Выбрать главу

Яна зірнула на авечак — тыя ціха ляжалі сабе ў задку воза, ужо даўно звыкшыся з прывязкаю, страціўшы якую-небудзь надзею вырвацца на волю, — толькі вушамі ўздрыгвалі пры блізкіх воклічах.

— Вукапай усё, што ў сене, да раскладзі на коўдры!.. — сказала мачыха Ганне, абтрэсваючы з андарака травінкі. — А я пайду, колькі што каштуе, дазнаюся…

Пакуль Ганна ладавала на коўдры гаршчок з маслам, нізкі грыбоў, сушаныя ўюны, мачыха вярнулася расчараваная:

— Дзешаво ўсё, дзешаво!.. Дарам, можна сказаць, хочуць!..

Нейкі час усе ўтраіх стаялі моўчкі, сачылі за тымі, хто падыходзіў блізка, глядзеў на іх дабро. Сачылі па-рознаму: Ганна амаль абыякава, сумна-затоена; бацька спакойна, час ад часу папраўляючы сена, якое цягнуў мяккімі губамі конь; мачыха ж проста лавіла позіркі, нецярпліва маліла — вось гэты, вось гэты. Але, як на злосць, падышоўшы, амаль ніхто нават не пытаўся пра цану — прабяжыць вачыма па коўдры і адыдзе, як бы багацей які, як бы яму нічога не трэба. А калі запытаецца, то толькі так, для прыліку, бо сам нават не прыгледзіцца добра, а кідае позіркам ужо далей.

— От табе і добры базар! — не ўтрывала мачыха.

Яна, каб не тырчаць попусту, стала прыбіраць каля авечак.

— Ето шчэ не базар, — пераканана прамовіў Чарнушка. — Базар шчэ будзе!.. Купцы самыя шчэ чай дома п'юць…

Народу, і праўда, прыбывала: плошча запаўнялася вазамі, людзьмі ўсё гусцей і гусцей, станавілася ўсё цясней, рос шум, гоман, крыкі. Зусім блізка, каля суседняга воза, сталі таргаваць карову — жанчына, завязаная зрэбным шмаццём замест хусткі, і мужчына ў абношанай, абадранай свіце, напэўна, муж і жонка. Нясмела, неяк падазрона аглядвалі, абгладжвалі, мацалі рудую "рагулю", недаверліва слухалі другіх жанчыну і мужчыну, якія расхвальвалі свой скарб. Хваленне гэтае, было відаць, не толькі не ўлагоджвала "купцоў", але нават павялічвала іх недавер'е — яны слухалі і прыглядваліся да каровы ўсё з большай падазронасцю, а неўзабаве адступілі і зусім, пабраліся між людзей, пра нешта шэпчучыся…

Неўзабаве яны, з той жа недаверлівасцю, прыдзірлівасцю, разглядвалі, мацалі другую карову. "Купцоў" снавала ўсё больш і больш — шукалі, пыталіся, таргаваліся, ішлі далей — руху, гоману было хоць адбаўляй, але гандаль ішоў вельмі скупа, ва ўсякім разе, тут, дзе стаялі Чарнушкі са сваім возам. Усе прыглядаліся, пыталіся, і амаль ніхто не купляў. Ні Ганну, ні бацьку яе такое становішча ніколькі не здзіўляла — яны былі самі такія ж, як людзі, што снавалі перад імі, — някідкія, разважлівыя палешукі, ледзь не кожны з якіх сто разоў прыцэніцца, перш чым купіць. І чаго тут было здзіўляцца, калі прадаўцоў так многа, а грошай у "купцоў" лічаныя капейкі…

Не здзіўлялася і мачыха, толькі ж вельмі сумна было стаяць ёй ды чакаць попусту. І, нудзячыся, пакутуючы, злуючыся, яна як бы не магла ўжо бачыць, што чакае попусту, марнее не адна, што так жа марнеюць амаль усе. Бачыла добра яна толькі воз, які, нібы знарок, тырчаў перад вачыма і на якім завабліва чырванелі гаршкі, макатры, міскі — ёй так трэба добры гаршчок і хоць бы дзве міскі! Трэба, а купіць не купіш! Не бяруць нічога!

— Пакуль тут прадасі што-небудзь, ніводнаго не застанецца!

Трэба ж такое: там, як на ліха, ціснуцца жанкі, круцяць перад ёй недаступную чырвань гаршкоў, быццам дражняць.

— Застануцца! — абыякава сказаў Чарнушка. — Не етыя, дак другія!

Мачыха не магла ўтрымацца:

— Швэндаюцца, швэндаюцца — разявы! Толькі з панталыку збіваюць другіх! Тут хіба дабрацца з-за іх купцу!..

— Дабярэцца, калі паявіцца…

— Дабярэцца! Аге!..

Мачыха не верыла. Не верыла яна і тады, калі "купец" гэты нарэшце падышоў, хоць чула, што ён не разявака, што пытаецца, пачым уюны, не так сабе, купіць хоча. Яна ведала: уюноў блізка не прадаюць, заламала — паўрубля за нізку. "Купец" здзівіўся:

— Паўрубля?!

— А што ж? Дораго, можа?! — Яна прамовіла так, нібы гаварыла, — ды ці павернецца язык у каго-небудзь сказаць такое, — а сама са страхам сачыла, ці хоць не напалохаўся, не збіраецца адступіцца. Стараючыся не выпусціць, заспяшалася мякка і лагодна: — Вы ж паглядзіце, колькі іх тут, у адной нізцы! Бачыце, колькі! Я і палічыць не палічу! Столькі за цэлы дзень не набярэш! Яны ж, як забярэцца ў твань каторы, капай, капай, пакуль вукапаеш!.. Тут жа мяса таго — толькі што яны сушаныя! А мяса якое — ето не якая там смярдзючая рыба! Уюн!

— Уюн-то ўюн… — "Купец" яўна збіраўся адыходзіць.

Мачыха бачыла гэта: надзея гатова была вось-вось прапасці. Чарнушчыха з адчаем падалася да "купца":