Выбрать главу

— Ну, добра! Дораго! А вы скажыце сваю цану!

— Па дзевятнаццаць…

— Па дзевятнаццаць?! Дык ето ж!.. Я ж вам і так, можно сказаць, за нішто аддавала! — Мачысе зноў трапіўся на вочы воз з гаршкамі. — Ну, няхай! Бярыце!.. Колькі штук?

Ён браў усе дзесяць нізак: хопіць, мабыць, і на гаршчок, і на дзве міскі! Павінна хапіць!

— Ешце на здароўе!

Ледзь чалавек адышоў, затульваючы нізкі рукавом паліто, мачыха, сціснуўшы грошы ў кулаку, хутчэй заспяшалася да воза з гаршкамі і міскамі. Яшчэ, здаецца, не позна, не ўсё прададзена. Толькі хутчэй трэба, ужо зусім мала астаецца! А жанчыны ідуць і ідуць!..

Яна вярнулася назад паспакайнелая, шчаслівая.

— От, прыдбала! — Мачыха пазваніла па гаршку сухімі костачкамі пальцаў, паслухала. — Гамоняць, як званы! Посуд дабрэнны, толькі што — дарагавізна!..

Абгарнуўшы міскі і гаршчок сенам, укладвала іх у возе так, каб, барані Бог, не разбіліся ці каб не ўкраў які-небудзь лайдак-злодзей, якіх тут бадзяецца процьма. Калі зноў пачала выглядваць "купцоў", заўважыла неспадзявана — у натоўпе паявіўся Яўхім. Ён ішоў з Ларывонам, павольна, штурхаючыся, з папяроскай на губе, паглядваў на ўсіх з задаволенай і задзірлівай усмешачкай — эх вы, людзі, мурашкі мітуслівыя, драбяза!

"П'яны? Ці так проста схмялеў? Малады, багаты… Удалы… Усё ўдаецца, абы захацеў… Зачапіць, мабуць, хочацца каго-небудзь, кеб паказаць… які ён?" Мачыха замахала яму рукой:

— Яўхімко-о!

Ён заўважыў Чарнушкаў, пайшоў да іх.

— Ну, як торг? — голасна, зухавата запытаўся Яўхім, акідваючы позіркам тое, што ляжала на возе. — Э, ды вы тут з авечкамі, няўрокам, баіцеся разлучыцца? — Ён зарагатаў.

— Не бяруць авечак, грэц яго, — спакойна сказаў Чарнушка.

— І не глядзяць, Яўхімко!..

— А мы думалі, што разлучыцца баіцеся! — падтрымаў Яўхіма Ларывон. Ён як бы чакаў, што і Ганна засмяецца на жарт, але ў той нават кончыкі губ не варухнуліся.

Яўхім стрымаў рогат. Глядзеў усё ж весела.

— Дак, кажаце, авечкі прадаяце? Дак чаго ж іх не купляюць? Купцоў — унь колькі!

— Ат! Купцы — сказаў!.. Разявакі ето, Яўхімко, а не купцы!

— Е разявакі. А е — і купцы! Трэба толькі ўмець знайсці іх! Ды зачапіць на кручок!

— Зачэпіш іх!

Яўхім раптам адарваў прыклееную цыгарку, кінуў пад ногі, рашуча сказаў прыяцелю:

— Ларывон, трэба купцоў знайсці на авечак!

— Ну, калі трэба, дак…

— Хадзем!

Зірнуўшы на Ганну, Яўхім спрытна павярнуўся і ўрэзаўся ў натоўп. Каршуковым позіркам азірнуўся, пашукаў, — штурхаючыся, адціскаючы ўбок тых, хто трапляўся на дарозе, рушыў з Ларывонам, які верна дыбаў услед, у мітусню між вазоў. На іх адварочваліся, лаялі іх, а яны і не азіраліся — вось прысталі да адной групкі людзей, паслухалі, да другой прыблізіліся…

Вярнуліся з гарадскім чалавекам у кароткай паддзёвачцы з заечым каўняром і ў пальчатках — спачатку ўдваіх: "купец" і Ларывон. Яўхім падышоў толькі пасля таго, як чалавек паглядзеў авечак і стаў прыцэньвацца. Падышоў, нібы незнаёмы, падміргнуўшы Чарнушкам, каб маўчалі, сур'ёзна, голасна запытаўся:

— Чые авечкі?

Ларывон адказаў:

— Ды тут ужэ е купец…

Яўхім грубавата штурхнуў чалавека, як бы адціскаючы яго:

— Мало што е! Мы паглядзім шчэ, хто лепшы купец!.. — Ён зірнуў на Чарнушку. — Вашы авечкі?

— Мае.

— Не лезь! — як бы зазлаваў Ларывон. — Тут ужэ е купец! Ён першы прыйшоў! Яго чарга — першая! Не сунься, чуеш! Не замінай!

— Першы — ды горшы! Ён год таргавацца будзе! — Яўхім, здавалася, хацеў што б ні было перахапіць авечак.

Ён нават палез рукой пад паддзёўку, як бы хочучы дастаць грошы. Але калі скоса зірнуў на "купца", убачыў расчаравана — той і не думаў хапацца браць авечак! Аддаваў сваё права Яўхіму не спрачаючыся, нават ахвотна! "Не зачапілі!" — падумаў Яўхім.

Не ўдалася гэтая выдумка і з другім "купцом", якога прывёў Ларывон, і толькі трэці — задзірысты кірпаносы вясковы хлопец у расшпіленым шынялі, — калі Яўхім нахабна ўлез у яго гаворку з Чарнушкам, абурана загарэўся:

— Авечак я напытаў!

— Мало што напытаў! Напытаў — не купіў… — Яўхім палез к Чарнушку. — Пачым прадаяце?

Хлопец, раззлаваны, адрэзаў:

— Я бяру авечак!

Ён ашалела выхапіў з кішэні гімнасцёркі кашалёк, стаў адлічваць акуратна згорнутыя рублі, важкія медзякі. Рукі яго, з крывымі, неспакойнымі пальцамі, непаслухмяна дрыжалі…

— Эх, дзешаво прадалі! — "пашкадаваў" Яўхім уголас. — Я болей даў бы!

Ён падміргнуў Ганне, якая сачыла за ўсім дзіўна сумна, і адышоў, быццам бы незадаволены. Аднак, як толькі хлопец у шынялі, ведучы ўжо сваіх авечак, адышоў ад Чарнушкі, ён вярнуўся да воза, гарэзна, голасна зарагатаў.