні да чаго! Не дапусціла, не дамогся! Як бы і сам ён не знае!..
— Такая нявестка була б! — уздыхнула маці. — Лепшай, здаецца, кеб цэлы свет абгледзеў, не знайшоў бы!..
— Ну, хопіць! Ну, чаго тут!.. — Васіль кінуў лыжку, ускочыў. — От бо, не хапало шчэ!..
— І праўда, Алена! Хлопцу і так маркота!..
Васіль не даслухаў дзедавых слоў, выбег на ганак. Але стаяць на ганку, на двары, дзе сама цішыня вечара, змрок напаміналі Ганну, цяпло спатканняў, было яшчэ горш. Каб не сумаваць, адагнаць палючую жальбу, ён стаў тупаць па двары, выдумляць справы. Зайшоў у хлеў, у якім без каня, што яшчэ пасвіўся на ўзболатку, было нудна і пуста, кінуў у куток сена, падаўся ў павець, перавесіў з кручка на кручок дугу, стаў корпацца з калёсамі. Рабіў, аднак, усё як у сне, усё было нецікавае. У галаву неадчэпна лезлі, пяклі душу згадкі, думкі, развагі — усё пра адно, пра Ганну, пра змовіны.
"Багацей, ведамо!.." — успаміналіся яму словы дзеда пра Яўхіма. І думкі крыўдна згаджаліся, дадавалі: — Дзеўкі кажная на багацце хіліцца! Думае, што дзе багацце, там лёгко будзе жыць!.. Думае, як Корч багаты, дак і ўсё, прыпяваючы, думае, жыць будзе! Аге! — спрачаўся Васіль у думках так, нібы Ганна была перад ім. — Вельмі надзейся! Дужа ты ў Карчоў разжывешся!.. Пажывеш з імі, пабачыш, што за Карчы такія! Якое шчасце сабе выбрала! Смяяцца весела ўмела, плакаць навучышся! Паплачаш горко, як нагаруешся! А што нагаруешся, дак нагаруешся, ето загадзя сказаць можно! Дабра не чакай! Усе Карчы такія!.."
Але як ні чарніў Карчоў, не першы раз ужо расла, гарэла ў ім пераплеценая са злосцю важкая зайздрасць: усюды першыя, усё лепшае ім!.. Багацеі!..
"Ну, і няхай з Карчом яна!.. Няхай карчоўская будзе!.. — стараўся супакоіцца Васіль. — Усё адно яна мне не пара!.. Толькі і дабра таго, што як прытулішся, бувало, сэрца соладко ные і гатоў на ўсё забыцца!.. А хіба ж, будучы сам-насам, цвярозы, не думаў я, што не пара яна, што толку з яе мало? Хіба ж не думаў, што лепей бы да багацейшай якой! Толькі сілы, кеб адарвацца, не було. Як прываражыла, як бы зеллем апаіла якім!.. А цяпер от — само павярнулася як трэба. Нібы Бог памагці захацеў… Само зрабілася як трэба, дзякуваць Богу!.."
Усё, чым ён жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Думкі перабівалі адна адну, спрачаліся, жаданні таксама змяняліся непаслядоўна, супярэчліва, учынкі не хацелі слухацца разваг. У той самы час, калі ён ужо амаль пераканаў сябе, што шкадаваць аб Ганне няма чаго, што трэба толькі дзякаваць Богу за тое, што так разумна зрабілася, Васіль, сам не ведаючы, чаму і як, забрыў к Чарнушкаваму селішчу, к таму плоту, дзе столькі вечароў і начэй стаяў, мілаваўся з Ганнай. Як ні гнаў, не адыходзіла неадольная заваблівая надзея: а можа, яна там, чакае?..
Але яе не было. Ля знаёмага плота, здалося, было так пуста і так сумна, што крыўда і гора ўмомант затапілі ўсе развагі. Ён аж разгубіўся ад наплыву гэтых бязлітасных, пякучых, бясконцых і бязмерных крыўды і гора.
Іх ён і панёс з сабою ад плота, той сцежкаю, якой столькі разоў насіў радасць. Ніколі яшчэ не чуў ён сябе такім няшчасным — ні тады, калі раўнаваў Ганну да Яўхіма, ні тады, калі паверыў у плётку пра яе. Тады ён мог ненавідзець яе, пагарджаць ёю, — цяпер было яму толькі шкадаваць!
Цяпер яго пякла не плётка. У яго не было нават надзеі, што ўсё гэта няпраўда. Змовіны былі. Яна — чужая. Усё кончана!..
Калі наплыў гора апаў, прыціх, ён, як бы шукаючы прасветліны, стараючыся стаць мацней на зямлі, пачаў думаць аб дарагім, запаветным. Не, не ўсё яшчэ кончана! Усё яшчэ будзе!.. Пачакайце, прыйдзе час — пабачыце, хто такі ён, Дзяцел Васіль! Пабачыце, усе пабачыце! Будзе гэта! Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце!.. Гумно снапамі наб'е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!.. Толькі б перадзел зрабілі! Каб зямлі, каторая ля цагельні!.. Тады — усе пабачаць Васіля! І яна, Ганна, пабачыць!
Але добры строй гэтых думак зноў і зноў ірваўся, раўнівая памяць калола, пякла: "Карчова нявеста!.. Змовіны адгулялі!.. Вяселле скора!.."
Ці хадзіў, ці стаяў каля ганка, ці ляжаў у хаце, злыя думкі, не зважаючы ні на што, лезлі ў душу, тачылі: "Жонка будзе!.. Карчова жонка!.."