Царква ўсё набліжалася. Вось падышла ўжо горка-гарбок, курган з бурай някошанай травой і маладымі дубкамі. Бацька, праязджаючы паўз курган, як і раней кожны раз, казаў:
— Разбойнік ляжыць… Асілак. Першы на ўвесь свет буў, казалі… Людзей перавёў — мільён!..
Мачыха трывожна перахрысцілася. У дарозе, далёка ад дому, яна заўсёды прыкметна гублялася, мякчэла і ціха, лёгка прызнавала бацькаву сілу і ўладу.
За курганам, за полем, перарэзаным крывымі маршчынамі яроў, абчэпленым там і тут кучарамі кустоў, купкамі дрэваў, узвышша, адчувалася, спадала ў нявідную шырозную лагчыну. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Ганна стала ўзірацца ў сіняватую смугу перад градою, выглядваць жаданую ясную паску, якая іншы раз на момант выблісквала з-за ўзвышша. Яна ўбачыла гэты цуд у той далёкі дзень, калі першы раз ехала тут. "Што ето?" — здзіўлена шмарганула яна бацьку за рукаў. Бацька абыякава павёў позіркам: "А, рэчка… Прыпяць…" Ганна аж ускочыла: "Прыпяць?" Прыпяць — рака-казка, легенда! Яна той раз і засталася легендаю, загадкавая Прыпяць, — бліснула на міг прамяністаю паскай і знікла, колькі ні ўглядалася Ганна, не паказалася зноў… Як тады, Ганне цяпер захацелася зноў убачыць знаёмую вясёлую паску, але ракі не было відаць: затуманеная далеч хавала яе.
Каля царквы бацька суняў каня, і ўсе злезлі з воза. Пачынаўся той самы, калісьці такі страшны, спуск у мястэчка.
Як заўсёды, бацька адчапіў вяроўку з задка калёс, прывязаў кола за спіцу да галавашкі, каб яно не круцілася. Беручы каня за аброць, загадаў жанчынам:
— Паддзержувайце калёсы!
Ён пайшоў наперадзе, трымаючы закілзанага каня за аброць так, што конь як мог задзіраў галаву, шчэрыўся жоўтымі зубамі і аж прысядаў на заднія ногі, прыпыняючы калёсы, што наязджалі на яго. Дарога была мёрзлая, гліняная са жвірам, і нерухомы жалезны вобад кола, які цёрся аб яе, аж вішчаў. Ён пакідаў за сабой роўную бліскучую стужку з белымі меткамі на каменьчыках.
— Чш! Тпру! Тпру-у… — супакойваў бацька каня.
Што гэта была за дарога — незвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! Паволі паварочваючы, яна ішла ўніз і ўніз, абрэзаная з бакоў двума глыбокімі раўчукамі, па якіх дажджлівымі днямі раўлі патокі вады. Разам з тым як дарога спадала глыбей і глыбей, абапал яе раслі і раслі горы з размытымі дажджом берагамі, з дрэвамі, што віслі, выстаўляючы карэнне. Уздымаючыся, горы ўсё больш і больш затулялі неба, здавалася, падпіралі яго — і кусты, і дрэвы, што раскідвалі галіны свае, як крылы, як бы збіраючыся паляцець, былі ўжо не на зямлі, а на небе.
Над самай высокай стромай гары тырчаў з пяску вялікі аблізаны камень, гатовы кожны момант рынуцца ўніз, і Ганне стала жудасна: а што, калі ён цяпер?
Але камень і на гэты раз не зваліўся. Як толькі праехалі пад ім, выглянула ў росступе гор крывая чарада местачковых хат, што сыходзілі з прыгорка, абступалі вуліцу. Дапаўшы да раўнейшага месца, непадалёк ад драўлянага дома на два паверхі, у якім была "воласць", бацька зноў спыніў каня, адвязаў кола, і далей паехалі ўжо на возе, з выгляду строгія, важныя, а ў душы нясмелыя, занепакоеныя: не сваё сяло, горад вялікі, чужына. Як і належыць, каня бацька сцебануў, пагнаў трушком, — уз'ехаўшы на брук галоўнай вуліцы, калёсы пакаціліся са страшэнным грукатам і ляскатам, пакуль не ўткнуліся ў чаргу вазоў, што цягнуліся к рыначнай плошчы.
На плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі — крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і кааперацыі, было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людскім возеры, здавалася, танулі, паказваючы адно дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы. Чарнушкі ўехалі ў гэтую мітусню, як у неспакойнае, шырокае разводдзе.
Справа, злева, наперадзе іх былі цяпер людзі, людзі — маладыя, пажылыя, зусім старыя, жанчыны і мужчыны — адусюль абкружалі іх світы, кажухі, каптаны, шапкі, апаноўваў шматгалосы гоман, бэльканне авечак, парасячы віск. Чарнушка, узняўшыся на коленцы, выгледзеўшы вольнае, зручнае месца, пакрыкваючы на тых, хто лез пад каня, стаў паволі праціскацца з Ганнай, з мачыхай, з авечкамі, з усім сваім скарбам на возе да прыпынку.
3
Калі воз спыніўся, мачыха сказала, што стаяць тут нядобра: не на віду, сюды мала хто і падыдзе, але Чарнушка заявіў на гэта:
— Каму трэба, той і ў чорта за пазухай знойдзе, — і, не раздумваючы, пачаў распрагаць каня.
— От, скажы ты, саранча-людзі! — не стала спрачацца, мірна паскардзілася мачыха. — Усюды захопяць дзе лепей! Ніколі не ўправішся за імі!