Выбрать главу

— Ну, дак і купім яго. І к Годлі занясем пашыць!.. От толькі картоплі б прадаць ды на кірмаш з'ездзіць. Кеб капейка була.

Гэтым спрэчка пра кофту і скончылася.

2

Праз дзень Чарнушка завёз воз бульбы аж за Прыпяць, у Нароўлю, а ў нядзелю стаў выпраўляцца ўжо ў Юравічы, на кірмаш.

Ён устаў яшчэ да ўсходу позняга ў гэту пару сонца, запрог каля павеці каня, вынес адну за адною дзве звязаныя авечкі, прывязаў у задку воза да ручак. Калі пад'ехаў да хаты, жонка пачала з Ганнай зносіць і ладаваць у возе тое, што было падрыхтавана на кірмаш. Нізкі сушаных грыбоў, уюны, густа начапляныя на дубцы, лутавая каробачка з сухімі чарніцамі, гаршчок з маслам — усё клалі ў сена, загортвалі, рыхтавалі к дарозе.

Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку.

— Ну, от можно і выпраўляцца, — сказаў бацька і стаў адвязваць лейцы.

Мачыха павярнулася к Хведзьку, які хмурна сачыў з ганка за ладункам к дарозе, — яго не хацелі браць, пакідалі дома аднаго, за вартаўніка і гаспадара:

— Дак глядзі ж, кеб з хаты нікуды! І ў хату нікога чужога — зачыніся і не пускай! І — барані Бог з вугольчыкамі балувацца!

— Не б-буду!.. — Хведзька ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

— Дазнаюся, дабра не чакай! Шкуру спушчу!.. — Мачыха загадала напаследак: — Ідзі ў хату і зачыніся!

Хведзька неахвотна, расчаравана падаўся ў сенцы…

Ехалі ўтраіх: ззаду на коўдры бацька і мачыха, спераду, звесіўшы ногі цераз драбінку, Ганна. Конь цераз сяло бег трушком, парыпваў гужамі, калёсы часта і дробна сакаталі на мёрзлай зямлі. На вуліцы было цёмна, толькі дзе-нідзе цьмяна, варухліва выглядвалі вокны. Гэта былі водсветы ад агню ў печах. За сялом абхапіў іх з усіх бакоў адзін змрок; цёмная дарога, цёмнае поле, чорныя паскі лесу, якія каля балота падышлі ўсутыч, сціснулі з двух бакоў і не выпускалі да самых Алешнікаў.

Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй перабраліся без асаблівага страху. На алешніцкім полі змрок стаў паволі радзець, адыходзіць, а калі выбраліся на шлях, пакацілі між радоў згалелых рослых бяроз, няяркае і негарачае сонца зачырванела ўжо ў дымным, як бы туманным небе.

— Базар, мабуць, будзе непаганы… — прамовіў бацька, бачачы, што калёсы на Юравічы цягнуцца і наперадзе і ззаду.

— Паганы ці непаганы — будзе відно, калі паедзем дадому, — асцярожна зазначыла жонка.

Неўзабаве ўехалі ў лес, невялічкі і голы, але цудоўна прыгожы нават у гэтую пару: нібы спрачаючыся адзін з адным, уздымалі высока ў неба, магутна раскідвалі ў бакі крывое голле асілкі-дубы і вязы.

— Унь там наша поле було. За Перавельскімі кругамі, — сказала мачыха.

Ад лесу пачыналася ўжо глінішчанскае поле.

— Зямля тут, мабуць, не тое што ў нас…

— Параўняў! Такой у Куранях і каля цагельні няма!

Ганна бачыла, што ў лесе там і тут тырчалі шырокія жылістыя пні, круглыя вярхі якіх былі чорныя, шэрыя, белаватыя і зусім белыя, свежыя, — і ёй стала шкада: столькі тут высечана ўжо гэтых дубоў і вязаў. Лес быў рэдкі — між дрэваў за недалёкім узлескам добра віднелася куп'істае балота.

За ляском зноў ціха, задуменна шумелі бясконцыя рады бяроз, тужліва, загадкава гаманілі правады. Яны гулі ўвесь час — і калі збоку адыходзіла дарога на Глінішчы, і калі мяняліся вузенькія, шэрыя, дзе-нідзе весела падзелянёныя рунню палоскі. Мусіць, ад гэтай загадкавасці і тужлівасці гулу правадоў Ганне рабілася таксама тужліва, станавілася шкада чагосьці вельмі добрага, дарагога, што, здавалася, назаўжды адыходзіла з дарогай.

Калі праехалі рудую грэбельку над вадавіцкім балотам, шлях пачаў паволі ўздымацца, і неўзабаве не так ужо і далёка забялела юравіцкая цэркаўка. Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую, бесклапотную згадку пра маленства. Даўно-даўно, дробненькай дзяўчынкаю ўбачыла яе ўпершыню — убачыла быццам незвычайнае, недасяжнае, дзівоснае. І з той пары, хоць ужо вырасла, пасталела, кожны раз, як убачыць зноў, той дзіўна чулы ўспамін нібы зноў вяртае чароўнасць маленства. Тады, першы раз, таксама ехалі на кірмаш. Які цудоўны быў ён ёй, той кірмаш! Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся, што конь не панёс, вір столькіх людзей на плошчы, салодкая боязь застацца адной без бацькоў, згубіцца. А вакол цуды цудныя: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, каснікі, белыя-прабелыя булкі, пернікі, абаранкі. Адзін абаранак прынёс ёй бацька — яна толькі трошкі паспытала і схавала за пазуху: шкада было адразу застацца без такога дзіва!..